Баранавіцкі ГАУС не бачыць парушэнняў у сваіх жа дзеяннях
Скарга актывіста Рыгора Грыка, накіраваная ў Баранавіцкую пракуратуру з нагоды яго адвольнага затрымання, у выніку апынулася ў таго ж органа, які і здзейсніў парушэнне закона.
Напрыканцы кастрычніка Рыгор Грык накіраваў скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру і Баранавіцкі гарвыканкам на незаконные дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі яго 21 кастрычніка на вакзале напярэдадні яго запланаванай паездкі ў Мінск на акцыю пратэсту. У скарзе актывіст прасіў правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці дзеянняў міліцыянтаў.
Але што зрабілі адпаведныя органы? Пракурор Баранавіцкай міжраённай пракуратуры перанакіраваў скаргу Грыка ва Упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, тое самае зрабіў і Баранавіцкі выканаўчы камітэт. УУС аблвыканкама, а дакладна аддзел па ахове дзяржаўных сакрэтаў, “пераклаў адказнасць” на Баранавіцкі ГАУС, на якога, уласна кажучы, і скардзіўся актывіст. Таму нядзіўна, што ў дзеяннях міліцыянтаў, якія затрымлівалі Грыка на баранавіцкім вакзале, гэты орган не знайшоў ніякіх парушэнняў.
22 снежня Рыгор Грык падаў новую скаргу ўжо на імя пракурора Брэсцкай вобласці на незаконныя дзеянні Баранавіцкай і на бяздзейнасць Брэсцкай абласной міліцыі, у якой просіць правесці новую праверку і пакараць парушальнікаў закона.
Нагадаем, актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык 21 кастрычніка збіраўся паехаць у Мінск на акцыю пратэсту “Марш абураных беларусаў”. Аднак на чыгуначным вакзале яго спынілі супрацоўнікі міліцыі, адабралі тэлефон, а затым адвезлі ў Баранавіцкі ГАУС, дзе паведамілі, што ён затрыманы ў якасці сведкі. Пратрымаўшы ў пастарунку больш за тры гадзіны, Грыка адпусцілі.