viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Цікаўнасць да нашай краіны ў Еўразвязе не змяншаецца

2017 2017-06-29T15:05:11+0300 2017-06-29T15:53:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brusel-sluhanni-bialiacki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Еўракамiсар па пытаннях еўрапейскай палiтыкi суседства Ёганэс Хан і старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі пад час сустрэчы ў Бруселі 28 чэрвеня 2017 г.

Еўракамiсар па пытаннях еўрапейскай палiтыкi суседства Ёганэс Хан і старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі пад час сустрэчы ў Бруселі 28 чэрвеня 2017 г.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі у складзе дэлегацыі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячоў прыняў удзел у мерапрыемствах, арганізаваных найбольшай фракцыяй Еўрапейскай народнай партыі у Еўрапейскім Парламенце.

У першы дзень візіту ў Брусэль, 27 чэрвеня, адбыліся слуханні па Беларусі на тэму «Беларускае грамадства: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасці?”, а таксама шэраг асобных сустрэч з еўрадэпутатамі.

З улікам падзеяў сёлетняй вясны, для абмеркавання магчымых зменаў у беларускім грамадстве і “садзейнічанню далейшаму фармаванню сучаснай палітычнай ідэнтычнасці, якая ўключае ў сябе вяршэнства права, актыўную грамадзянскую супольнасць і свабодныя выбары” еўрадэпутаты запрасілі ў Брусель лаўрэатку Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч, апазіцыйных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім і Ганну Канапацкую, медыяэкспертку і дырэктарку Інфармацыйнага бюро Салідарнасці з Беларуссю Юлію Слуцкую, сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і старшыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі, каментуючы падзею, адзначае рэальную, жывую цікавасць да беларускай дэлегацыі з боку еўрапейскіх парламентарыяў:

“Еўрапейская супольнасць бачыць у нас, у беларусах, унікальны народ, які мае свае глыбокія еўрапейскія традыцыі і мае права на еўрапейскую будучыню. Важна, што нас успрымаюць такімі, якімі мы ёсць. Зразумела, што ў Еўразвязе ёсць пэўныя правілы паводзінаў, якія базуюцца на еўрапейскіх каштоўнасцях і датычныя найперш універсальнасці правоў чалавека. Ад многіх прадстаўнікоў Еўрапейскага парламента мы пачулі вельмі цёплыя словы ў адносінах да беларусаў і адназначнае палітычнае жаданне бачыць нас роўнымі у сям’і еўрапейскіх народаў. Асаблівую цікавасць слуханням надаў удзел у іх лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, якая падвысіла ўзровень нашай дэлегацыі. Нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца”.

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на дыскусіі ў Эўрапарламенце 27 чэрвеня 2017 г. Фота: radyjo.net
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на дыскусіі ў Еўрапарламенце 27 чэрвеня 2017 г. Фота: radyjo.net

Насычанымі і канструктыўнымі былі сустрэчы 28 чэрвеня. Яны адбываліся ў розных камітэтах з удзелам прадстаўнікоў амбасадаў краін-сябраў Еўракамісіі, з супрацоўнікамі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якую ўзначальвае Федэрыка Магерыні, з аддзелам Усходняга Партнёрства.

– Сярод шырокага спектру пытанняў падчас працоўных сустрэч з дэпутатамі, тэма правоў чалавека была ці не на першым месцы,  – зазначае праваабаронца. – І гэта лагічна, паколькі тэма правоў чалавека з’яўляецца прыярытэтным пытаннем для Еўразвяза.

Адной з цэнтральных і важных працоўных сустрэч праваабаронца называе размову з Еўракамiсарам па пытаннях еўрапейскай палiтыкi суседства Ёганэсам Ханам.

“Нам было цікава пачуць, якім чынам Еўразвяз збіраецца развіваць стасункі з Беларуссю на бліжэйшы перыяд. Мы канстатуем, што ў Беларусі не адбываецца ніякіх сістэмных зменаў, але мы назіраем актывізацыю міжнародных адносінаў: да нас актыўна едуць чыноўнікі высокага рангу, намеснікі міністраў замежных спраў, чакаецца парламенцкая асамблея АБСЕ, у другой палове ліпеня пройдзе чарговы раунд дыялогу па правах чалавека “ЕС – Беларусь”.

Мы хацелі, каб павелічэнне кантактаў з Беларуссю прыводзіла да рэальных зменаў у самой краіне. У нашай размове закраналіся трывожныя падзеі вясны 2017 года, звязаных з крымінальнай справай, якая мае палітычны кантэкст, з тым, што было затрымана і рэпрэсавана больш за тысячу грамадскіх актывістаў і палітычных дзеячоў, што без зменаў застаецца праблема смяротнага пакарання. Сёлета ўжо вынесены чарговы смяротны прысуд, а ў канцы ліпеня могуць дадацца яшчэ і новыя.

Не абмінулі і тэму студэнтаў, якія былі выключаныя з навучальных устаноў за ўдзел у веснавых мірных акцыях”.

Старшыня ПЦ
Еўракамiсар па пытаннях еўрапейскай палiтыкi суседства Ёганэс Хан істаршыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Пры размове з Ёганэсам Ханам праваабаронца заклікаў пры кантактах з уладамі Беларусі быць больш паслядоўнымі, прынцыповымі і дабівацца сур’ёзных зменаў у самой краіне, звязаных з правамі чалавека.

– Еўрапейская камісія павялічыла фінансавую дапамогу, што сведчыць пра падтрымку Беларусі і гатовая далей развіваць стасункі з Беларуссю, але, зразумела, пры ўмове сапраўды паслядоўных крокаў па мадэрнізацыі эканомікі, большай дэмакратызацыі унутранага жыцця ў Беларусі. Цікаўнасць да нашай краіны ў Еўразвязе не змяншаецца, што можа быць сур’ёзным шанцам для нас, каб вырвацца з эканамічнага і грамадска-палітычнага крызісу. А для гэтага і беларускае грамадства павінна прыкласці сур’ёзныя намаганні, паказаць актыўнасць і жаданне быць еўрапейскім народам, каб самім вырашаць свой лёс, не спадзеючыся на некага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства