Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 29 кастрычніка ў Менску
29 кастрычніка 2018 году ў Менску адбылася акцыя "Ланцуг памяці", прысьвечаная памяці расстраляных дзеячоў культуры і навукі ўначы 29 кастрычніка 1937 году.
Высновы:
- Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючым прынцыпам па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі\-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжывалі гвалт. Сваімі дзеяньнямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадзкі парадак і не прадстаўлялі пагрозы грамадзкай бяспецы, а таксама не парушалі правы іншых асобаў.
- У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасьць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, бо ўсе яны былі ў цывільнай форме адзеньня, без ідэнтыфікацыйных знакаў. Знаходжаньне супрацоўнікаў міліцыі на мірных сходах у цывільнай форме адзеньня не дазваляе ўдзельнікам/-цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыям і эфэктыўнаму рашэньню канфліктных сітуацый.
- Перашкодаў працы незалежных назіральнікаў і СМІ не зафіксавана, што зьяўляецца станоўчай практыкай. Варта адзначыць, што згодна з Кіруючымі прынцыпамі, маніторынг мірных сходаў зьяўляецца важнай крыніцай незалежнай інфармацыі аб паводзінах усіх бакоў сходу. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана рознымі спосабамі, у тым ліку, як аснова для дыялёгу паміж уладамі, праваахоўнымі ворганамі і грамадзскай супольнасцю. Справаздачы назіральнікаў дапамагаюць ацаніць эфэктыўнасць дзеючага заканадаўства i паўнату выкананьня дзяржавай пазытыўных абавязкаў па абароне свабоды мірных сходаў.
- У назіральнікаў няма зьвесткаў пра падачу арганізатарамі заяўкі на правядзеньне дадзенага сходу. Разам з тым, паколькі сход быў нешматлікім, статычным, непрацяглым па часе, ён не патрабаваў дэталёвага ўзгаднення з уладамі і праваахоўнымі органамі. Пры гэтым, мы лічым, што папярэдняе паведамленьне ўладаў пра планаваны мірны сход, было б добрай практыкай, якая спрыяе эфэктыўнай камунікацыі ўсіх зацікаўленых бакоў.
- Падчас правядзеньня акцыі пратаколы за парушэньне дзеючага заканадаўства не складаліся. Не зафіксавана затрыманьняў удзельнікаў/-цаў.
Метадалёгія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтар "Вясна" праводзяць сыстэматычнае назіраньне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай мэтадалёгіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучаньне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадзкага кантролю, міжнародным стандартам правядзеньня мірных сходаў і мэтадалёгіі назіраньня; запаўненьне анкеты назіраньня падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкетаў і напісаньне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назіраньня за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытаньні пра магчымасці выкананьня назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцыяў, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-цаў мірнага сходу, супрацоўнікаў/-цаў праваахоўных ворганаў, а таксама наяўнасьць на мірным сходзе хуткай дапамогі. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назіраньня толькі ў выпадку згоды на выкананьне правілаў і прынцыпаў назіраньня (незалежнасьць і палітычная нэўтральнасьць; апісаньне фактаў, а не меркаваньняў; неўмяшальніцтва ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасьць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеяньняў і дыскрымінацыйных практыкаў; карэктныя паводзінаы). Падчас выкананьня сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя пасьведчаньнямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "# СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
За некалькі дзён да акцыі ў сацыяльных сетках зьявіліся заклікі далучыцца да традыцыйнай жалобнай акцыі 29 кастрычніка, каб ушанаваць памяць расстраляных дзеячоў навукі і мастацтва. Падчас правядзеньня мірнага сходу вочна і бесперапынна ажыцьцяўлялі грамадзкі кантроль 2 назіральнікі, якія прайшлі адпаведнае навучаньне і былі пазначаныя належным чынам.
Ход мірнага сходу
Падчас мірнага сходу былі адзначаныя наступныя факты:
- На момант пачатку маніторынгу а 18:50 асобныя ўдзельнікі/-цы і прадстаўнікі СМІ знаходзіліся ля будынку КДБ (пр. Незалежнасьці, 17). Непасрэдны пачатак акцыі быў анансаваны на 19.00. А 18.59 удзельнікі і ўдзельніцы пачалі запальваць сьвечкі ў лямпады і вышыхтоўвацца ў лянцуг, сьпінай да будынку КДБ. Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі дадатковую сымболіку, плякаты, не выкарыстоўвалі лёзунгаў. У акцыі ўзялі ўдзел ня менш за 17 чалавек.
На месцы мірнага сходу прысутнічалі не менш за 30 супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў у цывільнай форме адзеньня, апазнаць іх можна было па рацыях, слухаўках, ручных відэакамерах і іншых спэцыфічных прыкметах. Супрацоўнікі разьмяшчаліся групамі па 2-3 чалавекі вакол месца правядзеньня акцыі (у тым ліку, ня менш за 8 супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў знаходзіліся праз дарогу ад месца правядзеньня акцыі) і актыўна выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны. Ня менш за тры зь іх здымалі тое, што адбываецца (у тым ліку буйным плянам твары ўдзельнікаў/цаў і назіральнікаў/цаў) на ручныя відэакамеры. На месцы акцыі знаходзіўся начальнік АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дз. Балаба.
- Прадстаўнікі/-цы СМІ (ня менш за 17 чалавек) актыўна размаўлялі з удзельнікамі/-цамі акцыі, здымалі тое, што адбываецца на фота- і відэа камэры, бралі інтэрв'ю. Удзельнікі/-цы акцыі актыўна гутарылі зносіны са СМІ.
А 19.37 Мікалай Статкевіч заклікаў пакінуць сьвечкі на прыступках будынку і падыйсці да вокнаў ніжніх паверхаў таго ж будынку. А 19.43 акцыя была аб'яўлена завершанай, удзельнікі/-цы пачалі разыходзіцца.
- На вуліцы Камсамольскай, каля месца правядзеньня акцыі, знаходзіліся 1 аўтобус, 4 мікрааўтобусы, 2 легкавыя машыны без апазнавальных знакаў.
- На бліжэйшых да месца акцыі скрыжаваньнях знаходзіліся 2 супрацоўнікі ДАІ ў форменным абмундзіраваньні.
Рэкамэндацыі:
арганізатарам:
- апавяшчаць гарадзкія ўлады пра заплянаваны мірны сход.
супрацоўнікам праваахоўных ворганаў:
- ажыцьцяўляць ахову грамадзкага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
- прызначаць кантактную асобу зь ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі мірнага сходу;
- не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у мірных сходах, паколькі гэта зьяўляецца адвольным абмежаваньнем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сфэры правоў чалавека.
суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць зьмены ў нацыянальнае заканадаўства з мэтай прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў;