Пяць аргументаў для Канстытуцыйнага суда па "гвалтоўных знікненнях"
Кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская ўжо каля 20 гадоў змагаецца за аднаўленне правоў гвалтоўна зніклых палітыкаў і іх сем'яў. У сераду, 6 лютага гэтага года, яна звярнулася ў Канстытуцыйны Суд Беларусі з просьбай прадугледзець у Крымінальным кодэксе гвалтоўнае знікненне, як асобны від злачынства.
На гэта праваабаронцу наштурхнулі Заключныя заўвагі Камітэта правоў чалавека ААН па пятым перыядычным дакладзе Беларусі. Камітэт у адным з заўваг пазначыў, што нашай дзяржаве варта, апроч усяго іншага, рэальна прадугледзець крымінальную адказнасць за гвалтоўныя знікненні ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Сапраўды, гэта магло б вырашыць шмат існуючых і патэнцыяльных праблем у Беларусі.
"Сітуацыя з расследаваннем спраў, відавочна, зайшла ў тупік. У траўні гэтага года споўніцца 20 гадоў з пачатку чарады знікненняў палітыкаў Ю.Захаранкі, В.Ганчара, А.Красоўскага і З.Завадзкага. На жаль, хутчэй за ўсё, гэтыя людзі мёртвыя... Але ў іх засталіся сем'і: маці, жонкі, дзеці і ўнукі. На працягу ўсіх гэтых вар'яцка доўгіх для іх гадоў ніхто не атрымаў ніякай дапамогі ад дзяржавы, ніякіх сацыяльных гарантый наша прававая сацыяльная дзяржава ім не прадаставіла. Больш за тое, сем'і не могуць скарыстацца нават сваёй маёмасцю па той прычыне, што іх зніклыя сваякі не маюць належнага прававога статусу — іх няма, яны нідзе... Маці Юрыя Захаранкі свае апошнія гады спрабавала прызнаць свайго сына памерлым для таго, каб прыняць у спадчыну ўласнасць, апошнюю пасля яго. Так і не дачакалася рашэння суда. Прававы прабел, які калечыць жыццё ні ў чым невінаватых людзей — вось такая сітуацыя," — адзначае Раіса Міхайлоўская.
Гвалтоўныя знікненні з'яўляюцца аднымі з самых цяжкіх злачынстваў, якія не могуць быць апраўданыя ніякімі выключнымі абставінамі. Гэта складаная з'ява, якая ўплывае як на ахвяру, так і на яе сям'ю. Гвалтоўныя знікненні прыводзяць да парушэнняў цэлага комплексу правоў чалавека, гарантаваных многімі міжнароднымі актамі па правах чалавека. Аднак гэтага не гарантуе Беларусь.
Прыводзім пяць галоўных аргументаў са звароту праваабаронцы ў Канстытуцыйны суд аб неабходнасці крыміналізацыі гвалтоўных знікненняў у Беларусі.
1. Асаблівая працэдура расследавання гвалтоўна зніклых у Беларусі
Як вядома, факты гвалтоўных знікненняў у Беларусі, на жаль, мелі месца. Так, гаворка ідзе пра тыя чатыры гучныя кейсы 1999-2003 гг. палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і відэааператара Дзмітрыя Завадскага.
Нагадаем:
Інфаграфіка с сайта bydc.info
На практыцы ўсе гэтыя прэцэдэнты беларускія органы папярэдняга расследавання кваліфікавалі як “забойства”. Аднак гвалтоўныя знікненні з'яўляюцца больш цяжкімі злачынствамі, цягнуць парушэнне правоў не аднаго чалавека і маюць шэраг спецыфічных асаблівасцяў.
"Асноўнае адрозненне такога роду злачынстваў складаецца ў тым, што да іх могуць быць датычныя асобы ў афіцыйным статусе (вайскоўцы, службовыя асобы) і, як правіла, вынікам такіх злачынстваў з'яўляюцца пазасудовыя пакаранні смерцю і катаванні ахвяры знікнення. Магчыма, менавіта таму ў аператыўным расследаванні гэтых злачынстваў дзяржава не зацікаўленая, а само расследаванне ўяўляе сабой цынічную імітацыю "крапатлівай" працы следства. Кожныя тры месяцы папярэдняе расследаванне прадаўжаецца, а расследаванне крымінальнай справы па факце забойства Дзмітрыя Завадскага і зусім прыпынена з сакавіка 2006 г. (13 гадоў!). Ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання ні сваякам, ні грамадскасці не прадастаўляецца. На розныя звароты, хадайніцтвы зацікаўленых бакоў і пацярпелых даюцца фармальныя адпіскі", — падкрэслівае кіраўніца БДЦ.
Таму крыміналізацыя такога віду віду злачынства як "гвалтоўнае знікненне" прывядзе да асаблівай працэдуры яе расследавання, як больш цяжкага злачынства.
2. Гвалтоўна зніклыя ≠ без вестак зніклыя
Да гэтага часу ў дачыненні да Завадскага, Захаранкі, Ганчара і Красоўскага не склалася агульнай карціны адносна іх юрыдычных статусаў. Дзмітрый Завадскі прызнаны судом памерлым, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі — без вестак адсутнымі. Прававы статус Юрыя Захаранкі не вызначаны да гэтага часу.
На 124-й сесіі КПЧ ААН, дзе беларускія ўлады ўпершыню за 20 гадоў давалі справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека, на пытанне членаў Камітэта пра расследаванне выпадкаў гвалтоўных знікненняў у Беларусі прадстаўніца Следчага камітэта Галіна Суздалева патлумачыла, што "ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адсутнічае тэрмін "гвалтоўныя знікненні”". І далей прадэкламавала статыстычныя дадзеныя аб разысканных ў Беларусі без вестак зніклых і раскрывальнасці забойстваў.
Праваабаронца Раіса Міхайлоўская, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:
"На вачах усяго свету прадстаўніца афіцыйнай дэлегацыі дзяржавы падмяніла паняцці крымінальнага дзеянні "гвалтоўнае знікненне" больш шырокім паняццем “прапаў без вестак”. Апошняе можа адбывацца без крымінальнага кантэксту, напрыклад, у выніку няшчаснага выпадку ці стыхійнага бедства. Тут зусім іншая сітуацыя".
На гэта прадстаўніцы СК пазней паказалі члены Камітэта ААН. Цікава тут тое, што пры гэтым беларускія следчыя пры расследаванні гэтых спраў самі выкарыстоўваюць словы "знікненне", "гвалтоўна знік".
Крыміналізацыя гвалтоўнага знікнення ў беларускім заканадаўстве пацягнула б усталяванне юрыдычнага статусу ахвяры адпаведнага рэальным абставінах таго, што адбылося. Гэта пытанне вельмі актуальнае на сённяшні дзень у дачыненні да Юрыя Захаранкі, які на дадзены момант не мае ніякага статусу.
3. Аднаўленне правоў членаў сям'і гвалтоўна зніклых
Пры гвалтоўным знікненні парушаецца цэлы комплекс правоў і свабод чалавека. У гэтым выпадку парушаюцца правы не толькі ахвяры, але і членаў сям'і гэтага чалавека. Усё ўзаемазвязана. Калі ахвярай злачынства становіцца чалавек, які з'яўляецца асноўным карміцелем у сям'і, то яго знікненне пацягне парушэнне не толькі грамадзянска-палітычных, але і эканамічных, сацыяльных, культурных правоў членаў яго сям'і (права на абарону сям'і і аказанне ёй дапамогі; права на здароўе; права на адукацыю). Як гэта мела месца са зніклымі беларускімі палітыкамі.
Ахвярамі гэтага злачынства прама ці ўскосна могуць таксама аказвацца дзеці. Страта дзіцем каго-небудзь з бацькоў у вынiку гвалтоўнага знікнення таксама з'яўляецца сур'ёзным парушэннем правоў дзіцяці, прадугледжаных Канвенцыяй аб правах дзіцяці. У кейсах зніклых палітыкаў іх непаўналетнія дзеці (Валерыя Красоўская, Юлія Захаранка, Юрый Завадскі) не атрымлівалі дапамогі па страце карміцеля.
Сваякі зніклых палітыкаў не атрымалі належнай кампенсацыі ад дзяржавы. Маці Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі не атрымлівалі ніякай дапамогі ад дзяржавы па прычыне страты карміцеля, дажываючы свае дні на невялікую пенсію.
З-за праблем з усталяваннем юрыдычнага статусу зніклых грамадзян у пацярпелых (членаў сем'яў) узнікаюць праблемы з прыняццем спадчыны. Сваякі да гэтага часу не могуць распараджацца маёмасцю зніклых членаў сям'і.
4. Выкананне Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў
Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, забеспячэнне ім адпаведнасці заканадаўства. Так сказана ў артыкуле 8 Канстытуцыі і многіх іншых беларускіх актах, аднак на практыцы справы ідуць па-іншаму. У беларускіх судах суддзя пры вынясенні рашэнняў практычна не спасылаюцца на нормы міжнароднага права і міжнародныя стандарты ў вобласці ў правоў чалавека.
