Аляксандр Кабанаў: Хтосьці вырашыў, што плошча не належыць людзям
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, блогер Аляксандр Кабанаў 29 сакавіка абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемствае паўторна на працягу года і пакараны судом Бярозаўскага раёна штрафам у 40 базавых велічынь. Вёў працэс старшыня суда Вадзім Мазоль. Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, сведкамі супраць Кабанава выступілі ўчастковыя Ленінскага РАУС Берасця Барыс Дзмітрук і Андрэй Іваніцкі.
Кажа Барыс Дзмітрук:
– Людзі выказвалі сваё меркаванне, выконвалі песню пад музыку, крычалі: „Не заводу!”, пляскалі ў далоні. Гэта было расцэнена, як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Паводле Аляксандра Кабанава, ніякага пікету не было, бо не было плакатаў, заклікаў, не было выступоўцаў. Людзі проста абмяркоўвалі праблемы. Адна з якіх самая галоўная – будаўніцтва шкоднага прадпрыемства – акумулятарнага завода пад Берасцем: – Хтосьці наверсе вырашыў, што плошча не належыць людзям, што людзі не маюць права выказваць сваё меркаванне, што мы ў гэтай краіне ніхто. Людзі патрэбныя толькі ў якасці масоўкі на выбарах, больш не для чаго не патрэбныя. Таксама канешне, каб працаваць і плаціць у бюджэт грошы.
Сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі лічыць рашэнне суда неправамерным. Ён згодзен з абаронцам Кабанава Паўлам Алесікам, што нельга назваць масавым мерапрыемствам кармленне галубоў, спяванне песень і размовы людзей на гарадской плошчы. Русецкі лічыць, што ў памер штрафу не ўлічаны амаль трохсуткавы беспадстаўны арышт Кабанава. Аляксандр Кабанаў будзе абскарджваць рашэнне Бярозаўскага суда.
Не выключае ён і звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо не верыць, што знойдзе справядлівасць у беларускіх судах.