viasna on patreon

“Трагедыя на Нямізе”: як стваралася кніга

2019 2019-05-30T11:15:39+0300 2019-05-31T08:33:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/scepanenka-palina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паліна Сцепаненка.

Паліна Сцепаненка.

Праваабаронца і пісьменьніца​ Паліна Сьцепаненка ўпершыню расказала ў інтэрвію Свабодзе пра тое, як стваралася кніга «Трагедыя на Нямізе».

20 гадоў таму, 30 траўня 1999 году, у цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро, узьнікла цісканіна. 53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў.

Праз год выйшла кніга пра тыя падзеі — «Трагедыя на Нямізе».

 «Як гэта можна забыць?»

— Ці ёсьць у вас жаданьне праз 20 гадоў пасьля трагедыі на Нямізе перавыдаць вашу кнігу, дапоўніць яе?

— Гэта цікавая думка. Рабілі кнігу некалькі чалавек: я, Тацяна Равяка і Тацяна Сьнітко запісвалі сьведчаньні, Кастусь Тарасаў пісаў прадмову. Штогод, калі набліжаецца гэтая дата, зьвяртаюцца журналісты, пытаюць, ці ведаем мы, аўтары кнігі, пра лёсы герояў кнігі, пацярпелых альбо бацькоў. Прайшло 20 гадоў і, папраўдзе, думаць, што мы ўвесь час жывём героямі кнігі і адсочваем іхнае жыцьцё, не зусім правільна.

Калі мы пачыналі рабіць кнігу, то было вельмі важна захаваць імёны і памяць гэтых людзей, якія загінулі на Нямізе. У 1999 годзе, адразу пасьля трагедыі, журналістка Натальля Радзіна, якая тады працавала ў газэце «Навіны», узяла інтэрвію ў галоўнага архітэктара Менску Аляксандра Чадовіча. Ён сказаў, навошта чужыя людзі павінны памятаць гэтыя імёны, гэта ж прыватнае. І чым хутчэй людзі, у тым ліку і сваякі, забудуць гэтыя імёны, тым будзе лепш. Гэта гучала непрыемна і дзіка.

Як гэта можна забыць? Гэта гісторыя. Загінулі 53 чалавекі. Тады горад быў поўны розных чутак, многія зь якіх не пацьвердзіліся. Вельмі шмат было нэгатыўных аповедаў пра марадэрства, пра заніжаную колькасьць загінулых, пра тое, як людзі забівалі адно аднаго ў натоўпе.

Да нас, у праваабарончы цэнтар «Вясна», тады зьвярнуўся вядомы скульптар Міхась Інькоў, бацька загінулай дзяўчыны. Ён хацеў разабрацца, што адбылося. Тады паўстала грамадзкая камісія расьсьледаваньня прычын трагедыі.

Пасьля сваякі загінулых стварылі Цэнтар сацыяльнай абароны «Няміга−1999». Было шмат чутак. Паводле адной з вэрсій, у некага ў натоўпе была кінакамэра, на якую пасьпелі зьняць цісканіну. Бацькі хацелі знайсьці гэтыя здымкі.

Уключыўшыся ў гэту працу, мы шмат часу праводзілі з бацькамі, у тым ліку слухалі і пра дзяцей, і пра тое, як гэта адбылося. І пра дарослых, якія там загінулі. Узьнікла жаданьне зрабіць кнігу, бо матэрыялу атрымалася багата. Гэта гісторыя людзей і гісторыя Менску.

Думаю, што дзякуючы гэтай кнізе трагедыя на Нямізе стала больш зразумелай для нашчадкаў. Кнігу варта было б адлічбаваць і зьмясьціць у інтэрнэт. Бо тады наклад быў абмежаваны, большую частку мы аддалі бацькам.

— Дзякуючы вашай кнізе, напісанай па гарачых сьлядах, шмат што ўдалося задакумэнтаваць. Бо нешта магло проста зьнікнуць, сьцерціся з памяці, як тыя прозьвішчы, што маглі не зьявіцца на помніку...

— Мы фіксавалі ўсе мары і спадзяваньні гэтых людзей. Напрыклад, адзін хлопец хацеў стаць ксяндзом...

Наагул вакол трагедыі было шмат чутак і мітатворчасьці. Мы сустракалі людзей у пераходзе мэтро на Нямізе (там зьбіралася ў першыя месяцы шмат людзей), якія казалі, што ў іх загінулі сваякі, а папраўдзе гэта было жаданьне праспэкуляваць на трагедыі і выклікаць да сябе нейкія пачуцьці. Такія людзі хадзілі па могілках, сядзелі каля магілаў і прыкідваліся сваякамі загінулых.

Там шмат чаго было. І тое, што зьявілася кніга пра трагедыю на Нямізе — гэта вельмі важна.

​«Гэта ўсё ж такі абвінаваўчы дакумэнт»

— Кніга выйшла ў Беларусі. Ці былі нейкія складанасьці?

