Бярозаўскія праваабаронцы звяртаюцца да ўладаў
Бярозаўскія праваабаронцы звярнуліся з заявай у мясцовы райвыканкам, пад якой падпісаліся 36 чалавек. Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, яны просяць пашырыць месцы для масавых мерапрыемстваў або зняць наогул абмежаванні і дазволіць праводзіць там, дзе не забаронена законам, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
— Калі пратэставаць у пустым полі, дык губляецца сам сэнс выказвання пратэсту супраць чагосьці або свайго меркавання. Калі яго данесці няма каму апрача міліцыянтаў, якія абслугоўваюць пікет Мы вырашылі у межах усебеларускай кампаніі звярнуцца ў Бярозаўскі гарвыканкам. Шэраг грамадскіх актывістаў і жыхароў Бярозы зварот падтрымалі. Нават адзін дзевяностагадовы жыхар Бярозы паставіў свой подпіс у падтрымку нашага звароту.
Да гэтага часу для масавых мерапрыемстваў дэмакратычнай супольнасці Бярозаўскі райвыканкам адвёў два месцы. Гэта два гарадскія стадыёны: адзін у цэнтры гораду, які вечна заняты, а другі- на ўскрайку гораду. Вось на ім дэмакратам зрэдку дазваляюць ладзіць свае мерапрыемствы.