Аднак у 2018 годзе Беларусь упершыню за 20 гадоў прадаставіла ў Камітэт па правах чалавека ААН справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У дзяржаўных СМІ гэта называюць "значнай падзеяй для краіны".
Нягледзячы на тое, што пра яго змест доўга яшчэ будуць успамінаць праваабаронцы і члены Камітэта, гэта можна лічыць пачаткам выканання Беларуссю сваіх прамых міжнародных абавязацельстваў.
Скрыншот с сайта mfa.gov.by
У выпадку узаконенняў крымінальнай адказнасці за гвалтоўныя знікненні, акрамя ўсяго іншага, узніклі б рэальныя прававыя асновы для місіі ў Беларусь Рабочай групы па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях пры Вярхоўным камісары па правах чалавека ААН. Справы аб знікненні ў Беларусі беларускіх палітыкаў знаходзяцца ў Рабочай групе ААН пад пільнай ўвагай ужо доўгі час. Міжнародныя спецыялісты неаднаразова звярталіся да беларускага ўраду з просьбай аб наведванні краіны, аднак адказу не атрымана да гэтага часу...
Таму крыміналізацыю гвалтоўнага знікнення варта расцэньваць, акрамя ўсяго іншага, як выкананне Беларуссю сваіх прамых міжнародных абавязацельстваў, як дзяржавы-ўдзельніцы ААН, а не нейкая там "значная падзея для краіны". Выкананне дзяржавай Заўваг, у тым ліку, прадэманструе гатоўнасць Беларусі добрасумленна працягваць супрацоўніцтва з ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.
5. Папярэджанне гвалтоўных знікненняў ў будучыні
Не выключана, што гвалтоўныя знікненні ў Беларусі могуць адбыцца і ў далейшым. Асабліва ў святле апошніх палітычных падзей у суседніх з намі краінах. Да такіх сітуацый трэба быць гатовымі, у тым ліку, заканадаўча. Так, гэта новае паняцце ў міжнародным крымінальным праве. Яго з'яўленне звязана з тым, што ў краінах з нестабільным палітычным становішчам, высокім узроўнем злачыннасці або якія ўдзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце вялікая колькасць людзей знікае без вестак. За апошнія 35 гадоў ААН перадала каля 55 тысяч выпадкаў знікнення 105 дзяржавам. Гэтая лічба, якая сведчыць пра сур'ёзнасць дадзенага пытання ва ўсім свеце. Таму і Беларусь павінна знаходзіцца ў сучасным міжнародным працэсе развіцця ідэй правоў чалавека і пастаянным пошуку адказу на новыя выклікі часу. Крымінальная адказнасць за гвалтоўныя знікненні прадугледжана ў многіх краінах.
Варта адзначыць, што каля 15 краін кадыфікуецца паняцце "гвалтоўныя знікненні". У крымінальным заканадаўстве значнай часткі дзяржаў — членаў Савета Еўропы гвалтоўнае знікненне лічыцца злачынствам супраць чалавечнасці, вызначэнне якому прайграваецца з Статута Міжнароднага Крымінальнага Суда.
Такая з'ява, як гвалтоўныя знікненні, на жаль, не сышла ў мінулае і не абмяжоўваецца нейкім геаграфічным крытэрыем. Наадварот, гэта з'ява відазмяняецца і ўзнікае ў іншых кантэкстах, прымаючы новыя формы. Для прыкладу возьмем Украіну. Так, па дадзеных украінскіх праваабаронцаў, за тры гады анэксіі Крыма гвалтоўным знікненням падвергліся 43 чалавекі.
У чэрвені 2018 года Украіну з місіяй наведала група Рабочай групы па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях. «Мы сур'ёзна занепакоеныя гвалтоўнымі знікненнямі, звязанымі з узброеным канфліктам, які ўспыхнуў на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе», — адзначылі члены Рабочай групы. Даклад па выніках паездкі эксперты прадставяць Савету ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе ў верасні 2019 года.
"Шмат што трэба зрабіць, і цяпер настаў час прадпрымаць крокі. Для ўстанаўлення ісціны, перамогі правасуддзя неабходна канструктыўнае супрацоўніцтва паміж усімі дзяржавамі — членамі Савета Еўропы як у сферы прававой дапамогі, так і ў сферы дапамогі непасрэдным ахвярам і сваякам зніклых без вестак і зніклых асоб", — падводзіць вынікі свайго звароту Раіса Міхайлоўская.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96