За акцыю на Кастрычніцкай плошчы — штраф 1020 рублёў
Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска 28 сакавіка разгледзеў адміністрацыйную справу актывісткі Алены Талстой, якая на Дзень Волі на Кастрычніцкай плошчы прыкавала сябе ланцугом да слупа і трымала ў руках плакат з надпісам «Дзень Волі ў няволі. Свабоду народу!». Акцыя працягвалася каля 10 хвілін і скончылася затрыманнем. Трое сутак актывістка знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.
Суддзя Вікторыя Шабуня аштрафавала актывістку на 40 базавых велічыняў (1020 рублёў).
Актывісты, якія хацелі падтрымаць Алену, чакалі суд яшчэ з ранку, але ніякіх звестак аб пачатку разгляда не давалася. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў палітык Вячаслаў Сіўчык. Суд пачаўся толькі пасля абеду.
“Да Алены Талстой людзей не дапускаюць. "Вас пасля паклічуць". Алена ў зале паседжанняў 313 трэці паверх. Адзінае, што дамагліся, што не далі зачыніць дзверы і мы яе бачым. Гразяцца выклікаць АМАП.
Тут быў заўчора і ўчора на "судах" Дашкевіча і Гарачкі. Такога і блізка не было”, — піша Сіўчык.
Толькі а 15 людзі змаглі увайсці ў залю суда. Алена Талстая хадайнічала весці працэс па-беларуску, але суддзя не задаволіла гэтага. На судзе актывістка заявіла, што калі прысудзяць арышт, яна будзе трымаць галадоўку, бо на Акрэсціна не даюць магчымасці пісаць заявы і пратэсты.
З пратаколам Алена ўпершыню была азнаёмлена только на судзе. Увогуле, з боку міліцыі назіраецца шмат працэсуальных парушэнняў, якія суддзя каментуе фразай “суд выправіў памылкі”. Пра гэта піша Вячаслаў Сіўчык у фэйсбуку.
У якасці сведкі выступае камандзір роты АМАП, які вырваў з рук Алены бел-чырвона-белы сцяг падчас акцыі. Талстая пытаецца ў яго, што той зрабіў далей са сцягам, але камандзір адказаў на гэтае пытанне толькі з дапамогай суддзі (як і наступныя сведкі).
Суддзя Вікторыя Шабуня разглядала гэтую справу каля дзвюх з паловай гадзінаў.