viasna on patreon

Праваабаронцы ўстрывожаныя з нагоды хвалі пераатэстацый адвакатаў

2017 2017-08-30T13:36:02+0300 2017-08-30T16:34:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ales_bialiackicsiarhei_gryc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтым летам Міністэрства юстыцыі праводзіла праверку працы шэрагу адвакатаў, па выніках якой была прызначаная пазачарговая атэстацыя часткі з іх, што можа пацягнуць за сабой пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій.  

Паводле інфармацыі ПЦ “Вясна”, праверкі праводзіліся ў Мінскай гарадской і Магілёўскай абласной калегіях адвакатаў, і пазачарговая атэстацыя па выніках гэтых праверак (а яна прызначаецца пры наяўнасці ў адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў) будзе праведзеная ў верасні ў дачыненні да 25 асобаў – 23-х у Мінску і двух у Магілёве.  

Апроч таго, каля 60-ці адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая ладзіцца раз на пяць гадоў. Яны будуць праходзіць тэст на прафпрыдатнасць у калегіях адвакатаў. Аднак існуе яшчэ спіс з васьмі абаронцаў, пераатэстацыю якіх у лістападзе гэтага году будзе праводзіць Мінюст. Паводле палажэння, якое рэгулюе працэдуру атэстацыі, яе могуць праводзіць і адны і другія - і Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста і тэрытарыяльныя калегіі адвакатаў. І ўсё ж, сітуацыя бачыцца не такой адназначнай.  

З аднаго боку, гэтыя праверкі і атэстацыі знешне выглядаюць як звычайныя працэдурныя дзеянні ўнутры прафесійнай супольнасці. З іншага - гэтая масавая пазачарговасць, з улікам неабароненасці інстытута адвакатуры перад Мінюстам, не можа не звярнуць на сябе ўвагу.

Павел Сапелка
Праваабаронца ПЦ "Вясна" Павел Сапелка

Павел Сапелка, праваабаронца “Вясны” з багатай адвакацкай практыкай, чый прафесіяналізм адзначаны юрыдычнай супольнасцю Еўропы і які сам быў пазбаўлены права на прафесію за абарону палітычных зняволеных, неаднаразова заяўляў, што ўсялякага роду пераатэстацыі з боку Мінюста з’яўляюцца адкрытай формай ціску на адвакатуру.

Цяжка пераацаніць тую ролю, якую павінны адыграць адвакаты ў забеспячэнні права на справядлівы суд, мяркуе праваабаронца. Ён нагадвае, што Арганізацыя аб'яднаных нацый, прымаючы дэкларацыю "Асноўныя прынцыпы, якія тычацца ролі юрыстаў", падкрэсліла, што "ўрады забяспечваюць, каб юрысты: а) маглі выконваць усе свае прафесійныя абавязкі ў абстаноўцы, свабоднай ад пагрозаў, перашкодаў, запалохвання ці неапраўданага ўмяшання; b) маглі здзяйсняць паездкі і бесперашкодна кансультавацца са сваімі кліентамі ўнутры краіны і па-за яе межамі і с) не падвяргаліся судоваму пераследу і судовым, адміністрацыйным, эканамічным ці іншым санкцыям за любыя дзеянні, учыненыя ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, нормамі і этыкай, а таксама пагрозам такога пераследу і санкцый".

“Заканадаўства Беларусі ў гэтым сэнсе выклікае абурэнне любога, хто мае ўяўленне пра паняцце незалежнасці інстытута адвакатуры: юрыдычна замацавана права Міністэрства юстыцыі наўпрост умешвацца ў дзейнасць адвакатуры і кожнага адваката, вырашаць пытанні пра доступ да прафесіі і пазбаўляць права займацца прафесіяй. Кваліфікацыйная камісія, якая складаецца пераважна з дзяржаўных службоўцаў, дзе прадстаўнікі адвакатуры знаходзяцца ў меншасці, замяніла сабой органы адвакацкага самакіравання, закліканыя сачыць за выкананнем адвакатамі карпаратыўных правілаў. Такая патэнцыйная татальная безабароннасць кожнага адваката перад органам выканаўчай улады ўвяла інстытут адвакатуры Беларусі ў глыбокі крызіс”, - кажа Павел Сапелка.

Паводле яго, сённяшняе становішча, калі адвакатура ў набліжэнні рэпрэсій маўчыць, яшчэ раз падкрэслівае бязвыхаднасць у ацэнках перспектываў абароны карпарацыяй правоў сваіх сябраў.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц
Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі заявіў:

“Пераатэстацыі адвакатаў устрывожылі праваабарончую супольнасць Беларусі. Мы бачым у іх інструмент ціску і запалохвання з боку ўладаў у дачыненні да незалежнага інстытуту абаронцаў. Улады жадаюць, каб у асяроддзі адвакацкай супольнасці панавала атмасфера няўпэўненасці і страху”.

Прыгадаем, што ў 2011 годзе ўлады разгарнулі кампанію ціску на адвакатаў. Тады ў выніку пазачарговай пераатэстацыі шэраг абаронцаў экс-кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў акцый пратэсту былі пазбаўленыя ліцэнзій.

“Чарговая хваля ціску на адвакатаў звязаная з бояззю ўладаў магчымых сацыяльных пратэстных акцыяў, - кажа Алесь Бяляцкі. - Улады хацелі б пакінуць грамадскіх актывістаў без сумленных абаронцаў, адзін на адзін з залежнай ад уладаў судовай сістэмай”.

Праваабаронцы заклікаюць беларускае грамадства пільна сачыць за ходам пераатэстацыі адвакатаў і будуць інфармаваць пра яе вынікі міжнародную супольнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства