viasna on patreon

Праваабаронцы расчараваныя неэфектыўнай дзейнасцю грамадскіх назіральных камісій

2018 2018-04-20T12:34:58+0300 2018-10-04T11:11:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/3a81008255cefa54315590a83207063a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рукі на кратах.

Рукі на кратах.

Прэзідэнт беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Равяка напачатку лютага звярнулася ў Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную грамадскія назіральныя камісіі з просьбай праверыць Горацкую ВК №9, дзе ўтрымліваецца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Падставай для звароту праваабаронцы паслужыла інфармацыя аб тым, што існуе рэальная пагроза жыццю і здароўю палітвязня. Так, апошнія паўгады ён знаходзіцца ў калоніі ў цяжкіх і прыніжальных умовах, а напрыканцы  студзеня палітвязень непасрэдна ў калідоры калоніі быў збіты невядомым чалавекам з схаваным пад маскай тварам.

13 сакавіка Магілёўская абласная назіральная камісія сумесна з прадстаўнікамі рэспубліканскай ГНК наведала выпраўленчую калонію №9, аднак адміністрацыя калоніі не дазволіла сябрам камісіі сустрэцца з палітвязнем.

Таццяна Рэвяка.Звяртаючыся ў ГНК Таццяна Рэвяка спадзявалася, што візіт у калонію прадстаўнікоў камісіі пралье святло на многія акалічнасці шматразовага змяшчэння Жамчужнага ў ШІЗА і дапаможа спыніць правакацыі ў дачыненні да яго. Аднак вынікі візіту камісіі моцна расчаравалі праваабаронцу:

– Відавочна, што ў гэтай сітуацыі Міхаіл Жамчужны заставаўся і застаецца на дадзены момант безабаронным, таму, падаючы заявы, я спадзявалася на назіральныя камісіі, паколькі яны адмыслова створаныя для ажыццяўлення грамадскага кантролю за дзейнасцю пенітэнцыярных устаноў. Візіт у калонію адбыўся, але вынікі мяне моцна расчаравалі.

Апроч гэтага, Таццяна Рэвяка доўгі час не змагла атрымаць адказ на свой зварот у Рэспубліканскую назіральную камісію.

“Зыходзячы з Закона “Аб зваротах грамадзяні юрыдычных асоб” я атрымала адказ з Магілёўскай абласной назіральнай камісіі своечасова, а з рэспубліканскай камісіі не было ўвогуле аніякага паведамлення, ні пра тое, што мой зварот быў атрыманы, ні пра вынікі гэтай паездкі, карацей - ніякай рэакцыі. У сувязі з адсутнасцю любой рэакцыі, я напісала скаргу ў Мінюст на дзеянні гэтай камісіі", - распавядае Рэвяка.

Аказваецца, як у сваім адказе патлумачыў Мінюст, грамадскія назіральныя камісіі не ўваходзяць у пералік дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, у якія  грамадзяне звяртаюцца на падставе норм Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

“Грамадскія назіральныя камісіі пры паступленні да іх зваротаў ад грамадзян могуць прыняць інфармацыю, выкладзеную ў зваротах да ведама, улічыць яе пры наведванні органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранні… Пры гэтым не прадугледжаны абавязак разглядаць і інфармаваць грамадзян, якія паведамілі такую інфармацыю”, - паведамляецца ў адказе.

Каб падсаладзіць горкую пілюлю, Мінюст паведаміў Рэвяцы, што старшыні Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі Т. Краўчанку прапанавана адказаць праваабаронцы ў максімальна кароткі тэрмін.

Нарэшце Рэспубліканская грамадская назіральная камісія даслала адказ, які таксама цалкам расчараваў Рэвяку:

“У калоніі №9 ўсё вельмі добра, з Жамчужным яны сустрэцца не змаглі… Смешна выглядае на фоне нагоды (рэальная пагроза жыццю і здароўю вязня), з якой я звярталася да іх , інфармацыя аб тым, што зняволеныя добра харчуюцца і тут можна вывучыцца на швачку”, – распавядае Рэвяка. – У гэтым адказе бачна жаданне адмахнуцца ад існуючых праблем, не рэагаваць на іх у адпаведнасці нават з тымі паўнамоцтвамі, якія маюцца ў сябраў камісіі, і я на дадзены момант выказваю глыбокае расчараванне працай камісій, як рэальным інструментам, які можа ўплываць на якасныя змены ў сферы паляпшэння ўмоваў адбыцця пакарання”.

  Павел СапелкаЮрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка каментуючы сітуацыю, канстатуе, што ў Беларусі увогуле адсутнічае рэальная сістэма грамадскага кантролю за ўмовамі ўтрымання зняволеных у месцах пазбаўлення волі.

– Сістэма грамадскіх назіральных камісій, створаная пры Міністэрстве юстыцыі і упраўленнях юстыцыі аблвыканкамаў, гэтую ролю не выконвае.  Таму маецца некалькі прычын.  Найперш, у грамадскія назіральныя камісіі, як правіла, уключаны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія альбо не маюць ніякага дачынення, альбо маюць вельмі ўскосныя адносіны да працэдуры маніторынгу абароны правоў чалавека. Галоўнае што неабходна адзначыць: заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе дзейнасць грамадскіх назіральных камісій, фактычна не надзяляе іх нейкімі рэальнымі правамі ў галіне абароны правоў зняволеных.

Менавіта таму дзейнасць камісій да гэтага часу была непрыкметнай, практычна неэфектыўнай, яны не стваралі аніякіх інфармацыйных нагодаў. Камісіі пераважна стараюцца не заўважаць нават яўных парушэнняў правоў зняволеных. А зняволеныя, ведаючы гэта, стараюцца не турбаваць гэтыя камісіі лішні раз, таму што разумеюць поўную бессэнсоўнасць такіх зваротаў. І калі сталі з’яўляцца падобныя звароты, камісіі паспрабавалі, наколькі гэта магчыма, выканаць ускладзеныя на іх функцыі. Але аказалася, што іх паўнамоцтвы і інструменты, які прапануе ім заканадаўства, яўна недастатковыя для таго, каб эфектыўна ўстанавіць і выправіць парушэнні правоў зняволеных.

 

P/S.   Мінюст таксама праінфармаваў Таццяну Рэвяку аб тым, што інфармацыя аб наведванні прадстаўнікамі Рэспубліканскай і Магілёўскай абласной грамадскімі назіральнымі камісіямі размешчана на вэб-партале Міністэрства юстыцыі ў раздзеле “Навіны”. На жаль, такой інфармацыі на сайце minjust.gov.by адшукаць праваабаронцам не ўдалося.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства