Суды за інсталяцыю з ЛГБТ-клумбай перад будынкам МУС: усім па 3 базавыя велічыні Дапоўнена
Студэнты тэатральнай лабараторыі Fortinbras Вольга Рамашка, Надзея Крапівіна і Дзмітрый Яфрэмаў, якія 28 чэрвеня стварылі ЛГБТ-клумбу перад будынкам беларускага МУС, сумна вядомага гамафобнымі поглядамі яго кіраўніцтва, былі затрыманыя, і адпраўленыя да суда ў прыёмнік-размеркавальнік на вуліцы Акрэсціна. Прозвішчы затрыманых перадае ў сацыяльных сетках вядомы драматург і рэжысёр Мікалай Халезін.
Разам з удзельнікамі перфомансу быў затрыманы пазаштатны карэспандэнт агенцтва БелаПАН Андрэй Шаўлюга. Каля 16:00 ён фатаграфаваў акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці.
Меркавана, у першай палове дня 29 чэрвеня, у судзе Маскоўскага раёна Мінска адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі-перфоманса. Артыкулы, па якіх абвінавачваюць студэнтаў і журналіста, пакуль дакладнае невядомыя.
У канцылярыі ў 10 раніцы сказалі, што пратаколы ў суд пакуль не прывезлі. Сабралася шмат журналістаў, прадстаўнікі БАЖу, праваабаронцы, моладзь з тэатра - усяго каля 30-ці чалавек.
Пратаколы правапарушэнняў складзеныя па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне службовай асобе).
Стала вядома, што карэспандэнта агенцтва БелаПАН Андрэя Шаўлюгу адвезлі ў суд Першамайскага раёна. Лёс астатніх затрыманых, па стане на 13 гадзін, невядомы. У далейшым высвятлілася, што цэлую раніцу маладзёнаў вазілі на розных машынах па розных судах і РУУС.
Справы Вольгі Рамашкі і Дзмітрыя Яфрэмава разглядалі ў судзе Завадскога раёна г. Мінска. Суддзя Е.Някрасава пастанавіла Вольгі Рамашке штраф у памеры 3 базавых велічыняў, суддзя Анастасія Осіпчык Дзмітрыю Яфрэмаву - таксама штраф у памеры 3 б.в. Затрымалі іх нібы за парушэнне правілаў добраўпарадкавання горада, але чамусці маёр Ермаловіч склаў пратакол па арт. 23.4 (непадпарадкаванне). У судзе сведка міліцыянт Весялоўскі тлумачыў: "Наколькі я памятаю, ёсць такое адміністрацыйнае правапарушэнне, як парушэнне правілаў добраўпарадкавання горада. Мы іх за гэта і затрымалі". Але пры гэтым не назваў ніякіх прававых падставаў.
На судовых працэсах сведкамі выступалі супрацоўнікі міліцыі Весялоўскі і Кухто. На судзе над А. Шаўлюгам Весялоўскі адразу сведчыў, што відэарэгістратар быў адключаны, але ў Завадскім судзе ўжо высвятлілася, што ўсё ж такі ён быў працоўны, але суддзі Някрасава, Осіпчык не задаволілі хадайніцтвы адвакатаў аб праглядзе відэа. Суддзя Е.Някрасава матывавала гэта тым, што сабраных доказаў ужо дастаткова для вынясення рашэння па справе.
Супрацоўнік міліцыі Весялоўскі адразу даваў паказанні ў судзе Першамайскага раёну, а потым у Завадскім на двух судовых працэсах. Увесь час ён блытаўся ў сваіх паказаннях.
У Першамайскім судзе разгледзелася адміністрацыйная справа журналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгі. Суддзя Анастасія Папко аштрафавала яго на 3 базавыя велічыні. Шаўлюга заявіў на судзе, што супраціў не аказваў, добраахвотна выйшаў з машыны, якая даставіла яго ў РУУС Маскоўскага раёну Менску.
У судзе Маскоўскага раёну суддзя Малашэнка аштрафавала Надзею Крапівіну на 3 базавыя велічыні. Суддзя адхіліла ўсе заяўленныя адвакатам хадайніцтвы, і вынесла пастанову толькі на падставе пратаколаў і тлумачэнняў самой Надзеі.
Ноч актывісты правялі на Акрэсціна.