“Вясна” далучаецца да патрабаванняў аб вызваленні журналіста і праваабаронцы Мехмана Аліева ў Азербайджане
Праваабарончы цэнтр “Вясна” падтрымлівае заклік Фонда Дамоў правоў чалавека на адрас уладаў Азербайджана да неадкладнага і безумоўнага вызвалення дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва “Туран” Мехмана Аліева, які, услед за іншымі праваабаронцамі і незалежнымі журналістамі краіны, патрапіў пад крымінальны пераслед.
Мехману Аліеву прад’яўлены абвінавачанні ў незаконным прадпрымальніцтве, ухіленні ад сплаты падаткаў і злоўжыванні ўладай. Наступныя тры месяцы ён правядзе пад вартай у чаканні суда. А 30 жніўня ў Ясамальскім раённым судзе Баку будзе разглядацца апеляцыйная скарга арыштаванага журналіста і праваабаронцы.
Ён быў затрыманы 24 жніўня, пасля таго як добраахвотна з’явіўся на допыт у Дэпартамент падатковых злачынстваў Міністэрства падаткаў Азербайджана.
Фонд Дамоў правоў чалавека распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мехмана Аліева.
“Мы ўзрушаныя апошнім крокам азербайджанскіх уладаў у межах наступу на незалежныя СМІ, а таксама непрыхаваным пераследам адзінага ў краіне крытычнага голасу ў публічнай прасторы”, — сказала дырэктарка Фонда Дамоў правоў чалавека (HRHF) Марыя Дале.
На затрыманне вядомага журналіста адрэагаваў і Савет Еўропы.
“Я заклікаю ўлады Азербайджана паважаць дух супрацоўніцтва краіны з Саветам Еўропы і ў поўным аб'ёме выконваць свае абавязальніцтвы ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека, з тым каб пазбегнуць яшчэ аднаго выпадку несправядлівага пазбаўлення волі, якому няма месца ў дэмакратычным грамадстве. Сродкі масавай інфармацыі і журналісты павінны быць у стане ажыццяўляць сваю дзейнасць вольна, не падвяргаючыся запалохванню або неапраўданаму ўмяшанню”, — сказаў генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд у заяве з нагоды затрымання Мехмана Аліева.
На працягу апошніх гадоў азербайджанскія ўлады абвінавацілі некалькі сотняў журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, хуліганстве, незаконным прадпрымальніцтве, нарказлачынствах, а таксама іншых правапарушэннях, якія праваабарончыя арганізацыі і грамадзянская супольнасць называюць сфальсіфікаванымі.
“Працяг прымянення турэмнага зняволення супраць незалежных і крытычных галасоў цалкам знішчае любы давер да ўладаў Азербайджана, і павінен прывесці да жорсткіх дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці”, — дадала Марыя Дале.
Інфармагенцтва “Туран” распаўсюдзіла заяву, у якой абвясціла аб бестэрміновым прыпыненні сваёй працы з 1 верасня, што з’яўляецца прамым вынікам замарожвання яго банкаўскіх рахункаў, а таксама затрымання дырэктара агенцтва.
Крымінальная справа супраць “Турана” была распачатая 7 жніўня 2017 года. 16 жніўня ўлады правялі ператрусы ў офісах агенцтва.
Адзначанае міжнароднай узнагародай інфармацыйнае агенцтва “Туран” было заснаванае ў 1990 годзе. Трохмоўны сайт агенцтва асвятляе тэмы палітыкі, эканомікі, фінансаў, культуры і спорту.
“Шмат людзей залежаць ад “Турана”, атрымоўваючы аб'ектыўную інфармацыю, — незалежныя сродкі масавай інфармацыі з'яўляюцца неад'емнай часткай кожнай здаровай дэмакратыі, задачай якіх з’яўляецца забеспячэнне магчымасці грамадзянаў прымаць асэнсаваныя рашэнні. Мы заклікаем улады Азербайджана вызваліць усіх затрыманых журналістаў, блогераў і ўсіх іншых прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, каб аднавіць частку ўпэўненасці ў прыхільнасці Азербайджана да захавання сваіх міжнародных абавязальніцтваў па абароне свабоды слова і незалежных сродкаў масавай інфармацыі”, — кажа Марыя Дале.
Справа супраць “Турана” з’яўляецца адным з многіх прыкладаў падаўлення незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У ліпені ўлады Азербайджана прысудзілі фінансавага дырэктара апазіцыйнай газеты “Азадлыг” Фаіга Амірлі да трох гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні рэлігійнай нянавісці і ўхіленні ад выплаты падаткаў. У ноч на 29 траўня ў Тбілісі раптоўна знік азербайджанскі журналіст Афган Мухтарлы. Яго сваякі і калегі не ведалі пра месцазнаходжанне журналіста да наступнага дня, калі ён здолеў звязацца са сваім адвакатам, знаходзячыся пры гэтым у следчым аддзеле Дзяржаўнай памежнай службы Азербайджана. У сакавіку фотакарэспандэнт Мехман Гусейнаў атрымаў два гады пазбаўлення волі за паклёп.