Затрыманая ўдзельніца акцыі на Кастрычніцкай плошчы
Раніцай 28 лютага стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі каля Першамайскага суда г.Мінска затрымалі адну з удзельніц акцыі "Свабоду палітвязням!" на Кастрычніцкай плошчы 26 лютага Маю Навумаву. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку Надзея Батура. Яна хацела высвятліць лёс раней затрыманага актывіста Леаніда Кулакова, якога затрымалі ўчора.
"Радыё Свабода" паведамляе, што раніцай 28 лютага дзяжурны Менскага ізалятару часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ўсе затрыманыя ў сувязі з акцыяй, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы, дагэтуль знаходзяцца ў іх установе.
«Так, яны ў нас, званіце недзе праз паўтары гадзіны, можа, будзе вядома, ці павязуць іх у суд. Пакуль наконт іх каманды не было», — сказаў міліцыянт і пацвердзіў, што гаворка пра Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык, Арцёма Чарняка, якіх затрымалі ў аўторак 26 лютага, а таксама пра Леаніда Кулакова, затрыманага 27-га.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96