Беларусы супраць дыскрымінацыі роднай мовы на заканадаўчым узроўні
У інтэрнэце ідзе збор подпісаў за раўнапраўе беларускай і рускай моваў у заканадаўчых актах. Сабрана больш за 1000 подпісаў. Застаецца яшчэ тыдзень, каб падпісацца пад анлайн-петыцыяй.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, гэта калектыўны зварот, які мае юрыдычную сілу і будзе накіраваны чыноўнікам.
Ініцыятары стварэння петыцыі адзначаюць:
„У нашай краіне дзве раўнапраўныя дзяржаўныя мовы. Заканадаўства таксама павінна быць на дзвюх мовах. Гэта цалкам лагічна. На практыцы ж ёсць толькі рускія тэксты. Відавочна дыскрымінацыя беларускай мовы на заканадаўчым узроўні. Трэба гэта выправіць.
Прапануем:
1. Абавязаць заканадаўцаў ўсіх узроўняў распрацоўваць і прымаць усе нарматыўныя акты на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай. Без наяўнасці абодвух (рускага і беларускага) тэкстаў ні адзін нарматыўны акт прымацца не можа. У нас у краіне ДЗВЕ дзяржаўныя мовы.
2. Усе існуючыя законы і падзаконныя акты павінны быць перакладзены на беларускую мову. Пры гэтым статуты гэтых дакументаў павінны быць аднолькавымі.
3. Рускі тэкст закона або падзаконнага акта не павінен быць вызначальным – абодва тэксты павінны быць раўнапраўнымі. У спрэчных сітуацыях (а яны будуць) прыярытэт павінен быць у беларускага тэксту, бо першапачаткова дзяржаўнай была менавіта беларуская мова.”