МУС пакінуў без разгляду петыцыю "Не пасылайце Мехрдада на смерць"
На сайце Petitions.by з’явіўся адказ на зварот з просьбай не высылаць з Беларусі іранца Мэхрдада Джамшыдыяна, піша "Радыё Свабода".
У адказ на зварот, дзе згадваецца папярэджанне Камітэту правоў чалавека ААН аб магчымым смяротным пакаранні, начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун адзначае, што петыцыя прыйшла без копіі дакумэнта з пацверджаннем паўнамоцтваў прадстаўніка заяўніка.
«Такім чынам, ваш зварот пакінуты без разгляду па сутнасці адпаведна частцы 3 пункту 2 артыкулу 25 Закону аб зваротах», — адказаў прадстаўнік МУС на зварот 900 чалавек.
Нагадаем, Мэхрдад Джамшыдыян шмат гадоў таму ўцёк з Ірану ад пераследу з палітычных прычынаў— і жыве ў Беларусі з 1993 году. Мае ў Мінску сям’ю: жонку-беларуску і траіх дзяцей. Прасіў беларускага грамадзянства, але яму адмовілі. У Іране Джамшыдыяну пагражае смяротнае пакаранне. З 2009 году ўлады Ірану патрабуюць ягонай выдачы, бо падазраюць у датычнасьці да забойства, што іранец адмаўляе (у час забойства яго не было ў краіне, сцвярджае Джамшыдыян). Апрача таго, у Іране яго чакае абвінавачанне ў вераадступніцве, бо ў Беларусі ён перайшоў з ісламу ў хрысціянства, а гэта ў Іране лічыцца злачынствам.
Апошнія 9 месяцаў Мэхрдада Джамшыдыяна трымаюць у менскім ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна. Там ён ужо перажыў інфаркт. У сярэдзіне сакавіка ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС ягоным сваякам паведамілі, што на яго атрымалі запыт з Ірану, пасля чаго было прынятае рашэнне аб дэпартацыі. Пакуль экстрадыцыю аспрэчваюць праз суд, Джамшыдыян застаецца ў Беларусі.