Берасце: чарговы штраф блогеру Пятрухіну
У судзе Ленінскага раёна Берасця – чарговы суд над блогерам Сяргеем Пятрухіным. На гэты раз пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складзены па ч.3 арт. 23.34 (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).
Разгляд адміністрацыйнай справы Сяргея Пятрухіна быў прызначаны на 29 кастрычніка. Аднак берасцейскі блогер хадайнічаў перад судом аб азнаямленні з матэрыяламі справы.
Суддзя Аляксандар Семянчук хадайніцтва задаволіў і прызначыў разгляд на 31 кастрычніка.
З матэрыялаў справы вынікае, што 12 кастрычніка Пятрухін у сацыяльных сетках размясціў відэаролік пра масавае мерапрыемства 14 кастрычніка.
Пятрухін запярэчвае, што нічога не размяшчаў. А ролік, маўляў, быў створаны, каб запрасіць чыноўнікаў на сустрэчу, бо тыя пазбягаюць кантактаў з ініцыятыўнай групай і не дазваляюць праводзіць масавыя мерапрыемствы.
“Факт таго, што гэта выклаў не я, лёгка даказаць”, - заяўляе Пятрухін і хадайнічае, каб суд высветліў адкуль заліта відэа ў сацсеткі.
Хадайніцтвы суд адхіляе і выносіць пастанову аб пакаранні Пятрухіна штрафам у памеры 50 базавых велічынь.