Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека ў Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Незалежны прафсаюз РЭП выступіў з заявай супраць дзеянняў Следчага камітэту, які распачаў масавыя допыты сябраў прафсаюза; Валанцёрка ПЦ “Вясна” Анісія Казлюк увайшла ў спіс часопісу Forbes у катэгорыі “30 да 30”; Стала вядома пра яшчэ аднаго чалавека, які асуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі; Першая тысяча беларусаў падпісала петыцыю за спецыяльны антыдыскрымінацыйны закон.
“Каментар”: Адной з асноўных і самай страшнай праблемай пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі з’яўляюцца выпадкі смерцяў у турмах і калоніях. Падчас прэзентацыі вынікаў маніторынгу месцах зняволення ў Беларусі, што нядаўна прайшла ў Мінску, прадстаўніца ініцыятыўнай групы “За справядлівы суд у Беларусі” Людміла Кучура распавяла пра самыя гучныя такія выпадкі, якія адбыліся цягам апошніх некалькіх гадоў.
“Каментар эксперта”: Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць блакіроўку Міністэрствам інфармацыі сайту “Хартыя'97” беспадстаўным і абуральным. Такую пазіцыю выказаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі. На яго думку, сайт “Хартыі” вызначаецца высокай патрыятычнай пазіцыяй, аднак доступ да гэтага СМІ зачыняецца. Пры гэтым Міністэрства інфармацыі ніякім чынам не абмяжоўвае сапраўдныя антыбеларускія рэсурсы, якія могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы.
У музычных паўзах – кампазіцыі ў выкананні гурта Nizkiz.