Мінгарсуд таксама адмовіў у кампенсацыі маральнай шкоды былым фігурантам справы "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў"
31 траўня ў Мінскім гарадскім судзе адбываўся разгляд касацыйнай скаргі чатырох былых фігурантаў справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”. Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз, Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў патрабуюць у Міністэрства фінансаў кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.
Нагадаем, што чацвёртага красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў былым фігурантам гучнай справы у калектыўным пазове. Суд тады падтрымаў пазіцыю пракурора, які казаў, што перад тым, як патрабаваць грашовую кампенсацыю, неабходна даказаць незаконнасць дзеянняў КДБ і Следчага камітэта ў адносінах да пазоўнікаў. А гэтага, на думку пракурора і суда, зроблена не было. Але пазоўнікі не пагадзіліся з такім рашэннем і вырашылі абскардзіць яго.
У Мінгарсудзе справу разглядала калегія суддзяў, старшыня - суддзя Іна Угнівенка. Паседжанне распачалося ў 11.00.
Пасля азнаямлення суддзяў з матэрыяламі справы, выступілі адвакаткі пазоўнікаў. Яны лічаць, што калі крымінальная справа супраць хлопцаў закрытая і абвінавачванні, прад’яўленыя ім, прызнаныя незаконнымі, то, вынікачы са звычайнай логікі, гэта аўтаматычна з’яўляецца падставай для прызнання незаконнымі і дзеянняў органаў, якія вялі працэс. Адвакаткі нагадалі, што суд Маскоўскага раёна не прывёў ніякіх доказаў таго, чаму прынятыя меры працэсуальнага прымусу былі абгрунтаваныя, а таксама не пазначыў нормы права, на якіх грунтаваў сваё рашэнне. Больш за тое, ён палічыў, што пазоўнікі павінны былі самі прадставіць доказы незаконнасці абвінавачванняў, затрымання і мераў стрымання, чаго яны, на думку суда, не зрабілі.
“Пазоўнікам дастаткова прадставіць толькі факт спынення крымінальнага пераследу і закрыцця справы. Сам гэты факт з'яўляецца падставай для таго, каб прызнаць дзеянні ў дачыненні да іх незаконнымі", - адзначыла адвакатка Віктара Мароза і Сяргея Стрыбульскага падчас свайго выступа.
Адвакаткі распавялі суду пра парушэнне правоў пазоўнікаў падчас затрымання і ўтрымання пад вартаў, пра прыніжэння гонару і годнасць праз хлуслівую інфармацыю ў дзяржаўных СМІ і пра негатыўныя наступствы крымінальнага пераследу. Таксама яны перадалі суддзям даследванні рашэнняў па падобных судовых справах, якія тычыліся кампенсацыі маральнай шкоды.
Аднак і Мінскі гарадскі суд не прыслухаўся да аргументаў пазоўнікаў і адвакатак. Суддзі не ўбачылі падстаў для адмены рашэння раённага суда і пакінулі яго без зменаў. Тым самым яшчэ раз паказаўшы, што ў дадзенай справе працуе прынцып "прэзумпцыі невінаватасці КДБ і СК".
Зараз Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз, Андрэй Дундукоў і Віктар Данілаў могуць абскарджваць судовае рашэнне ў Вярхоўным судзе, а таксама звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Крымінальная справа "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" (ч.3 арт.293 КК) была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з-пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК - "Аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў.
Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. 27 лістапада Следчы камітэт спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы па арт. 287 КК РБ.