viasna on patreon

Front Line Defenders заклікае Беларусь адмяніць прысуды Фядынічу і Комліку

2018 2018-08-29T15:14:46+0300 2018-08-29T15:14:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Улады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду”, — гаворыцца ў тэрміновым звароце міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, якая лічыць, што пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай ў галіне абароны правоў чалавека.

Front Line Defenders звяртае ўвагу на тое, што паходжанне доказаў, выкарыстаных абвінавачаннем у час працэсу, “выклікае сур'ёзныя сумненні адносна ўсёй справы”.

“Ужыванне артыкула 243 для дыскрэдытацыі праваабарончых арганізацый з'яўляецца тактыкай, якая ўжо выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі для пераследу старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, які правёў тры гады ў турме ў перыяд з 2011 па 2014 гады. Па-ранейшаму не адмененае заканадаўства, якое груба абмяжоўвае дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці, што прымушае многія арганізацыі рэгістравацца за мяжой,” — падкрэслівае Front Line Defenders.

Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі, бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік прысуджаныя да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і без канфіскацыі маёмасці. Да ўступлення прысуду ў сілу яны павінны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і на працягу пяці гадоў не маюць права займаць кіруючыя пасады. Такі прысуд абвясціў 24 жніўня суд Савецкага раёна Мінска пад старшынствам суддзі Марыны Фёдаравай. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Фядыніча і Комліка больш за 47 тыс. рублёў у даход дзяржавы.


Front Line Defenders - Міжнародная праваабарончая арганізацыя са штаб-кватэрай у Ірландыі, якая прадастаўляе тэрміновую і эфектыўную дапамогу праваабаронцам ў небяспецы, каб дазволіць ім працягваць сваю працу ў якасці ключавых агентаў сацыяльных зменаў у сваіх краінах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства