Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрв'ю з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA-By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).
Як становяцца праваабаронцамі? Кожная гісторыя індывідуальная, як уласна жыццё. Гераіня гэтага інтэрв'ю нават не думала ні пра якое міжнароднае права правоў чалавека – на той момант, калі лёс, увасоблены ў Мінюсце, распарадзіўся іначай, Таццяна Агеева была на вяршыні сваёй адвакацкай кар’еры.
Таццяне Агеевай да трыццацігадовага стажа адвакацкай работы не хапіла года. Сябра Мінскай гарадской калегіі адвакатаў з 1982 года, сябра Прэзідыюма і Атэстацыйнай камісіі МГКА, не раз узнагароджаная і Мінюстам, і Саюзам юрыстаў, не мела ніводнага спагнання – усю яе працу за апошнія тры гады ў студзені-лютым 2011 года, пасля вядомай снежаньскай акцыі пратэста супраць фальсіфікацыі, правяралі КДБ і Мінюст. І 14 лютага Таццяна Агеева была пазбаўленая права займацца адвакацкай дзейнасцю: за абарону ўдзельнікаў Плошчы-2010 і за адстойванне прынцыпаў незалежнасці адвакатуры.
Сёння Таццяна Агеева – аўтар васьмі індывідуальных зваротаў супраць Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваных у Камітэце па правах чалавека ААН; адзін з іх – ад імя Ульяны Захаранка, маці зніклага ў 1999 годзе палітыка Юрыя Захаранка (у суаўтарстве з Уладзімірам Букштынавым). Таццяна Агеева адстойвае ў КПЧ ААН і Мікалая Статкевіча, Алега Волчака, Фёдара Мірзаянава, Мікіту Ліхавіда, Мікалая Дзядка, Леаніда Кулакова, рух «Маці 328».
У 2016-2017 гадах уваходзіла ў рабочую групу па падрыхтоўцы Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабароцаў, якія былі прынятыя на IV Беларускім форуме праваабаронцаў. Тады ж ініцыявала грамадскую дыскусію па Праекце Закона аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці» і стварыла Рэкамендацыі па ўнясенні зменаў і дапаўненняў у гэты праект. Да рэкамендацыяў далучыліся дзесяць праваабарончых арганіацый, пасля чаго яны былі накіраваныя ў Нацыянальны Сход.
Таццяна Агеева працуе юрыстам праваабарончай арганізацыі «Беларускі дакументацыйны цэнтр» і дапамагае ахвярам парушнняў правоў чалавека, удзельнічае ў падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў у камітэты ААН – і, як яна сама кажа, ні на секунду не губляе сувязі з адвакатурай.
«Якія цікавыя ў іх лекцыі – з муляжамі трупаў, з фотаздымкамі!»
Усё жыццё Таццяны Агеевай прысвечанае праву, хаця ў сям’і да яе не было ніводнага юрыста.
– Пасля школы я паступіла на журфак БДУ. А юрфак быў у тым самым будынку. І калі я бачыла, якія цікавыя ідуць у юрыстаў лекцыі – па крыміналістыцы, з муляжамі трупаў, з фотаздымкамі – ўва мне гэта спарадзіла такія сумневы… Я друкавалася ў раённых газетах, бачыла сябе славутым журналістам – але мне хапіла розуму сысці з другога курса і з нуля паступіць на юрфак. Мама, тата, усе плакалі! «Ты скончы адну вну, а далей будзе бачна!»
Але я вырашыла: не, я буду вучыцца на юрфаку. Студэнты юрфака распавядалі такія цікавыя рэчы, у іх гарэлі вочы… Не заразіцца было проста немагчыма. Я падхапіла гэты вірус і дагэтуль хварэю. Права – гэта маё.
«Будзеш юрыстам на мясакамбінаце»
– Так выпадкова я стала студэнткай факультэта правазнаўства, прычым – стацыянара. У сям’і не было юрыстаў. Мама – настаўніца, тата працаваў на аўтакамбінаце, і мы ўсе былі настолькі далёкімі ад закона… «Калі не хочаш быць журналістам, то будзеш юрыстам на мясакамбінаце», як сказала мне мама. Я адказала: пажывем – пабачым.
«Я зразумела, што абвінавачваць – прасцей за ўсё. Гэта абсалютна не творчы працэс»
Але ўжо ў бытнасць студэнткай юрфака, Таццяна Агеева не адразу абрала адвакацкую прафесію:
– Я марыла быць пракурорам. Але адна справа – вучыцца на нейкай спецыялізацыі, і зусім іншая – па ёй працаваць. На другім курсе, на трэцім, на летняй практыцы – я заўжды практыкавалася ў пракуратуры. Толькі ў апошнюю, пераддыпломную практыку мяне накіравалі ў суд сакратаром судовага паседжання. І там я мела магчымасць паглядзець на пракурора, адваката і суддзю – знутры ўбачыць гэтую кухню. І неяк мне не надта захацелася рабіцца пракурорам. Бо пракурор сам па сабе нічога не стварае. Яму даюць гатовую гісторыю злачынства, і ён з гэтай гісторыяй, як дзяцел, падымаецца ў судзе і «ту-ту-ту»… Яго асабістае ў судзе – толькі просьба аб меры пакарання.
– Іншая справа – адвакат. Яму ніхто нічога не дае гатовага. Яму самому трэба знайсці ўсе недахопы, усе слабыя месцы ў абвінавачванні. Самому трэба спрабаваць пераканаць суд, што яго кліент невінаваты, або калі вінаваты – то ў іншай ступені, і знайсці змякчальныя акалічнасці. Гэта неймаверна складана! Я зразумела, што абвінавачваць – гэта самае простае. Гэта абсалютна не творчы працэс. І ён загадзя з усімі ўзгоднены ва ўсіх інстанцыях, усе з ім пагадзіліся. Судді засталося толькі сказаць, колькі.
– А адвакат! – ішая гісторыя! Прастора бясконцай творчасці! Я памятаю свой першы апраўдальны прысуд, калі я прыбегла дадому і сказала, што выйграла справу! – у мяне было столькі эмоцый! Адрэналін біў праз край. Праўда, мой малодшы сын, які вучыўся тады ў класе другім-трэцім, паглядзеў на мяне і спытаў: «А ці многа грошай дадуць?»
«Шанцаў трапіць з вуліцы ў адвакатуру было нуль цэлых нуль дзясятых»
– Адвакатура заўжды была закрытай келейнай арганізацыяй. Там працавалі нечыя дзеці, унукі, сваякі, браты і сваты. Я нікога не мела. І трапіць з вуліцы ў адвакатуру – шанцаў было нуль цэлых нуль дзясятых. Але я, абраўшы мэту, пачала ўгрызацца ў граніт навукі і атрымала дыплом з адзнакай. Я ішла пятай па размеркаванні і мела адзіную магчымасць у першай дзясятцы абраць месца працы. Кажуць, што лепей сіні дыплом і чырвонае аблічча – нічога падобнага! Мой чырвоны дыплом спрацаваў на пяцёрку. Я абрала сабе адвакатуру – ужо цалкам усвядомлена, і не проста адвакатуру, а адвакатуру ў Мінску. І са студэнцкай лаўкі я стала стажорам адваката. Гэта адбылося ў 1982 годзе.
«Пра правы чалавека за пяць гадоў вучобы я не чула ад ніводнага выкладчыка»
Калі Таццяна Агеева вучылася ва ўніверсітэце, правы чалавека былі такой самай забароненай тэмай у СССР, як некалі генэтыка, «прадажная дзеўка імперыялізма»:
– Пра такі курс нават гаворкі не было! Пра правы чалавека за пяць гадоў вучобы я не чула ад ніводнага выкладчыка. Ад ніводнага!
«Не скажаш жа кліенту, што я не маю ніякага ўяўлення, з чым гэта ядуць!»
На пытанне аб тым, дзе Таццяна Агеева ўпершыню сустрэлася з правамі чалавека, яна ўсміхаецца і запытвае: «Адказаць праўду?»
– Я трыццаць гадоў працавала ў адвакацкай калегіі: не проста шараговым адвакатам, а ў кіраўніцтве. У мяне ўжо была свая кліентура. І ўпершыню аб парушэнні нейкіх там правоў чалавека я пачула – вы не паверыце! – ад кліента. Ён мне сказаў: «Паслухайце, Таццяна Мікалаеўна, тут столькі касякоў: і права на абарону парушанае, і тут мяне не азнаёмілі ў час, і тут не даставілі ў другую інстанцыю – ці не звярнуцца нам па дапамогу ў Камітэт па правах чалавека?” І я была вельмі збянтэжанай! Сапраўды, як у гэты камітэт звярнуцца? Не скажаш жа кліенту, што я не маю ўяўлення, з чым гэта ядуць!
–Але патроху пачала вывучаць. Пачала сама чытаць і нават згадваць у сваіх выступах у судзе нейкія нарматыўныя акты. Гэта быў толькі пачатак знаёмства з правамі чалавека: недзе за два-тры гады да пазбаўлення ліцэнзіі.
«Усе справы, дзе я буду бачыць несправядлівыя прысуды, пайдуць у КПЧ ААН»
Таццяна Агеева верыць у тое, што справядлівасць запануе, і ёй яшчэ давядзецца вярнуцца ў любімую прафесію. І праваабарончая дзейнасць істотна паўплывала на яе падыход да працы:
– Мабыць, я наіўная – але я дагэтуль абсалютна ўпэўненая, што мне вернуць ліцэнзію. Аднойчы патэлефануюць з Міністэрства юстыцыі і скажуць: прыяжджайце, забярыце сваю ліцэнзію. Я яе забяру і ў той самы дзень пачну працаваць – я ні на секунду не губляла сувязі з адвакатурай. І цяпер у адвакатуры я буду працаваць зусім іначай. Я буду прымяняць міжнародныя стандарты: з іх пачынаць абарону па ўсіх катэгорыях спраў і імі сканчаць. І усе справы, дзе прысуды будуць несправядлівымі, – пайдуць у КПЧ. Але, каб прыйсці да гэтага, спатрэбіўся час! Трэба было пазбавіцца ліцэнзіі, прайсці шэраг міжнародных адукацыйных праграм, каб зразумець, наколькі важнымі ёсць правы чалавека і якімі запатрабаванымі яны мусяць быць.
«Сядай і пішы кнігу: «Плошча вачыма праваабаронцаў»
Аб праваабароне Таццяна Агеева кажа, што тая сама знайшла яе:
– Не паспелі мы згубіць ліцэнзіі – тады рыхтык ішлі суды па абскарджванні гэтых рашэнняў – як мяне паклікала да сябе Алена Танкачова. І з разбегу кажа мне: «Сядай і пішы кнігу «Плошча вачыма праваабаронцаў». Цэнтр прававой трансфармацыі тады маніторыў падзеі 19 снежня 2010 года. Я пытаюся: як? Я не ўмею пісаць кнігі! Я ніколі не пісала! А мне далі чацьверты раздзел, самы аб’ёмны. Там і роля пракурора, і роля адваката, і права на справядлівы суд – і ўсё гэта трэба злучыць з міжнароднымі стандартамі. Ну што: я села і пачала пісаць! Вось сёння мяне б вярнуць у тую сітуацыю – безумоўна, была б зусім іншая кніга, іншы падыход, змястоўнейшы, больш пісьменны і дэталізаваны.
– А потым, калі кніга была ўжо гатовая, мяне паклікала да сябе Раіса Міхайлоўская ў Беларускі дакументацыйны цэнтр. З лістапада 2012 года і па сёння я там.
«Я разумела, што я – юрыст-міжнароднік самавучка»
Аб адукацыйным праекце BISH, які ладзіць Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Таццяна Агеева адгукаецца з непрыхаванай цеплынёй і захапленнем:
– BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі! Лепшае – ва ўсіх сэнсах!
Калі я ішла вучыцца, я цвёрда сказала, што іду па новыя веды і сістэматызацыю старых; што мне патрэбны базавы падыход да міжнародных стандартаў. Калі я прыйшла працаваць да Міхайлоўскай, тая адразу мяне загрузіла міжнароднымі механізмамі: пісаць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Сёння я маю восем скаргаў у АПЧ, і ўсе – зарэгістраваныя, камунікацыя ідзе. Але ж я раней ніколі гэтым не займалася! Я не ўмела гэта рабіць. Вынаходзіла скаргі, грунтавалася на ўласным бачанні і вельмі дзівілася, што іх рэгістравалі. Я разумела, што я – юрыст-міжнароднік самавук. І калі з’явілася магчымасць падацца на BISH, я ўжо разумела, што лепей за BISH мяне ніхто не навучыць, не раскладзе веды па палічках.
«Калі я чула, як не-юрысты разважаюць аб юрыдычных панятках, у мяне проста вушы згортваліся ад абурэння!»
Адну з асаблівасцяў курса BISH – адзіную праграму навучання юрыстаў і актывістаў без юрыдычнай адукацыі – Таццяна Агеева спярша прыняла ў штыкі:
– Першы час у BISH быў для мяне самым складаным, асабліва чарнігаўская сэсія: проста катастрофа! Калі нас сабралі разам, юрыстаў аказалася мала, а не-юрысты пачынаюць разважаць аб юрыдычных панятках – у мяне проста вушы згортваліся ад абурэння! Непрыняцце было поўнае: як так? Вы ж не маеце ніякага ўяўлення, пра што гаворка, а спрабуеце пераканаць ва ўласнай рацыі! Я проста знемагала першую сэсію. Думала: я загіну за год! Яны ж кажуць зусім не тое, што трэба, і не так, як яно насамрэч! А мы ж адным з першых правілаў у BISH прынялі талерантнасць да чужога меркавання! То бок, адкрыта выступіць і сказаць, што вось ён кажа лухту, мне было забаронена!
Але гэта працягвалася роўна першую чарнігаўскую сэсію:
– З кожным днём я рабілася ўсё болей і болей цярплівай. На другой сэсіі я з такой цікаўнасцю пачала прыслухоўвацца да меркаванняў не-юрыстаў на юрыдычную тэматыку, што мне самой было нават дзіўна: ну гэта ж трэба! А я з гэтага боку нават не зірнула б на праблему! То бок, я сустрэла зусім іншы, свежы позірк, не замылены нашымі юрыдычнымі тэрмінамі. А журналісты, тыя ўвогуле малайцы: так цікава ўмеюць выкласці праблему, што радуешся пачутаму!
«Сваім дыпломам BISH з адзнакай я ганаруся дагэтуль»
Таццяна Агеева мяркуе, што міжнароднае права правоў чалавека, пры правільным яго вывучэнні, дае магчымасць займацца праваабаронай кожнаму чалавеку:
– У нас у групе асноўную масу складалі людзі, далёкія ад юрыспрудэнцыі; юрыстаў можна было па пальцах пералічыць. Але ўсе так актыўна і творча вучыліся! Выконвалі ўсе заданні – і ўсе да адзінага, за малым выключэнем, атрымалі дыпломы. А колькі дыпломаў з адзнакай! Я сваім дыпломам з адзнакай ганаруся дагэтуль
«Зварот да міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека – гэта найперш абавязак ахвяры парушанага права»
– Я думаю, што зварот да міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека – гэта найперш юрыдычны абавязак самой ахвяры парушанага права. Бо з’яўляецца магчымасць, па-першае, аднавіць парушанае права, па-другое, спагнаць кампенсацыю з дзяржавы, а па-трэцяе – атрымаць маральнае задавальненне. На секунду ўявіце, што такая высокая інстанцыя – ААН, Жэнева, палац Вільсана – вашу скаргу разабрала па костках і прызнала, што вы маеце рацыю! – а дзяржава няправільна паводзілася ў дачыненні вас.
І на пытанне аб тым, чаму Беларусь не выконвае рашэнні КПЧ ААН, Таццяна Агеева мае ўпэўнены адказ:
– Пазіцыя дзяржавы не скасоўвае пералічанага вышэй. І я думаю, што рана ці позна нашая дзяржава прыйдзе да таго, што рашэнні трэба выконваць.
«Самы разгорнуты адказ дало Міністэрства ўнутраных справаў»
– Мабыць, гэта і наша адказнасць: зрабіць так, каб мы мелі такую дзяржаву, якая выконвае свае міжнародныя абавязкі?
– Безумоўна! Мы, праваабаронцы, не толькі на тэарэтычным, але і на практычным узроўні спрабуем схіліць дзяржаву да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў. Жывы прыклад: справа Захаранка. Па скарзе адбылося пазачарговае слуханне ў КПЧ, скаргу задаволілі ў поўным аб’ёме, і мы разгарнулі такую бурлівую дзейнасць па імплементацыі гэтага рашэння ў Беларусі: задзейнічалі палову дзяржаўных органаў. І вы ведаеце, яны ўсе пісьмова нам адказалі: і даслалі не проста аднатыпныя шаблонныя адпіскі ў стылі «не будзем выконваць» – а пазначылі, што ў перспектыве, магчыма, выканаюць. Пры тым самы разгорнуты адказ дало Міністэрства ўнутраных справаў, з такім пасылам: у будучыні магчыма ўсё.