viasna on patreon

Прызначаная чарговая праверка дзеянняў АМАПа пры жорсткім затрыманні Дзмітрыя Серады

2017 2017-03-31T16:42:26+0300 2017-03-31T16:44:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitry_serada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

У дачыненні да дзеянняў супрацоўнікаў АМАПа, якія жорстка затрымалі мінскага ўрача Дзмітрыя Сераду ў жніўні мінулага года, прызначаная чарговая праверка. Пра гэта сказана ў адказе з пракуратуры Мінска на яго скаргу, датаваным 23 сакавіка. Копію адказу за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства УСК па Мінску Алега Кандарэвіча Серада змясціў у "Фэйсбуку", паведамляе БелаПАН.

"Па выніках вывучэння [матэрыялаў праверкі] пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, вынесеная 06.02.2017 у сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі, адменена. Матэрыялы накіраваны ва УСК Рэспублікі Беларусь па г. Мінску для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі", — адзначаецца ў адказе.

Нашумелы інцыдэнт адбыўся 4 жніўня 2016 года. Каля 8 гадзін у кватэру ўрача ўварваліся невядомыя ў масках. Без званкоў і тлумачэнняў яны пачалі выбіваць уваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконнай дзверы на кухні. Дзмітрый Серада беспаспяхова спрабаваў даведацца, што за людзі штурмуюць яго кватэру і чаму. Невядомыя паклалі гаспадара тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну і надзелі наручнікі. Толькі пасля гэтага хтосьці з невядомых паведаміў цяжарнай жонцы Серады, што яны з міліцыі, і адвёў жанчыну з дзіцем у іншы пакой. Пры затрыманні ўрач быў збіты.

Пазней высветлілася, што мужчыну падазравалі ў эксгібіцыянізме. Праз суткі яго вызвалілі, прызнаўшы, што ён не мае дачынення да інцыдэнту, паколькі пацярпелая і сведка не апазналі ў ім злачынца. Сам Серада расказаў, што ў дзень злачынства, у якім яго абвінавачваюць, быў з сябрамі на рыбалцы за 80 км ад Мінска.

Па факце затрымання Серады Следчы камітэт правёў праверку, па выніках якой у распачынанні крымінальнай справы было адмоўлена, а цялесныя пашкоджанні, нанесеныя мужчыну, прызнаныя "недакладнымі". Пасля паўторнай скаргі ў СК урача ў распачынанні крымінальнай справы зноў было адмоўлена, і Дзмітрый Серада звярнуўся ў пракуратуру Мінска.

9 студзеня сталічная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі па ч. 1 арт. 426 КК (наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што мела вынікам прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў)). Аднак, як вынікае з новай пастановы УСК, ужо 18 студзеня намеснік генпракурора Генадзь Дыско адмяніў гэтае рашэнне.

21 студзеня начальнік аддзела сталічнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства УСК па Мінску вынес рашэнне аб адмене пастановы аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы і накіраванні матэрыялаў для дадатковай праверкі і ўстанаўлення тэрмінаў яе правядзення.

Па выніках праверкі прынята пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы "за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства