viasna on patreon

Суд па справе Зайдэс супраць "Новага Часу" праходзіць ў Мінску Дапоўнена

2018 2018-12-27T17:29:00+0300 2018-12-27T20:47:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_zaides_novychas_6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галоўная рэдактарка "Новага Часу" Аксана Колб, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна і юрыст БАЖ Алег Агееў. Фота ПЦ "Вясна"

Галоўная рэдактарка "Новага Часу" Аксана Колб, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна і юрыст БАЖ Алег Агееў. Фота ПЦ "Вясна"

Як паведамляе "Новы час", 27 снежня з 14.30 у судзе Савецкага раёна Мінска адбываецца асноўнае судовае пасяджэнне паводле пазову аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі бізнесоўца Леаніда Зайдэса да недзяржаўнай агульнанацыянальнай беларускамоўнай газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына.

Леанід Зайдэс, адзін з уласнікаў сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплекса «Поедем Поедим» (колішні «Бульбашъ-холл»), патрабуе спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 8000 беларускіх рублёў: 5000 з выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства “Час навінаў” — выдаўца газеты «Новы Час» і 3000 з журналіста Дзяніса Івашына.

Прычынай сваіх маральных пакутаў, як вынікае з пазову ў суд ад 20 лістапада, ён лічыць публікацыі з цыкла журналісцкіх расследаванняў Дзяніса Івашына. Журналіст-расследавальнік раскрыў схему пабудовы, а таксама выявіў большасць асобаў і юрыдычных структур, якія, паводле ягонага меркавання, датычныя да будаўніцтва рэстараннага комплекса каля гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты».

У першай частцы цыкла, апублікаванай 13 чэрвеня 2018 года, пазоўнік патрабуе абвергнуць словы: 

Пазасталымі патрнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthon Realty LLC і Bealcy Investments Ltd”.

Апроч гэтага Зайдэс патрабуе абвергнуць інфармацыю, размешчаную на сайце “Новага Часу” 19 ліпеня 2018 года да відэарэпартажа пра прэс-канфэрэнцыю Івашына. Бізнесовец мае прэтэнзіі да наступных слоў у публікацыі: “Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Зайдэса і Сурыса вядзецца крымінальная справа за траты…”.

«Менавіта будаўніцтва побач з Курапатамі, якое паводле прадстаўлення Генпракуратуры РБ з 17 лістапада 2012 года было кваліфікаванае як з парушэннем закона, і спрычынілася непасрэдна да сапсавання дзелавой рэпутацыі, нівелявання гонару й годнасці Леаніда Зайдэса. Ягонае імя разам з імёнамі іншых забудоўнікаў назаўжды будзе асацыявацца з размяшчэннем забаўляльнага комплекса з гулянкамі і феерверкамі каля найвялікшага ў Беларусі чалавечага магільніка з дзясяткамі тысяч ахвяр сталінскага рэжыму. Пра які гонар і годнасць можа ісці гаворка, калі нацыянальная гістарычная памяць свайго ж народу растаптаная жарсцю камерцыйнай нажывы?» – зазначыў Дзяніс Івашын у каментары карэспандэнту Службы маніторынгу ГА «БАЖ».

Папярэдняе судовае пасяджэнне адбылося 17 снежня, на якое пазоўнік Леанід Зайдэс не прыйшоў.

Пазоў разглядае намесніца старшыні суда Савецкага раёна Мінска Вераніка Абрамовіч.

Яна ж вяла судовы працэс па справе аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Аркадзя Ізраілевіча супраць «Новага Часу» і Дзяніса Івашына. Бізнес-партнёр Леаніда Зайдэса, патрабаваў у якасці маральнай кампенсацыі за публікацыю пра яго інфармацыі ў журналісцкіх расследаваннях спагнаць з рэдакцыі газеты і журналіста – 40 тысячаў і адну тысячу рублёў адпаведна. Тады па выніках слухання справы пазоў Ізраілевіча суддзя адхіліла.

Сёння Леанід Зайдэс у судзе таксама адсутнічае. Яго інтарэсы прадстаўляе адвакатка Яўгенія Патапава.

Адвакатка Леаніда Зайдэса Яўгенія Патапава. Фота ПЦ
Адвакатка Леаніда Зайдэса Яўгенія Патапава. Фота ПЦ "Вясна"

14.40. Адказчыкі («Новы Час» і Дзяніс Івашын) заявілі шэраг хадайніцтваў аб далучэнні дакументаў да справы. Хадайніцтвы задаволеныя.

14.50. Адвакатка Леаніда Зайдэса Яўгенія Патапава зачытвае сутнасць позвы і патрабаванні. З яе словаў Зайдэс не знаходзіўся ў вышуку ва Украіне і да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Яна патрабуе спагнаць з «НЧ» выдаткі па аказанні юрыдычнай дапамогі.  

15.10 Адвакатка «НЧ» Марыя Колесава-Гудзіліна задае ўдакладняючыя пытанні Патапавай: «Вы сцвярджаеце, што ваш давернік не мае дачынення да незаконнай будоўлі ў Курапатах. Ці мае ён дачыненне да фірмы «Квартал-МЗС буд?»

Патапава: «Мне гэта невядома. Гэта не ўваходзіць у мой прадмет даказвання па дадзенай справе». Яна ж: «Мой падабаронны як фізічная асоба ўдзелу ў будоўлі рэстарану не прымаў». Колесава-Гудзіліна указвае на тое, што Зайдэс праводзіў прэс-канферэнцыю, дзе выступаў як уласнік рэстарацыі «Паедзем, паядзім». Навошта, — пытаецца адвакатка «НЧ», калі ён не мае дачынення да будоўлі?    Патапава: «А навошта Івашын піша свае артыкулы? Кожны чалавек мае права на выказванне грамадзянскай пазіцыі».

15.24 Марыя Колесава-Гудзіліна спрабуе высвятліць у адвакткі Зайдэса яго датычнасць да ўкраінскіх фірмаў. Тая ўхіляецца ад адказу і просіць суд здымаць пытанні. Суд іх здымае.

Яўгенія Патапава зачытывае пераклад ліста бізнес-партнера Зайдэса, кампаніі «ОК Маркет» ад 15 жніўня, у якім ён піша, што «наша фірма даведалася, што вы знаходзіцеся пад следствам» і абвяшчае аб спыненні супрацы з Зайдэсам.

Марыя Колесава-Гудзіліна ставіць змест ліста пад пытанне.

15.40 Яўгенія Патапава выказалася аб маральных пакутах Зайдэса ў сувязі з распаўсюджанай пра яго «хлуслівай» інфармацыі. Скончыла сваю прамову словамі «мне вас шкада» — на адрас Марыі Колесавай-Гудзілінай.

Пытанні адвакатцы Зайдэса задае галоўная рэдактарка НЧ Аксана Колб. Першая паводзіць сябе надта эмацыйна. Суддзя робіць заўвагу абедзвюм. «Змаганне» ідзе вакол адной фразы з артыкула Дзяніса Івашына, у якой ідзе гаворка аб датычнасці Зайдэса да «Паедзем, паядзім».

Яўгенія Патапава: «Так, мой давернік з'яўляецца ўдзельнікам ААТ «Квартал-МЗС», але не заснавальнікам».

Асноўны аргумент абароны Зайдэса, відаць, наступны: калі «Паедзем, паядзім» стаіць не ў ахоўнай зоне Курапатаў, то інфармацыя ў артыкуле Івашына — непраўдзівая. 

15.55. Выступае Марыя Колесава-Гудзіліна — адвакатка «НЧ». Апелюе да пастановы Пленума Вярхоўнага суда. Кажа, што дадзеныя не датычныя пазоўніка асабіста не з'яўляюцца абразлівымі і не шкодзяць дзелавой рэпутацыі. Падкрэслівае, што Зайдэс не звяртаўся ў «Новы Час» з просьбай абвергнуць дадзеныя, якія яго, нібыта «ганьбяць». Хаця такое права прадугледжана законам.

16.29. Аксана Колб падтрымала тлумачэнні Марыі Колесавай-Гудзілінай і нагадала, што на працэсе не разглядаецца пытанне законасці ці незаконнасці будоўлі ў Курапатах. Падкрэслівае: на момант, калі пазоўнік прымаў удзел у будаўніцтве, яно і было незаконным — пра што і вядзецца гаворка ў артыкуле. Суддзя пытаецца Аксану Колб: ці незаконнае будаўніцтва ў Курапатах сёння? Аксана кажа, што як грамадзянін яна б адказала, што незаконнае і што, верагодна, у атрыманні дазволу ёсць карупцыйны складнік. Але цяпер і з фармальнага пункту гледжання — законнае.   У перапынку прысутных сустракалі два супрацоўніка Савецкага РУУС, адзін з якіх - сумнавядомы рэгулярным удзелам у палітычных рэпрэсіях Цімур Барысавіч Кессель.  

17.18 Пасля перапынку слова ўзяў Дзяніс Івашын. 

Журналіст газеты Дзяніс Івашын. Фота ПЦ
Журналіст газеты Дзяніс Івашын. Фота ПЦ "Вясна"

Галоўны тэзіс: у артыкулах указаны персанальны пункт гледжання аўтара, часта скарыстоўвае слова "меркавана". Як аўтар расследвання ён мае права рабіць здагадкі. Патапава спрабуе аспрэчыць ягоныя словы, просіць працытаваць артыкул.

17.32 Выступае абаронца Дзяніса Івашына юрыст БАЖ Алег Агееў:

"Ацэначнае меркаванне майго падабароннага аб незаконнасці будоўлі рэстарана грунтуецца на высновах дзяржаўных органаў".

17.45 Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. 

18.20 Суд запрасіў лінгвістычную экспертызу першай спрэчнай фразы - «Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd» - у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Эксперт устанавіў, што спрэчны зварот адносіцца да слова «партнёры». У якасці эксперта выступіў першы намеснік дырэктара по навуковай рабоце Цэнтра, дырэктар філіяла «Iнстытут мовы і літаратуры», доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец.

18.35 Прадстаўніца Зайдэса Яўгенія Патапава заявіла хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы шэрагу дакументаў. Пра большасць з іх ішла гутарка раней падчас паседжання. У тым ліку, даведка аб тым, што Зайдэс зʼяўляецца сузаснавальнікам ТАА «МАГ-2000».

Суд адмовіў у далучэнні ліста англійскай фірмы аб тым, што яны не хочуць супрацоўнічаць з Зайдэсам, бо няма натарыяльна завераннага пераклада.

Прадстаўніца Зайдэса хадайнічае аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы наконт таго, ці ўтрымліваецца інфармацыя аб датычнасці Зайдэса ў вышэйзгаданай спрэчнай фразе ці ва ўсім артыкуле.

Марыя Колесава-Гудзіліна супраць, бо лічыць ужо праведзеную экспертызу вычарпальнай. Звяртае ўвагу, што пазоўнік выходзіць за межы заяўленных патрабаванняў, просячы экспертызу ўсяго артыкула.

Хадайніцтвы аб экспертызе адхілілі.

19.20 Рашэнне суда будзе абвешчаны 28 снежня ў 10 гадзін раніцы.

Галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб. Фота ПЦ "Вясна"
Галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб. Фота ПЦ "Вясна"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства