“Чарнобыльскі шлях-2018”: што, дзе, калі?
Згодна з дазволам Мінскага гарвыканкама, які атрымалі заяўнікі мітынгу і дэманстрацыі ў 32-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, 26 красавіка ў Менску збор удзельнікаў прызначаны на 18-й гадзін на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік». Затым калона дэманстрантаў пройдзе па ходніках вуліцамі Сурганава і Арлоўскай да чарнобыльскай капліцы, дзе адбудзецца мітынг.
Заяўка на правядзенне мітынгу і дэманстрацыі была пададзеная прадстаўнікамі партый і арганізацый, якія склалі аргкамітэт: Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», партыі «Зялёныя», руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам». Аднак Мінгарвыканкам унёс змены ў заяўлены фармат правядзення мерапрыемстваў – не дазволены мітынг на прыступках Акадэміі навук, а час скарочаны на 1 гадзіну: з 21:30 на 20:30.
Мінгарвыканкам дазволіў таксама партыі КХП-БНФ правесці мітынг з нагоды гадавіны Чарнобыльскай трагедыі з 18-00 да 20-30, Традыцыйна, мітынг пройдзе ў Кіеўскім скверы Мінска.
Мерапрыемствы адбудуцца таксама і ў некаторых іншых гарадах. Так, напрыклад, 26 красавіка ў Гомелі грамадскія актывісты і палітыкі ўскладуць вянкі і кветкі да чарнобыльскай каплічкі ў раёне Валатава. Такім чынам, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў ушануюць памяць ахвяраў трагедыі на ЧАЭС.
А вось Маладэчанскі райвыканкам 18 красавіка адмовіў мясцовым актывістам у заяўцы на правядзенне пікета, прымеркаванага да чарговай, 32-й гадавіны, аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Забарону райвыканкам абгрунтаваў тым, што масавае мерапрыемства было заяўлена не ў пастаянным месцы яго правядзення, якім з'яўляецца пляцоўка перад амфітэатрам у парку культуры і адпачынку імя Перамогі ў Маладэчне.
Праваабаронцы прапануюць інфаграфіку, якая паказвае колькасць удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" за апошнія 6 год, а таксама колькасць затрыманых па гадах:
Як прыняць удзел у масавым мерапрыемстве і пры гэтым не парушыць закон - у прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".