Кіраўніца грамадскай назіральнай камісіі схлусіла пра сустрэчу з палітвязнем
Выдатная фантазія старшыні рэспубліканскай ГНК Таццяны Краўчанка малюе ёй тое, чаго на самай справе ніколі не было.
Праваабарончы сайт mspring.online піша аб тым, што Таццяна Краўчанка, кіраўнік рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, падчас семінара «Грамадскі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сістэмы» схлусіла пра тое, што яна размаўляла з палітвязнем Міхаілам Жамчужным.
На сустрэчы, якую праводзілі 6 снежня Міністэрства юстыцыі і Мінскі Інфармацыйны пункт Савета Еўропы, Краўчанка абвінаваціла Жамчужнага у тым, што «ён пастаянна скардзіцца».
– Мы спецыяльна выязджалі ў Магілёў, дзе ён зараз адбывае пакаранне, і нічога такога не ўбачылі. Вы мне даруйце, але гэта не дом адпачынку і не санаторый, каб яму стваралі асаблівыя ўмовы, – заявіла тады чыноўніца.
Прычым Краўчанка схлусіла пра тое, што падчас сустрэчы з членамі ГНК Жамчужны скардзіцца не спыняў:
– Мы з ім сустракаліся, і ён казаў тое ж самае. Ён усім кажа адно і тое ж, нажаль, – упэўнена заявіла перад прадстаўнікамі Савета Еўропы і чыноўнікамі кіраўніца ГНК.
Ужо тады праваабаронца і сябра абласной ГНК Барыс Бухель назваў словы Краўчанкі хлуснёй. Ён быў у складзе той жа дэлегацыі, што і яна. Разам яны ў сакавіку 2018 года наведалі горацкую папраўчую калонію, дзе трымаюць Жамчужнага. Але з самім палітвязняў ім сустрэцца не далі.
“Вясна” апублікавала гісторыю пераследу Міхаіла Жамчужнага, дзе прыводзіцца вытрымка з адказу Таццяны Краўчанка:
"Ажыццявіць гутарку з асуджаным Жамчужным М. не прадставілася магчымым".
У дадатак словы пра размову з Краўчанкай абверг і сам Міхаіл Жамчужны, пра што паведаміла ў сябе ў Facebook праваабаронца Таццяна Рэвяка.