viasna on patreon

Уладзімір Някляеў Вярхоўнаму суду: выказванне меркавання - гэта не заклік да ўдзелу ў акцыі

2018 2018-03-05T10:44:52+0300 2018-03-05T12:46:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niaklaeu-sciag-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў.

Паэт і грамадзкі дзеяч Уладзімір Някляеў, якога яшчэ ў лістападе мінулага года асудзілі да арышту на 10 сутак нібыта за заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве “Марш абураных беларусаў 2.0”, звярнуўся са скаргаю на пастанову суда Ленінскага раёна г. Мінска у Вярхоўны суд Беларусі.

Нагадаем, 1 лістапада 2017 года судом Ленінскага раёна г. Мінска вынесена пастанова аб прыцягненні Някляева да адміністрацыйнай адказнасці (арышты тэрмінам 10 сутак) за правапарушэнне, прадугледжанае ч. 3 арт. 23.34 КаАП (суддзя Святлана Мятлёнак).  Скарга, якую палітык накіраваў затым  у Мінскі гарадскі суд была разгледжаная 22 лістапада, але, як гэта здараецца ў большасці выпадкаў, была пакінута без задавальнення.

Звяртаючыся ў Вярхоўны суд са скаргай, якую яму дапамаглі падрыхтаваць юрысты Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Уладзімір Някляеў заяўляе, што катэгарычна не згодны з прыцягненнем яго да адказнасці па ч. 3 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь і прыводзіць наступныя аргументы.

Па-першае, суд Ленінскага раёна ўстанавіў, што Някляеў нібыта  “ажыццявіў публічныя заклікі да правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку яго арганізацыі і правядзення, якія выявіліся на інтэрнэт-партале "Хартыя 97", які змясціў вытрымкі з інтэрв'ю, дадзенае палітыкам тэлеканалу «Белсат». 

Някляеў тлумачыць Вярхоўнаму суду, што публічных заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах не выказваў, а ў інтэрв'ю адказваў на пытанні журналіста, выказваючы сваё асабістае меркаванне і стаўленне да падзеяў. Тым больш ён не мог з’яўляцца арганізатарам масавага мерапрыемства, а таму не мог ведаць аб наяўнасці дазволу ці забароны на яго правядзенне  з боку Мінгарвыканкама.

У пратаколе аб адміністрацыйным парушэнні, складзеным 24 кастрычніка 2017 года адсутнічае прамая спасылка на словы, якія маглі б быць расцэненыя як заклік палітыка да ўдзелу ў акцыі.

Больш за тое, ён асабіста не даваў інтэрв'ю журналістам інтэрнэт-парталу "Хартыя 97".

“На розных інтэрнэт-рэсурсах могуць быць размешчаныя абсалютна розныя мае выказванні, у тым ліку вырваныя з кантэксту, перайначаныя, скампіляваныя. Пры гэтым гэта будуць аўтарскія артыкулы інтэрнэт-журналістаў”, - перакананы Уладзімір Някляеў.

 Неабходна адзначыць, што публічным заклікам да арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў з'яўляецца зварот, патрабаванне аб здзяйсненні якіх-небудзь дзеянняў, выказанае ў кароткай форме.

Нават з інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» ўгледжваецца, што Някляеў выказвае сваё асабістае меркаванне аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Адказваючы на ​​пытанне датычна масавага мерапрыемства, якое планавалася на 21кастрычніка, ён ў вольнай форме выказваў сваё меркаванне наконт таго, якія праблемы хвалююць беларускіх грамадзян, даваў ацэнку стану пратэстнага руху ў Беларусі.

"Такім чынам, выказанае мной меркаванне ніяк не можа расцэньвацца як заклік да чаго-небудзь, і па гэтай прычыне пастанова суда вынесена незаконна, неабгрунтавана і падлягае адмене”, - заяўляе палітык.

Па-другое, апелюючы да Вярхоўнага суда, палітык спасылаецца на шэраг міжнародных дакументаў, у прыватнасці на арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друку альбо мастацкіх формаў выказваньня, альбо іншымі спосабамі на свой выбар.

“Прыцягненне мяне да адміністратыўнай адказнасці за заклікі да ўдзелу ў мірным сходзе з'яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабод і скіравана не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкодаў ажыццяўлення мною сваіх канстытуцыйных правоў і правоў, замацаваных у абавязковых для Рэспублікі Беларусь міжнародных дагавораў, у прыватнасці, у вышэйадзначаным Пакце, -  выказвае меркаванне Уладзімір Някляеў.

Па-трэцяе, палітык інфармуе Вярхоўны суд аб тым, судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў дачыненні да актывіста Валерыя Мінца была разгледжана аналагічная адміністрацыйная справа па ч.3 арт. 23.34 КаАП за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі 8 верасня 2017 года ў г. Мінску, якія нібыта выявіліся ў размешчаным 5 верасня 2017 года на сайце «Хартыя-97» матэрыяле. Тым не меней, у Лідзе разабраліся па сутнасці па ўсіх абставінах названай справы і суд спыніў вытворчасць у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Валерыя Мінца складу адміністрацыйнага правапарушэння, аналагічнага пастанове вынесенай Уладзіміру Някляеву.

Сыходзячы з гэтых і іншых аргументаў Уладзімір Някляеў просіць Вярхоўны суд адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна г. Мінска аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці як незаконнае і неабгрунтаванае, а вытворчасць па справе спыніць.

***

Акцыя пратэсту пад назвай «Марш абураных беларусаў 2.0» прайшла 21 кастрычніка ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы.  За ўдзел у акцыі паўтары дзесяткі чалавек зведалі адміністрацыйны пераслед за ўдзел, некаторых супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі прэвентыўна. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства