viasna on patreon

Старшыня БХК пра карную псіхіятрыю, альтэрнатыву Быкаву, справы БелТА і Коржыча Фота

2018 2018-09-27T13:57:20+0300 2018-09-27T13:57:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gulak_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатар кампаніі Алег Гулак

Каардынатар кампаніі Алег Гулак

Пра праблемы праваабарончага руху і рэзанансныя справы budzma.by паразмаўляла з Алегам Гулаком, старшынёй РГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”, які быў заснаваны ў 1995 годзе Васілём Быкавым, Святланай Алексіевіч, Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім і іншымі вядомымі асобамі.

Годнасць, роўнасць — пакуль не масавыя каштоўнасці

— Назавіце тры значныя дасягненні, якіх дамогся БХК за 20 з лішнім гадоў працы ў краіне.

— Калі мы пачыналі ў 1995 годзе, нашае грамадства амаль нічога не ведала пра правы чалавека. Сёння, дзякуючы намаганням усіх праваабарончых арганізацый, пра гэтае паняцце ведаюць. Сваёй дзейнасцю мы дапамагалі многім людзям абараніць свае правы ў розных сферах, спрыялі таму, што сітуацыя ў краіне не стала горшай, прасоўвалі станоўчыя змены. Ну і як мінімум аднаму чалавеку мы захавалі жыццё, бо яму замянілі смяротны прысуд на тэрмін зняволення. Цяпер гэты чалавек на волі, не здзейсніў новых злачынстваў, жыве.

— Ці сталі правы чалавека каштоўнасцю для большасці беларусаў?

— На жаль, не. Правы чалавека — гэта перш за ўсё годнасць, роўнасць, стаўленне да чалавека як да мэты ўсёй дзейнасці дзяржавы. Але нашая рэчаіснасць — пра дзяржавацэнтрычнасць, а не пра чалавека, і людзі гадамі выхоўваюцца ў гэтых умовах. Таму, каб адбыліся сістэмныя і цывілізацыйныя змены, патрэбны час і высілкі ўсяго грамадства.

— Калісьці старшынёй назіральнага сойма БХК быў Васіль Быкаў. Як думаеце, сёння праваабарончаму руху патрэбны такі фронтмэн, моцны маральны аўтарытэт, каб аднаўляць давер людзей да праваабаронцаў і праваабарончых каштоўнасцяў?

— Для любых зменаў добра мець хэдлайнера, які сваім аўтарытэтам можа пацягнуць людзей за сабой. Іншая рэч, ці ёсць такія людзі цяпер. Той жа Васіль Быкаў, на жаль, быў аўтарытэтам не для ўсёй нацыі. Цяпер знайсці такія постаці яшчэ складаней, і грамадства не кансалідавалася вакол нейкай агульнай ідэі.

— Калі ўзяць Беларускі Хельсінскі камітэт і, да прыкладу, Дацкі Хельсінскі камітэт, наколькі моцна адрозніваецца праца праваабаронцаў?

— Няма такой краіны, дзе правы чалавека не парушаліся б. Рэч у маштабах іх парушэнняў і магчымасцях іх аднаўлення і забяспечання. Але вось адзін красамоўны факт. У Даніі, як і ў іншых краінах, дзе правам чалавека надаецца вялікая ўвага, акрамя праваабаронцаў, Хельсінскага камітэта працуе вялікі адмысловы дзяржаўны орган — Інстытут па правах чалавека. Ён незалежны, але мае фінансаванне з дзяржбюджэту, бо для краіны гэта важна. У нас пакуль гэта цяжка ўявіць.

Рост злоўжыванняў у псіхіятрыі магчымы

— Якая група самая дыскрымінаваная сёння ў Беларусі?

— Па колькасці парушэнняў — відаць, жанчыны, якіх палова насельніцтва. Іншая рэч, што далёка не ўсе людзі ўспрымаюць дыскрымінацыйныя праявы да жанчын як праблему, бо выхаваныя з пэўнымі ролямі і стэрэатыпамі. Па глыбіні — думаю, цыгане (рома), вернікі некаторых канфесій, нязвыклых нашаму грамадству і ўладам, палітзняволеныя, людзі з інваліднасцю…. Чым менш людзі заўважаныя ў грамадстве, тым з большымі праблемамі сутыкаюцца і тым складаней ім іх вырашаць. Грамадства ж таксама дыскрымінатар, не толькі дзяржава.

— Самая вострая праваабарончая праблема ў краіне сёння?

— Кожнаму баліць сваё… Я лічу самай вострай і сістэмнай праблемай адсутнасць эфектыўных механізмаў абароны і аднаўлення правоў чалавека, перш за ўсё права на справядлівы суд. Калі б быў бы справядлівы суд, шмат праблем не заходзілі б далёка і не рабіліся б сістэмнымі.

— А смяротная кара?

— Гэта непапраўная праблема, але не настолькі сістэмная. Нават калі мы скасуем смяротнае пакаранне, што важна зрабіць, гэта не прынясе такога прарыву ў развіцці правоў чалавека, які даў бы справядлівы суд. Для скасавання смяротнай кары ўмовы ёсць, і патрэбнае толькі дзеянне прэзідэнта. А вось пабудаваць справядлівае правасуддзе адным указам прэзідэнта немагчыма. На жаль, гэта вельмі складаны і комплексны працэс.

— Ці адраджаецца ў Беларусі карная псіхіятрыя?

— Баюся, што так. Апошнім часам такіх зваротаў стала больш. Гэта не зусім тое, што ў савецкія часы, калі карная псіхіятрыя была палітычным інструментам супраць дысідэнтаў. Сёння злоўжыванні збольшага адбываюцца ў дачыненні да людзей, якія шмат скардзяцца ў дзяржорганы ці па пытаннях з маёмасцю. Калі няма чалавекацэнтрычнага падыходу, абарончых інструментаў, небяспека злоўжыванняў у сферы псіхіятрыі павялічваецца, бо людзі страчваюць суб’ектнаць. Нават калі хвароба яшчэ не пацверджаная, чалавека могуць паслаць на прымусовыя абследаванне ці лячэнне, яго аргументы не ўспрымаюцца. Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і праз тое, што ў нас няма магчымасцяў прыцягваць незалежных медэкспертаў у такія справы.

Наш суд пакуль — у звязцы з сілавікамі

— Нядаўна ў Кастрычніцкім судзе Гомельскай вобласці яшчэ да абвяшчэння прысуду пазоўнік выявіў на стале пракурора дакумент, падобны да прынятага рашэння па справе. Наколькі рэальная ў нас праблема, што прысуды вядомыя загадзя? Маштаб з’явы?

— Складана сказаць, наколькі гэта маштабна. Напярэдадні працэсу суддзя павінен падрыхтавацца да справы, ужо мець у галаве нейкую канструкцыю, і няправільна думаць, што ён павінны прыйсці ў суд “з чыстага ліста”. Але калі ўжо надрукаванае рашэнне па справе, ды яно яшчэ ў пракурора…. вось гэта ўжо вялікая праблема. На жаль, у нас дагэтуль захавалася савецкая традыцыя, што суд — частка праваахоўнай сістэмы, орган барацьбы са злачыннасцю. Паглядзіце, хто прыходзіць на публічныя нарады прэзідэнта з сілавым блокам. Пракуратура, МУС, Дзяржкантроль, КДБ і суд. То бок улада бачыць суд не органам юстыцыі, справядлівасці (менавіта так перакладаецца з лаціны “юстыцыя”), а як частку сілавога блоку. Фармальна ў нас раўнапраўе бакоў абароны і абвінавачвання ў судовым працэсе, але на практыцы, як і раней, суддзя і пракурор — у адной звязцы, а адвакат — недзе на задворках. А плюс яшчэ залежнасць суддзяў ад улады. Суддзі нават гавораць пра сябе “государевы люди”. Па Канстытуцыі суд — адна з галін улады, а па факце — галіна на прэзідэнцкім дрэве.

— “Справа БелТА” — ціск на журналістаў перад выбарамі, звычайная гонка за паказчыкамі або пачатак нейкай шматхадовай аперацыі?

— Больш дакладна можна будзе гаварыць, калі мы пабачым вынікі крымінальных спраў. Відавочна, што запалохванне было: можна проста завесці справу, а можна рабіць дэманстратыўныя ператрусы, затрымліваць людзей і паказваць гэта па тэлебачанні. Ці хацелі знарок запалохаць, невядома, але так выглядала. Дакладна, што рэакцыя следчых на дзеянні журналістаў несувымерная. Але сайты працуюць, людзі на волі. Думаю, гэта чыннік таго, што нашы органы ўсё ж такі думаюць пра знешнюю рэакцыю на справу.

