Калегія ў грамадзянскіх справах Вярхоўнага суду Беларусі не задаволіла скаргі Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў, якое прасіла адмяніць папярэджаньні, вынесеныя ўправай юстыцыі Менгарвыканкаму. Пасьля прыняцьця гэтага рашэньня суд адновіць працэс у справе ліквідацыі таварыства (Радыё Свабода).
У Вярхоўным судзе таксама пачаўся разгляд пазову Асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў “Асамблея” да Мінюсту, які адмовіўся рэгістраваць гэтае аб’яднаньне. Управа юстыцыі Менскага гарвыканкаму вынесла Незалежнаму таварыству тры папярэджаньні. Гэтага дастаткова, каб ліквідаваць арганізацыю ў судовым парадку. Але два з гэтых папярэджаньняў актывісты арганізацыі палічылі неабгрунтаванымі. У адным зь іх таварыства абвінавачваецца ў перашкодзе чыноўніку Мінюсту Аляксандру Харытону праводзіць праверку арганізацыі “Next Stop New Life”, у другім — у незаконнасьці публікацыі матэрыялу ў незарэгістраваным часопісе “Асамблея”.
Менскі гарадзкі суд прызнаў слушнасьць і абгрунтаванасьць папярэджаньняў ды пачаў разглядаць справу аб ліквідацыі таварыства. Але сябры таварыства падалі скаргу ў Вярхоўны суд. 22 сьнежня калегія ў складзе судзьдзяў Жукоўскай, Кулік і Бабкова разгледзела гэтую скаргу і пакінула ў сіле рашэньне гарадзкога суду. Старшыня Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў Алена Танкачова так пракамэнтавала гэтае рашэньне:
(Танкачова: ) “Я ўпэўненая, што Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў, якое працуе з 1996 году са шматлікімі грамадзкімі арганізацыямі і аказвае ім юрыдычную дапамогу, проста ператварылася ў пэўным сэнсе ў цэнтар уплыву. Бясспрэчна, гэтае становішча не задавальняе органы юстыцыі. Таму ідзе зачыстка любых уплывовых групаў. Калі падыходзіць да гэтага з гумарам, то мы разглядаем гэта як прызнаньне нашых заслугаў”.
Разгляд скаргі асацыяці “Асамблея” судзьдзя Вярхоўнага суду Сьвятлана Яхнавец пачала нетрадыцыйна. Яна павіншавала ўсіх прысутных з надыходнымі Калядамі й Новым годам ды папрасіла “Пана Езуса Хрыстуса дапамагчы разгледзець гэтую справу ў ладзе, згодзе й міры”.
Акывісты асацыяцыі “Асамблея” прасілі суд адмяніць рашэньне Мінюсту, які адмовіў асацыяцыі ў рэгістрацыі. Судзьдзя Яхнавец была зьдзіўленая, што чыноўнікі Мінюсту паўтара году не разглядалі дакумэнтаў асацыяцыі, хаця й ня мелі да іх ніякіх прэтэнзіяў, а пасьля нематывавана адмовілі ў рэгістрацыі.
На думку судзьдзі, рашэньне Мінюсту, што грунтавалася на рашэньні спэцыяльнай камісіі на чале з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Алегам Праляскоўскім, ёсьць бязглузьдзіцай. У перапынку старшыня рабочай групы “Асамблеі” Алесь Бяляцкі сказаў у інтэрвію беларускай “Свабодзе”:
(Бяляцкі: ) “Відавочна, што падставы Мінюсту, паводле якіх незарэгістраваная “Асамблея”, ня ёсьць законнымі й недастаткова прыстойна падрыхтаванымі. Такім чынам, мы бачым, як прафануецца сама ідэя выкананьня заканадаўства ў нашай дзяржаве”.
Ніводная падобная скарга яшчэ не была задаволеная, і Алесь Бяляцкі думае, што Вярхоўны суд ня будзе ствараць прэцэдэнту. Рашэньне ў гэтай справе будзе прынятае днямі.