Актывіст праз суд патрабуе кампенсацыю за яго знішчаныя кнігі
Грамадскі актывіст Ігар Багачак накіраваў пазоў у суд Савецкага раёна, у якім просіць спагнаць з дзяржавы на яго карысць 700 беларускіх рублёў за знішчаныя без пастановы суда кнігі і друкаваныя выданні, што былі канфіскаваныя ў яго падчас агляду ў сакавіку 2017 года.
Нагадаем, напярэдадні Дня волі – 23 сакавіка 2017 года – да актывіста прыйшлі з аглядам супрацоўнікі Савецкага РУУС г. Мінска. Яны нібыта шукалі зброю, выбуховыя рэчавы, аднак замест гэтага забралі 70 кніг і іншых друкаваных выданняў, а ў адносінах да Ігара Багачака склалі пратакол па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”. Аднак справа да суда так і не дайшла, а кнігі ўсё адно былі знішчаныя. Ігар Багачак абскардзіў такія незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, за што у выніку адзін з іх быў пазбаўлены бягучай прэміі.
Адметна яшчэ і тое, што калі актывіст пайшоў знаёміцца з матэрыяламі сваёй адміністрацыйнай справы ў Савецкі РУУС, ён даведаўся, што ўчастковы Сяргей Кулічэнка прыйшоў у яго кватэру з аглядам без санкцыі пракурора.
“Такім чынам, незаконнымі дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска мне была нанесеная маёмасная шкода ў выглядзе знішчэння друкаваных выданняў у колькасці 70 асобнікаў, што належылі мне на правах уласнасці. Памер нанесенай шкоды я ацэньваю ў 700 рублёў”, - піша ў сваём пазове Ігар Багачак і просіць суд спагнаць такую сумму з фінансавага аддзела Адміністрацыі Савецкага раёна.
Юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка ў сваю чаргу адзначае, што акрамя права ўласнасці на кнігі, якія міліцыя знішчыла без рашэння суда, было парушана і права на недатыкальнасць жылля Ігара Багачака, паколькі супрацоўнікі міліцыі правялі несанкцыянаваны агляд.
Тым не менш, арт. 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах забяспечваюць права на недатыкальнасць жылля:
“Ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, самавольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля ці тайну яго карэспандэнцыі або незаконным замахам на яго гонар і рэпутацыю.
Кожны чалавек мае права на абарону закону ад такога ўмяшання або такіх замахаў”.
На недапушчальнасць такіх замахаў згадваецца і ў дакладзе Amnesty International, які быў прадстаўлены ў Камітэт па правах чалавека ААН напярэдадні разгляду пятага перыядычнага даклада Беларусі ў 2018 годзе.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96