Абарона Курапат: міліцыя затрымлівае актыўных удзельнікаў пікетавання Фота Дапоўнена
У прыватны дом актывісткі абаронаў Курапат і рэжысёра Вольгі Нікалайчык ад самай раніцы спрабуюць патрапіць супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведамляе Леанід Кулакоў:
"SOS!!! Тэлефанавала Вольга Нікалайчык, Кажа, што да яе ў дом ломіцца натоўп ментоў… У мяне ёсць падазрэнне, што яны шукаюць Дзяніса Урбановіча, які таксама прымае актыўны ўдзел у абароне Курапат”.
Па дарозе ў Курапаты ДАІ спыніла аўтамабіль у якім перавозілі крыжы ў Курапаты. Невядомымі асобамі, якія пад'ехалі следам за ДАІ быў затрыманы Зміцер Дашкевіч.
Эдуард Пальчыс паведамляе ў твітары: "Змітра Дашкевіча, Ягора Лаўрухіна і Валерыя Мінца затрымалі па дарозе на Курапаты. Фура з крыжамі арыштаваная. Затрымлівалі сур'ёзныя хлопцы".
29 чэрвеня актывісты, якія пікетуюць рэстаран “Поедем поедим”, які адчыніўся ва ўрочышчы Курапаты ў зоне месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій, плануюць усталяваць вялікія памятныя крыжы непасрэдна каля рэстарана.
Затрыманы каля 9:45 Валер Мінец, які вёз новыя крыжы ў мэмарыяльны комплекс Курапаты, вызвалены каля 12:45 з Ленінскага РУУС Менску без складання пратаколу. Астатнія затрыманыя — Зьміцер Дашкевіч і Ягор Лаўрухін — на момант публікацыі застаюцца ў РУУС, - паведамляе Радыё Свабода.
Змітра Дашкевіча і Ягора Лаўрухіна абвінавачваюць ў парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву (арт. 12.17 КаАП). Пра гэта ў фэйсбуку паведамляе Наста Дашкевіч.
Каля 14 гадзін дня на волю адпусцілі і Змітра Дашкевіча.
Абаронцы прапануюць на 29 чэрвеня наступны план дзеянняў:
10:00 – устаноўка крыжоў з боку рэстарана «Поедем поедим»;
12:00 – пачатак варты;
18:00 – акцыя Руху салідарнасці «Разам»;
19:00 – супольная малітва.