viasna on patreon

У Расіі будзе створаны Нацыянальны прэвентыўны механізм па прадухіленні катаванняў. А што ў нас?

2018 2018-04-12T15:59:47+0300 2018-10-04T11:10:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/turma2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Расіі можа з'явіцца агульнарасійская сістэма кантролю над турмамі, піша Маскоўская Хельсінкская група. Праваабаронцам удалося дамовіцца аб узаемадзеянні з МУС і Федэральнай службай выканання пакаранняў (ФСВП) аб напрамках па гуманізацыі пенітэнцыярнай сістэмы. Ужо рыхтуюцца сумесныя прапановы, у ліку якіх ёсць і правіла аб заліку аднаго дня знаходжання ў СІЗА за паўтара дня знаходжання ў калоніі агульнага рэжыму і двух - у калоніі-пасяленні.

У сярэдзіне траўня прэзідэнцкі Савет па правах чалавека (СПЧ) правядзе спецпаседжанне, прысвечанае стварэнню Нацыянальнага прэвентыўнага механізму (НПМ) па прадухіленні катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах зняволення.

Працаваць ён будзе пад агульным кіраўніцтвам Упаўнаважанага па правах чалавека ў РФ. НПМ - гэта свайго роду ўдасканалены аналаг грамадскіх назіральных камісій. Дадзены механізм рэкамендуе стварыць кожнай краіне Канвенцыя ААН супраць катаванняў. Прадстаўнікі НПМ змогуць наведваць любыя ўстановы закрытага тыпу - ад камеры ў аддзеле паліцыі да псіхіятрычнай лячэбніцы - без папярэдняга паведамлення і гутарыць там сам-насам з любымі фігурантамі.

У СПЧ ж нагадалі, што адпаведны законапраект быў унесены ў Дзярждуму яшчэ ў 2008 годзе. У 2012-м ён прайшоў першае чытанне, аднак потым быў адкладзены. Па словах праваабаронцаў, МУС і ФСВП не супраць канчатковага прыняцця дадзеных паправак. Праўда, была выказана асцярога, што тады зняволеныя любымі шляхамі будуць старацца заставацца ў СІЗА, каб у калоніі заставалася сядзець як мага менш.

«Гэтая ідэя гучыць даўно, яе падтрымліваў і старшыня камітэта ГД па дзяржаўным будаўніцтве і заканадаўству Павел Крашэніннікаў. Многія яе падзяляюць, паколькі ўмовы ў СІЗА істотна адрозніваюцца ад тых, што ў калоніях, у СІЗА вышэй і ўзровень захворвання. Так што і ў гэтым сэнсе неабходнасць пераразліку цалкам апраўданая», - заявіў член Маскоўскай Хельсінкскай Групы і член ГНК Маскоўскай вобласці Валерый Баршчоў.

Ён паведаміў, што гэтай ініцыятыве актыўна супраціўляецца Следчы камітэт:

«Гэта нашы асноўныя апаненты, якія наогул супраць гуманізацыі турэмнай сістэмы. У іх людзі сядзяць у СІЗА па некалькі гадоў, пакуль яны наўмысна цягнуць з расследаваннем спраў. Калі ж будзе пераразлік, то следчыя сутыкнуцца з сітуацыяй, калі чалавек адседзеў у СІЗА, дапусцім, гадоў пяць, а значыць, адразу ж пасля прысуду яго давядзецца выпускаць на волю».

А вось ФСВП і канвойнай службе МУС, сказаў Баршчоў, гэтая ініцыятыва, наадварот, аблегчыць працу:

«Паколькі яны самі пакутуюць ад перапоўненых ізалятараў - гэта дадатковая нагрузка на іх».

Ёсць дамоўленасць і пра тое, што неабходна скарэктаваць заканадаўства ў частцы прызначэння ўмоўна-датэрміновага вызвалення (УДВ). Таксама сярод намечаных да сумеснай распрацоўцы ідэй - даць начальнікам калоніі права, а можа, нават і ўскласці на іх абавязак вызваляць датэрмінова асобаў, якім да канца тэрміну застаецца не больш за тры месяцы.

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч станоўча адзначае тэндэнцыю па вырашэнні пытанняў катавання ў Расійскай Федэрацыі:

Валянцін Стэфановіч.

“Я вельмі рады, што ў Расіі ўсё так рухаецца. Што тычыцца Беларусі, то ў нашым дакладзе ў Камітэт супраць катаванняў адна з асноўных рэкамендацый дзяржаве – стварыць на нацыянальным узроўні прэвентыўны механізм барацьбы з катаваннямі, як гэта прадугледжана ў факультатыўным пратаколе да Канвенцыі супраць катаванняў. Уласна кажучы, ратыфікацыя гэтага пратакола абавязвала б дзяржаву стварыць такія механізмы.

Аднак, ён дагэтуль не ратыфікаваны Беларуссю, а Канвенцыя супраць катаванняў ратыфікаваная без заявы па артыкулах 21 і 22, якія б дазвалялі беларусам індывідуальна звяртацца ў Камітэт супраць катаванняў ААН”.

На думку праваабаронцы, сітуацыя ў краіне ўскладняецца яшчэ і тым, што ў нас няма амбудсмэна і яго офіса, няма ніякіх сумесных Радаў праваабаронцаў з прадстаўнікамі сілавых структур, у адрозненні ад Расіі, хаця і там сітуацыя далёка не ідэальная.

“Праблема катаванняў – гэта праблема не толькі Беларусі. Аднак, пытанне ў тым, што некаторыя краіны ставяць задачу змагацца з гэтым злом, а іншыя робяць так, каб "не выносіць смецце з хаты". І атрымліваецца, што структуры МУС, выканання пакаранняў – закрытыя, без належнага грамадскага кантролю. А калі дадаць сюды яшчэ і праблемы з незалежнасцю судовай сістэмы, якая з’яўляецца аднім з механізмаў абароны правоў чалавека на нацыянальным узроўні, то атрымліваецца непрыглядная  карціна.

Калі мы хочам больш эфектыўна змагацца з такой з’явай, як катаванні, то мы мусім ствараць такія вось прэвентыўныя інстытуты: і офіс упаўнаважанага па правах чалавека, і Раду па папярэджанню катаванняў, якія б мелі шырокія паўнамоцтвы наведваць без папярэджання ўсе месцы несвабоды, у тым ліку псіхіятрычныя лякарні, ЛТП, закрытыя дзіцячыя ўстановы і інш., размаўляць з утрыманцамі без прысутнасці адміністрацыі і г.д.

Гэта тое, да чаго мы мусім прыйсці, і тое, што мы бачым як больш-менш эфектыўную магчымасць змагацца з гэтай з’явай”, - сказаў Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства