«Чарнобыльскі шлях-2017»: маршрут, планы, лозунгі Відэа
Увечары 26 красавіка ў Менску пройдуць дзьве акцыі на 31-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Абедзьве — шэсьце ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы і мітынг у Кіеўскім скверы — санкцыянаваныя ўладамі.
Пра планы арганізатараў напярэдадні даведалася “Свабода”.
Збор на «Чарнобыльскі шлях» абвешчаны а 18:00 каля кінатэатру “Кастрычнік”, што ля станцыі мэтро «Акадэмія навук». Там мае адбыцца непрацяглы мітынг, пасьля якога пачнецца шэсьце вуліцаю Сурганава да Чарнобыльскай капліцы, што на скрыжаваньні Арлоўскай і Карастаянавай.
У аргкамітэце акцыі — прадстаўнікі партыяў АГП, БНФ і «Зялёныя», БХД, рухаў «За свабоду» і «Разам», кампаніі «Гавары праўду».
«Папярэдне мы плянуем, што будуць выступы ля кінатэатру “Кастрычнік”, прыняцьце там рэзалюцыі, потым шэсьце па вуліцы Сурганава, — распавядае Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі, прэс-сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. — Акцыя дазволеная, таму спадзяёмся, што ніякіх перашкодаў і правакацыяў ня будзе. Каля капліцы праваахоўныя органы выставяць ачапленьне, яны не пагадзіліся яго прыбраць. Улічваючы досьвед папярэдніх акцыяў, цалкам разумеем людзей, якія не захочуць пайсьці ў гэты загон. Каля капліцы арганізатары проста ўскладуць кветкі і запаляць зьнічкі.
Пасьля будзе прапанавана ўсім ахвочым у індывідуальным парадку прайсьці да Кіеўскага сквэру, дзе будзе адбывацца дазволены мітынг КХП БНФ».
Гаворка ідзе пра мітынг у Кіеўскім сквэры, які ад 18 да 20-й гадзіны ладзіць КХП БНФ — іхная заяўка была задаволеная ўпершыню за некалькі гадоў. Арганізатары акцыі заявілі, што ўдзел у мітынгу прымуць «да 500 чалавек».
«Пляны не мяняюцца, з 18 да 20 — мітынг каля кінатэатру "Кіеў". Мы чакаем нашых калегаў, якія будуць ісьці шэсьцем ад Акадэміі навук, так і дамоўлена, дзейнасьць каардынуем, — кажа Свабодзе адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі. — Лёзунгі Чарнобылю і сацыяльныя, і эканамічныя. Там на месцы ўсё ўбачыце».
На «Чарнобыльскім шляху» арганізатары прапануюць уздымаць ня толькі лёзунгі, зьвязаныя з Чарнобылем, кажа Садоўскі:
«Аргкамітэтам прынятыя асноўныя лёзунгі: "Не — будаўніцтву Астравецкай АЭС" і "Не — Чарнобылю экалягічнаму і палітычнаму". Кожная арганізацыя і кожны ўдзельнік могуць гэтыя лёзунгі раскрываць, плянуецца падымаць як экалягічныя, так і сацыяльныя лёзунгі: напрыклад, супраць дэкрэту № 3 або за вызваленьне палітвязьняў — мы заклікаем, каб і яны прысутнічалі. Таксама будзе зачытаная дэклярацыя на экалягічныя і сацыяльна-палітычныя тэмы, чакаем прыняцьця яе ўдзельнікамі. Будзе чарнобыльская ікона, будзе звон, але заклікаем прыходзіць са сваімі плякатамі».
Дададзім, што назіральнікі ад “Грамадзянскага кантролю” будуць весьці маніторынг абедзьвюх акцыяў.