Кіраўніка незалежнага прафсаюзу Фядыніча не выпусцілі з Беларусі
Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч уключаны ў склад дэлегацыі глабальнага прафсаюза IndustriALL, якая будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэневе.
Генеральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс накіраваў у Следчы камітэт ліст, у якім прасіў дазволіць Генадзю Фядынічу выехаць часова з Беларусі. Прафсаюзы бралі на сябе гарантыю вяртання на радзіму прафсаюзнага лідэра, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Але следчыя не дазволілі пакінуць краіну старшыні незалежнага прафсаюзу, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
«Кіраўнік следчай групы сказаў Фядынічу, што калі б за мяжу трэба было ехаць для лячэння, то тады, верагодна, дазвол далі б. А міжнародная канферэнцыя не ёсць падставай для паездкі ў Жэневу пры такой сур’ёзнай крымінальнай справе», — пракаментаваў "Радыё Свабодзе” прэсавы сакратар РЭП Мікалай Герасіменка.
Нагадаем, 8 траўня лідэрам Беларускага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса РБ).