Алесь Бяляцкі пра ўзнагароду Шуневіча: Палата прадстаўнікоў зблытала праваабаронцаў з праваахоўнікамі
Навіну пра ўзнагароджаньне міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча граматай Нацыянальнага сходу за дзейнасьць ва «ўмацаваньні правоў і свабодаў грамадзян» пракамэнтаваў Радыё "Свабода" старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
«Рэагую на гэта спакойна, бо Палата прадстаўнікоў, мабыць, мае права даваць нейкія ўзнагароды, але, вядома, гэтая навіна выклікае пачуцьцё пэўнай іроніі і жалю. Бо з аднаго боку відавочна, што міністар Шуневіч на працягу сваёй кар’еры не зьяўляецца ярым абаронцам правоў чалавека і ягоныя дзеяньні, ягоныя выказваньні, што былі ў прэсе, сьведчаць якраз пра іншае. Ягонае ўяўленьне аб правах чалавека вельмі далёкае ад міжнародных стандартаў і ўрэшце ад беларускай Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзка-палітычныя свабоды грамадзянам. Якія выказваньні я маю на ўвазе? Ды хаця б узяць ягоныя ацэнкі, датычныя мірных масавых выступленьняў. Яны сьведчаць, што ў галаве ў яго адны абавязкі беларускіх грамадзянаў перад уладамі і ніякіх правоў.
Масавыя лжывыя сьведчаньні міліцыянтаў у якасьці сьведак падчас судоў над грамадзкімі актывістамі гэтай вясной — гэта што, як не выкананьне імі тайнага загаду? Я не сумняваюся, што міністар як мінімум у курсе гэтых ілжэсьведчаньняў.
Наўрад ці міністар Шуневіч зьяўляецца годнай кандыдатурай для адзначэньня яго любой праваабарончай узнагародай. Гэта проста нейкая насьмешка і зьдзек.
Таксама трэба адзначыць жаданьне прыхаваць скандалы і парушэньні ў сыстэме Міністэрства ўнутраных спраў, якія мы бачылі цягам ужо і гэтага году. Не заўсёды рэакцыя на гэта Шуневіча была адпаведнай, а было жаданьне проста загрэбці пад кілім сьмецьце. Замест таго, каб вучыць супрацоўнікаў МУС павазе да правоў чалавека, кіраўніцтва міністэрства бароніць свой мундзір. Гэта тычыцца і катаваньняў грамадзянаў падчас затрыманьня і ў аддзяленьнях міліцыі, і непрапарцыйнае ўжываньне спэцсродкаў.
Відавочна, што стан асабовага складу міліцыі патрабуе адукацыі, асьветніцкіх мерапрыемстваў, дзе б ім тлумачылі правы беларускіх грамадзянаў і што яны ня маюць права заходзіць на гэтую тэрыторыю. Але гэтага не адбываецца, а ёсьць вузкі ведамасны падыход.
Асобна закрану тое, што тычыцца Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Гэтая структура таксама знаходзіцца ў падпарадкаваньні МУС і пэрманэнтныя парушэньні правоў вязьняў, якія адбываюцца ў месцах зьняволеньня, таксама ляжаць на сумленьні міністра ўнутраных спраў, бо непасрэдна Шуневіч зьяўляецца начальнікам беларускіх калёній і турмаў. Але ў вязьніцах паўсядзённа і паўсюдна парушаюць правы зьняволеных. На жаль, там таксама нічога не робіцца, каб захоўваць іхную годнасьць. Ніхто ня думае пра тое, што яны таксама зьяўляюцца людзьмі і маюць права на годнае абыходжаньне зь імі, на неўжываньне да іх катаваньняў, суб’ектыўных мераў пакараньня, якія б абмяжоўвалі іхныя правы.
Падсумоўваючы, адзначу, што Палата зрабіла самы недарэчны выбар, які толькі можна было зрабіць. Гэты выбар сьведчыць пра нізкі ўзровень разуменьня правоў і свабодаў чалавека самой Палатай. Верагодна, што яны зблыталі гэтыя два словы — праваабаронца і праваахоўнік — і вырашылі ўганараваць таго, хто насамрэч гэтага ніяк не заслугоўвае».