— Ці сочыць БХК за справай Коржыча? Ці патрэбная асобная праваабарончая арганізацыя для абароны правоў чалавека ў арміі сёння?

— Сочым праз публікацыі. На жаль, пакуль ніхто не займаецца гэтай праблемай сістэмна, сектар застаецца па-за нашай глыбокай увагай. І цяпер мы бачым, што недаацэньвалі праблему. Але праваабаронцаў не так шмат, таму не ўсё мы можам ахапіць. Было б добра, калі б нехта пачаў спецыялізавацца на гэтай тэме. Бо, як любая закрытая сістэма, армія непазбежна будзе правакаваць парушэнні правоў чалавека.

— Курапаты — найлепшы сімвал таго, што можа быць у дзяржаве, якая не паважае правы чалавека. Нядаўна Зміцер Дашкевіч гучна выказаўся пра тое, што сітуацыя вакол мемарыяла і рэстарана — гэта “рэквіем па нашай “альтэрнатыўнай эліце”, якая маўчыць ці адседжваецца. Чаму БХК не агучыў сваю пазіцыю па праблеме?

— БХК праблемай Курапатаў займаўся якраз увесь час. Апошнія гады нашы юрысты забяспечвалі працу Камітэта па абароне Курапатаў, праваабаронца Гары Паганяйла прайшоў з актывістамі ўсе судовыя інстанцыі з абскарджаннем рашэнняў па ахоўнай зоне мемарыяла. Мы зрабілі што маглі. Пытанне ў тым, як гэта сёння гучыць. Мне прыкра бачыць узровень дыялогу: дзяржава паводзіць сябе дзіўна, але і грамадства невысока паднялося…. Такія балючыя і, не пабаюся гэтага слова, святыя рэчы павінныя аб’ядноўваць. Але, на жаль, мы гэтага не бачым. Для кагосьці гэта зноў тэма барацьбы з Лукашэнкам, для кагосьці — нешта іншае сваё. І тут якраз бракуе асобаў, якія б маглі пераадолець грамадскую дурату і прывесці да стваральнага выніку. Я лічу, што гэтая тэма вышэйшая за разборкі з уладай. Канечне, трэба знайсці парушэнні і вінаватых, але гэта другасная праблема. Першасная — знайсці што зрабіць з гістарычнай памяццю. Мне здаецца, што тое, як мы сёлета адзначылі стагоддзе БНР 25 сакавіка, — прыклад добрай стратэгіі. Для гэтага патрэбныя асобы. У Змітру Дашкевічу я бачу вялікі ўнутраны рост. На жаль, не з усімі гэта адбываецца. Беларусь разграбае наступствы зацяжнога перыяду зменаў. У нас усё працавала на вынішчэнне лідараў. Сёння бракуе асобаў, якія будуць вышэйшыя за канфлікты з уладай. Мы не можам абысціся без дзяржавы, калі хочам рабіць маштабныя змены. З гэтым трэба лічыцца, і час цяпер больш прыдатны для пачатку дыялогу…

— БХК у мінулым годзе падняў крутую тэму пра “пенсійныя пасткі”, у якія трапілі некаторыя катэгорыі людзей. І вашыя намаганні прывялі да змены заканадаўства. Як выйшлі на гэтую тэму?

— Патоку людзей з гэтай праблемай не было — спачатку да нас звярнулася некалькі чалавек. Але мы пабачылі дзірку ў заканадаўстве і зразумелі, што неўзабаве вельмі шмат людзей сутыкнецца з несправядлівасцю. Гэта было хуткаснае непрадуманае рашэнне чыноўнікаў, што, дарэчы, таксама сістэмная праблема.

Частковыя папраўкі ў заканадаўстве сапраўды адбыліся, але праблема да канца не вырашаная.

— Якія новыя выклікі сёння стаяць перад праваабаронцамі ў свеце?

— Ваенныя канфлікты ў еўрапейскім рэгіёне, негатыўны расійскі ўплыў, тэрарызм, войны на Усходзе і праблема ўцекачоў — яны многіх адварочваюць ад правоў чалавека. І ўжо існуе ўстойлівы выраз “shrinking space”, ці звужэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека ў сучасным свеце. Таму сёння праваабаронцы — у пошуку эфектыўных шляхоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства