У дачыненні да Уладзіміра Хільмановіча пачаты адміністрацыйны працэс
У дачыненні да гарадзенскага публіцыста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча пачаты адміністрацыйны працэс, паведамляе Гарадзенская Вясна.
30 ліпеня на кватэру, дзе пражывае журналіст, з’явіўся прадстаўнік аддзелу прафілактыкі правапарушэнняў Ленінскага РАУС і паведаміў, што ідзе праверка па факце змяшчэння ў інтэрнэце фотаздымкаў у падтрымку зняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.
Ад давання пісьмовых тлумачэнняў Уладзімір Хільмановіч адмовіўся. Пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне пакуль не складзены, але праваабаронца не сумняваецца, што неўзабаве яго чакае разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе.
13 ліпеня ў Гародні Уладзімір Хільмановіч сфатаграфаваўся з партрэтам Алега Сянцова ля муроў Каложскай царквы. Здымкі былі выстаўлены ў інтэрнэце. У гэты дзень па ўсім свеце праходзіў флэшмоб у падтрымку палітвязня. Людзі фатаграфаваліся ў знакавых месцах сваіх гарадоў і выстаўлялі фотаздымкі на інтэрнэт-рэсурсах.