— Фактычна ў Беларусі выйшла, але ISBN літоўскі. Складана было, бо гэта ўсё ж такі абвінаваўчы дакумэнт. Хоць ніхто не знайшоў вінаватых, ні на кога пальцам не паказана. Але ёсьць шмат нюансаў, якія сьведчаць, што наша дзяржава да сваіх грамадзян ставіцца абыякава.

— Прадмова да кнігі называецца вельмі мэтафарычна — «Вечныя цені Нямігі». Як вы гэта ўспрымаеце?

— Кастусь Тарасаў пісаў, што душы палеглых такіх мясьцін не пакідаюць. Яны чакаюць спачуваньня і памятных слоў. Кастусь заклікае ўглядацца ў прастору гэтай плошчы, якая поўніцца таямнічымі ценямі, дзе стаяць і даўнія менчукі, і 53 новыя. Ён робіць гэтую трагедыю гістарычным фактам. А ня «дзікім, сумным выпадкам», як казаў архітэктар Чадовіч. Таму гэта наша гісторыя, і гэтая кніга таксама паслужыць гісторыкам будучыні. Гэта асабістая і агульнанацыянальная гісторыя.

​«Яны скачуць па гэтых ружах»

— Ці спачуваньня і памятных слоў дастаткова, ці не памяншаюцца яны з гадамі?

— Памяць хутка размылася. На месцы трагедыі, дзе мэмарыял, зьбіраецца моладзь, яны скачуць па гэтых ружах. Гэта называецца «на ружачках сустрэцца». Неяк легкадумна да гэтага ставяцца, на роліках катаюцца. Мяне гэта непрыемна ўражвае, бо прайшло зусім мала часу.

— Што трэба рабіць, каб гэтага запабегчы?

— Тады, у 1999 годзе, бацькі загінулых прыходзілі ў школы і расказвалі, як сябе трэба паводзіць у натоўпе. Таму гэты выпадак трэба згадваць у школах, казаць, што такое натоўп і што трэба рабіць у такіх сытуацыях, бо гэта можа паўтарацца бясконца.

«Мяне ўразіла, што прадчуваньне бяды было фактычна ў кожнай сям’і»

— Цягам году, калі вы рабілі кнігу, вы былі блізкія з бацькамі загінулых, практычна штодня. Што найбольш уразіла ў расповедах бацькоў і непасрэдных сьведак трагедыі?

— Мяне ўразіла прадчуваньне бяды фактычна ў кожнай сям’і. Такія містычныя знакі, якія сьведчылі пра тое, што нешта павінна было адбыцца. Былі фатаздымкі зь мёртвымі целамі, і ў мяне яшчэ быў сумнеў, ставіць іх ці не. Я пыталася ў бацькоў як яны да гэтага ставяцца, і ўсе былі ня супраць публікацыі, бо такія здымкі дапамагаюць зразумець, што адбылося.

— Дык была тут містыка ці нейкія рэальныя прычыны трагедыі?

— Вядома, не «стыхія», як казаў Лукашэнка. Па вялікім рахунку, былі вінаватыя міліцыянты, якія пусьцілі людзей у гэты пераход. Іх не было ў тым месцы, у якім яны павінны былі быць. Яны не былі падрыхтаваныя, іхныя начальнікі былі некампэтэнтныя.

«Яны дыхалі па чарзе»

— А што казалі людзі, якія самі былі ў пераходзе, апынуліся ў гэтай цісканіне і выжылі?

— Яны расказвалі значна лепшыя рэчы пра людзей, чым тыя, хто там ня быў. Напрыклад, адна дзяўчына, якая выжыла, казала, што яны дамовіліся з суседзямі, што будуць дыхаць па чарзе. А ў сьвядомасьці грамадзкай было, што там усе адно аднаго душылі, тапталі. Людзі, якія выжылі, апавядалі пра тых, хто дапамагаў.

Адзін хлопец сказаў, што ён ляжаў у канцы гэтага «корка», дзе быў выхад мэтро. Ён казаў, што людзі там ляжалі, як сардыны. А далей была пустая прастора. І што з таго боку да яго падыходзіў міліцыянт, гладзіў па руцэ і супакойваў. Гэта быў для мяне дзіўны аповед, які паказваў, што тут было ўсё забіта, а там было ўжо вольна. ​

«Атрымаўся помнік»

— Як успрынялі тады кнігу?

— Па-рознаму. У нас была задача сабраць сьведчаньні пра кожнага з 53 загінулых. Мы аддавалі на аўтарызацыю, і часам людзі мянялі тэксты так, што яны пачыналі нагадваць нэкралёг, хаця першапачаткова гаварылі вельмі эмацыйна і адкрыта.

І калі Сьвятлана Алексіевіч у сваіх кнігах усё давала ў непрычасаным выглядзе, у нас быў галоўны прынцып — не нашкодзіць сваякам. Таму кніга атрымалася адрэдагаваная сваякамі. Калі б яна не была такая вычытаная, яна была б больш яркая і вострая.

Атрымаўся помнік. Мы не рабілі сабе на гэтым імя. У нас была задача расказаць пра кожнага. Мы гэта зрабілі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства