viasna on patreon

“Службовыя асобы Горацкага райвыканкама наносяць істотную шкоду іміджу нашай краіны”

2018 2018-09-27T12:51:50+0300 2018-10-12T12:27:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па факце прымусовай працы па прыборцы морквы і буракоў у Горацкім раёне.

Як стала вядома праваабаронцам з публікацыі на сайце onliner.by, яшчэ 6 верасня Горацкім райвыканкамам было выдадзена распараджэнне аб прыцягненні супрацоўнікоў розных дзяржпрадпрыемстваў г. Горкі на прыборку гародніны колькасцю 100 чалавек у дзень у перыяд з 10 да 29 верасня.

Распараджэнне было падпісана не толькі старшынёй Горацкага райвыканкама Сяргеем Кулагіным, але і шэрагам службовых асобаў: першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргеем Шацкім, кіруючай справамі Наталляй Кавалёвай, загадчыцай юрыдычнага сектару Аленай Кажэка.

Да яго прыкладзены спіс з 20 арганізацый г. Горкі, а кантроль за выкананнем распараджэння ўскладзены на першага намесніка Сяргея Шацкага і намесніка, адказнага за сацыяльную сферу і ідэалагічную працу Сяргея Пруднікава.

“Дадзеныя абставіны сведчаць аб тым, што распараджэнне Горацкага райвыканкама абавязкова для выканання кіраўнікамі названых арганізацый, якія ў мэтах выканання распараджэння абавязаны накіраваць сваіх супрацоўнікаў на працу ў прадпрыемства ААТ “Горацкае” у працоўны час, што ў сваю чаргу надае гэтаму распараджэнню відавочны мабілізацыйны характар.

Ніякіх указанняў на добраахвотнасць накіравання работнікаў названых прадпрыемстваў на ўборку гародніны, а таксама якіх-небудзь спасылак на нормы дзеючага працоўнага заканадаўства, якое дазваляе такога роду «накіраванне» работнікаў, у распараджэнні не ўтрымоўваецца”, - адзначае ў сваёй заяве Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца лічыць, што выдадзенае распараджэнне не адпавядае дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, а яго выкананне прыводзіць да парушэння правоў грамадзянаў у форме прыцягнення іх да прымусовай працы.

Акрамя гэтага ў звароце Валянцін Стэфановіч указвае, што 8-9 кастрычніка 2018 года ў Камітэце ААН па правах чалавека ў Жэневе будуць праходзіць слуханні ў сувязі з прадастаўленнем Рэспублікай Беларусь перыядычнай справаздачы аб выкананні палажэнняў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў тым ліку забараняе прымянення прымусовай працы (арт. 8 МПГПП).

Таксама Камітэтам ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах распачатая працэдура справаздачы Рэспублікі Беларусь аб выкананні адпаведнага Пакту. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі, у сваю чаргу, таксама рыхтуюць справаздачы ў Камітэт, у якіх абавязкова адлюструюць падобнага роду выпадкі прымянення прымусовай працы, што маюць у Беларусі сістэматычны характар.

“Такім чынам, выдаючы распараджэння аб прыцягненні грамадзян да прымусовай працы, службовыя асобы Горацкага райвыканкама, акрамя ўсяго іншага, наносяць істотную шкоду іміджу нашай краіны на міжнародным узроўні”, - падкрэсліў праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч просіць Магілёўскі аблвыканкам адмяніць незаконнае распараджэнне старшыні Горацкага райвыканкама Сяргея Кулагіна і прыцягнуць яго да дысцыплінарнай адказнасці.

Аналагічную заяву праваабаронца накіраваў і пракурору Горацкага раёна, якога папрасіў правесці пракурорскую праверку, адмяніць распараджэнне Горацкага райвыканкама, а таксама прыняць меры пракурорскага рэагавання ў дачыненні да старшыні Горацкага райвыканкама.

Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі Валянцін Стэфановіч прыцягвае ўвагу пракуратуры да праблемы прымусовай працы і парушэння працоўнага заканадаўства. Так, праваабаронца звяртаўся з неаднаразовымі заявамі ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце гібелі вучаніцы Маладзечанскай школы Вікторыі Папчэні на прыборцы бульбы 29 верасня 2016 года, а таксама па факце прымусовай працы на прыборцы ўраджаю кукурузы ў Вілейскім раёне ў лістападе 2016 года, сенакосу ў Глускім раёне ў чэрвені таго ж году і інш. Валянцін Стэфановіч не аднойчы падкрэсліваў, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства