viasna on patreon

Сацыяльныя даследчыкі і праваабаронцы абмеркавалі становішча ўразлівых групаў насельніцтва

2017 2017-09-28T23:40:00+0300 2017-09-29T00:10:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/encon-28.09.2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Спікеры круглага стала: Сяргей Наўродскі і Дзмітрый Бабіцкі (CASE Belarus), Валерый Журакоўскі (МАГА «АКТ»)

Спікеры круглага стала: Сяргей Наўродскі і Дзмітрый Бабіцкі (CASE Belarus), Валерый Журакоўскі (МАГА «АКТ»)

Дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі, маладыя людзі з інваліднасцю, зняволеныя - іх становішча стала прадметам абмеркавання на круглым стале «Актуальныя праблемы ўразлівых групаў насельніцтва: беларускі і еўрапейскі вопыт», які сабраў у Мінску 28 верасня беларускіх і замежных экспертаў у галіне сацыяльных даследаванняў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, у тым ліку праваабарончых.

На мерапрыемстве былі прадстаўлены тры даклады па выніках тэматычных даследаванняў у нашай краіне: «Роля працы ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі» і «Становішча дзяцей-сірот і сем'яў групы рызыкі ў Беларусі» ад Цэнтра сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE Belarus, «Агляд становішча дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю ў Беларусі» ад Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб'яднання «АКТ». Замежныя ўдзельнікі з Чэхіі, Славакіі і Польшчы распавялі пра становішча адпаведных уразлівых групаў і лепшыя практыкі ў сферы аказання сацыяльных паслугаў у сваіх краінах. У ходзе сумеснага абмеркавання праблем спікеры і запрошаныя на круглы стол праваабаронцы паспрабавалі вызначыць прыярытэты для далейшых даследаванняў і эфектыўнага ўзаемадзеяння.

Як адзначае Павел Сапелка, які прадстаўляў Праваабарончы цэнтр "Вясна" на круглым стале, сустрэча была вельмі цікавая і паказала вялікі патэнцыял для сумеснай працы арганізацый грамадзянскай супольнасці, выявіўшы агульную зацікаўленасць і агульнае бачанне абмеркаваных праблемащ. Ён падкрэсліў, што прэзентаваныя даклады адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічны бок праблемащ, якія раней праваабаронцы ўздымалі ў юрыдычным аспекце:

«Кажучы пра прэзентаваную аналітычную справаздачу Цэнтра CASE Belarus "Праца ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі", нагадаю, што “Вясна” пры аналізе гэтай праблемы ў сваім дакладзе па прымусовай працы і справаздачы па маніторынгу месцаў несвабоды адзначала, што ў Беларусі існуе відавочная працоўная дыскрымінацыя зняволеных, іх правы неабгрунтавана звужаныя адносна правоў звычайных работнікаў. Таксама цікавым было выступленне Дзмітрыя Бабіцкага, які ахарактарызаваў становішча дзяцей-сірот і сем'яў групы рызыкі ў Беларусі. І мы неаднаразова звярталіся да праблемы так званых абавязаных асобаў - людзей, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, якім у сувязі з гэтым неабходна аплочваць поўны кошт утрымання сваіх дзяцей дзяржавай. І Зміцер Бабіцкі назваў сёння вельмі цікавыя звесткі: толькі 2% такіх дзяцей у Беларусі вяртаюцца ў свае сем'і пасля таго, як іх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. То бок, гэта вынік таго, пра што гаворым мы ў сваіх даследаваннях: абавязаныя асобы стыгматызуюцца, пазбаўляюцца многіх уласцівых ім асноўных правоў і тым самым пазбаўляюцца перспектывы аднавіць сваяцкія адносіны са сваімі дзецьмі».

Нароўні з падабенствам праблематыкі ў працы даследчых і праваабарончых арганізацый выяўляецца і падабенства перашкодаў з боку дзяржаўных органаў.

«Нягледзячы на ​​тое, што ўсе дакладчыкі круглага стала прадстаўляюць зарэгістраваныя арганізацыі і, здавалася б, ім павінна быць дадзена зялёнае святло ў дачыненнях з дзяржаўнымі органамі, іх даследаванні і рыторыка іх выступаў дазваляюць меркаваць, што яны таксама маюць вялікія цяжкасці з доступам да своечасовай і поўнай афіцыйнай інфармацыі. У прыватнасці, калі ішла гаворка пра становішча дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю, агучваліся звесткі за 2010 год, таму што іншых няма, дзяржава іх не дае, - кажа Павел Сапелка. - Мы ў "Вясне" сутыкаемся з такімі ж праблемамі, калі запытваем у дзяржорганаў адкрытыя звесткі: нягледзячы на ​​тое, што гэтая інфармацыя не абмежаваная ў сілу нейкіх абставінаў да распаўсюду, не з'яўляецца таямніцай, яе ўсё роўна не даюць. Відавочна, таму што дзяржава ў асобе сваіх органаў мяркуе, што яна лепш ведае, якую інфармацыю дастаткова будзе ведаць прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці і грамадзянам Беларусі ў цэлым».

Рэзюмуючы вынікі сустрэчы, Павел Сапелка выказвае надзею на тое, што яна паслужыць далейшаму ўмацаванню супрацоўніцтва арганізацый, якія працуюць у падобнай тэматыцы. Гэта, у сваю чаргу, дасць магчымасць найбольш поўна абазначыць сацыяльныя праблемы ў рамках публічнага дыскурсу, лічыць праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства