Наста Лойка: У краіне з прэзумпцыяй невінаватасці дзяржаўных СМІ выйграць справу супраць іх амаль немагчыма Аўдыё
У пятніцу, 1 верасня, у судзе Савецкага раёну Мінска адбудзецца чарговае паседжанне па пазове актывіста Мікалая Дзядка супраць інтэрнэт-выдання газеты “СБ: Беларусь сёння”. Былы палітвязень лічыць, што ў артыкуле “Анархія, маць…”, які выйшаў 29 траўня 2017 на сайце газеты за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, змешчана інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці і прыніжае яго гонар і годнасць. Аднак ці магчыма выйграць справу такога кшталту?
Юрыстка ПЦ “Вясна” Наста Лойка адзначае, што не ведае прыкладаў станоўчых судовых рашэнняў, калі б актывісты дамагліся абвяржэння ганебнай інфармацыі і спагнання са СМІ ці аўтара матэрыялу маральнай кампенсацыі. Гэта пацвярджаецца і статыстыкай. Прычына таму, на думку праваабаронцы, - існаванне ў Беларусі прэзумпцыі невінаватасці дзяржаўных органаў, у тым ліку і дзяржаўных СМІ.
“Усё, што звязана з пазовамі, скаргамі супраць дзяржаўных органаў, у тым ліку па абароне гонару і годнасці, можна аднесці да адной катэгорыі спраў. І паколькі суды ў нас прынцыпова не разглядаюць пытанне таго, што дзяржаўныя органы могуць быць няправыя (то бок, існуе пэўная прэзумпцыя даверу да дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў), то верагоднасць выйгрышу ў гэтых справах вельмі маленькая. Я калісьці рабіла запыт у Вярхоўны суд адносна таго, колькі ўвогуле адсоткаў станоўчых рашэнняў па дадзенай катэгорыі спраў. І высветлілася, што выігрышных спраў нават менш, чым апраўдальных прысудаў па Беларусі. Гэта вельмі яскравы паказчык таго, што суды гатовыя прынцыпова станавіцца толькі на бок дзяржаўных органаў і ні ў якім разе не гатовыя абараняць людзей, якія ад іх пакутуюць".
Праваабаронца канстатуе, што дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюцца як ідэалагічны механізм стварэння негатыўных вобразаў актывістаў у грамадстве.
“Яны злоўжываюць шырокімі паўнамоцтвамі і вельмі часта па ўстаноўцы КДБ, ГУБАЗ, Следчага камітэту пішуць і паказваюць па тэлебачанні абразлівыя рэчы. Пры гэтым яны альбо не называюць імя, альбо змяняюць некаторыя факты, каб не так проста было даказаць, што гэта ёсць прамая абраза гонару і годнасці. Але па ўсёй сукупнасці фактараў нам зразумела, што ідзе мэтанакіраваная траўля, і вельмі шкада, што суды ў гэтай сітуацыі не гатовыя быць да канца аб’ектыўнымі, даваць належную прававую ацэнку і ў чарговы раз адмаўляюць у задавальненні такіх пазоваў”, - кажа Наста Лойка.
Што датычыцца менавіта пазову Мікалая Дзядка супраць “СБ”, то сілы двух бакоў першапачаткова няроўныя, адзначае Наста Лойка. Аднак такія судовыя працэсы, незалежна ад іх выніку, – добрая падстава нагадаць журналістам дзяржСМІ пра адказнасць за свае словы.
“Суд ацэньвае, наколькі змешчаныя ў артыкуле факты непраўдзівыя, наколькі носяць абразлівы характар і г.д. То бок ёсць цэлы набор складнікаў, і за адзін з іх суд заўжды чапляецца. Так, ён можа прызнаць, што у матэрыяле сапраўды напісана пра гэтага чалавека, але пры гэтым не ўбачыць там абразлівыя ці хлуслівыя звесткі, што з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні пазову. Таму я думаю, што сілы, на жаль, адразу няроўныя, і гэтае абскарджанне хутчэй заклік на будучыню, каб журналісты дзяржаўных СМІ не дапускалі падобных дзеянняў”.
Першае паседжанне па справе Мікалая Дзядка супраць “СБ: Беларусь сёння” прайшло 17 жніўня. Падчас яго актывіст выказаў свае патрабаванні - прызнаць, што звесткі, напісаныя ў выданні, не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць яго гонар і годнасць, абавязаць рэдакцыю “СБ Беларусь сегодня” і аўтара артыкула выдаліць непраўдзівыя звесткі і апублікаваць на галоўнай старонцы сайта газеты абвяржэнне дадзенай інфармацыі. Таксама Дзядок патрабуе спагнаць на сваю карысць з рэдакцыі і Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.