viasna on patreon

Хацелі спыніць грамадзянскі пратэст, а забаранілі пілігрымкі вернікаў

2019 2019-04-29T12:12:39+0300 2019-04-29T12:36:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bud-fest.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пілігрымка ў Будслаў. Фота Catholic.by

Пілігрымка ў Будслаў. Фота Catholic.by

Пастановай Саўміна ў студзені 2019 году зацверджана «Палажэнне аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца міліцыяй, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства». Відавочна, пастанова была прынята, каб адбіць ахвоту ў палітычна актыўнай часткі грамадзян арганізоўваць вулічныя мерапрыемствы, піша “Магілёўская Вясна”. Так, напрыклад, лідэры беларускіх апазіцыйных партый нават адмовіліся ад традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка ў Мінску з-за немагчымасці пакрыць фінансавыя выдаткі, што прад’яўляюцца ўладамі. Пры гэтым ужытыя расцэнкі ўдарылі па рэлігійных групах. Некаторыя каталіцкія святары ўжо прызналіся, што вымушаныя былі адмовіцца ад некалькіх рэлігійных акцый.

Наперадзе адна з галоўных падзей у жыцці каталікоў – працэсіі Божага Цела, якія ў гэтым годзе прыпадаюць на 20 чэрвеня (свята адзначаецца на 60-ы дзень пасля Вялікадня).

Збіраюць такія шэсці не менш за сотню вернікаў, а значыць аплата складзе ад 3825 рублёў, калі колькасць удзельнікаў не перавысіць тысячы чалавек. Калі ж працэсія апынецца больш масавай, спатрэбіцца 6375 рублёў. Варыянт з падлікам вернікаў, каб іх аказалася не больш за сто чалавек, каб трапіць у рамкі аплаты 637 рублёў, не разглядаюцца.

Падобная сітуацыя склалася і на Гарадзеншчыне. У верасні каталікі гэтага рэгіёна не могуць зладзіць пілігрымкі ў касцёл Маці Божай Яснагорскай, куды са спевамі і малітвамі пешшу ходзяць амаль 10 гадоў. Пра гэта піша “Белсат”. Афіцыйны зварот да вернікаў напісаў пробашч касцёлу ў Капцёўцы Міхал Ластоўскі, інфармацыя распаўсюджваецца па каталіцкіх парафіях Горадні.

«У канцы верасня кожны год мы праводзілі пешыя пілігрымкі ў Капцёўку ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай. Але ў гэтым годзе пілігрымак не будзе з-за пастанаўлення Савету Міністраў № 49 ад 24.01.2019 «Аб парадку аплаты паслуг пры правядзенні масавых мерапрыемстваў», праз якое кожная такая пілігрымка абыдзецца каля дзвюх з паловай тысяч долараў – толькі за дазвол на яе правядзенне (не ўлічваючы ўсіх іншых дадатковых выдаткаў). Гэтая пастанова датычыць усіх недзяржаўных арганізацыяў», – паведамляецца ў звароце.

Апроч таго, у звароце ёсць папярэджанне: калі людзі самастойна вырушаць памаліцца ў Капцёўцку, нават невялікаю групаю, 20–30 чалавек, будуць сур’ёзныя праблемы з уладамі, а святара прыцягнуць да адказнасці за «масавую акцыю».

З такой жа праблемай могуць сутыкнуцца і праваслаўныя вернікі.

30 красавіка чакаецца хрэсны ход з Магілёва ў Бялынічы ў гонар свята іконы Божай Маці Бялыніцкай. У гэтым годзе святкаванне перанесена з 25 красавіка на 1 траўня. Афіцыйна ў сувязі з тым, што ён прыпадае на Страсную сядміцу, але не выключана, што царкоўныя іерархі ўзгадняюць з уладамі фармат правядзення мерапрыемства.

Згодна з пастановай Савета Міністраў №49 самы танны варыянт – да 10 удзельнікаў, ён запатрабуе каля 80 рублёў (3 базавыя велічыні). Альбо вернікі таксама могуць адправіцца ў шлях неафіцыйна. У апошнім выпадку можна казаць пра вяртанне часоў, калі вернікі вялі сваю актыўнасць падпольна.

Таксама пад пагрозай апынулася падрыхтоўка да штогадовай каталіцкай пілігрымкі ў Будслаў, якая доўжыцца некалькі дзён і да якой далучаюцца вернікі з Бялынічаў. Сам “Будслаўскі фэст-2019″ пройдзе 5-6 ліпеня пад дэвізам “Каралева сем’яў, маліся за нас”.

Свята занесена ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА, але для магілёўцаў яно можа не адбыцца. Альбо ў пілігрымку вернікі зноў жа адправяцца, не афішуючы яе.

Юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў лічыць пастанову наўпроставым парушэннем правоў грамадзянаў.

«Умовы, якія стварыла дзяржава для рэалізацыі права правядзення масавых мерапрыемстваў, створаныя такія, каб людзям немагчыма было сабрацца. Гэта прамы абавязак дзяржавы – аплочваць бяспеку масавых акцыяў. Менавіта ўлады за кошт падаткаў павінны аплочваць працу міліцыі, хуткай дапамогі, камунальных службаў», – пракаментаваў “Белсату” сітуацыю Алег Агееў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства