viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 30 траўня ў Мінску Фота

2019 2019-05-31T13:29:26+0300 2019-05-31T13:41:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/miting_328_contol_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У мінскім Кіеўскім скверы 30 траўня 2019 года прайшоў мірны сход, прысвечаны дэкрыміналізацыі і рэформе артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар ​​(калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" (паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжывалі і ня правакавалі гвалт. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспекі, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асоб.
  2. Перашкод працы незалежных назіральніц і СМІ не зафіксавана.
  3. У ходзе мірных сходаў адсутнічала магчымасць персанальна ідэнтыфікаваць частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, паколькі яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў.
  4. Мірны сход быў праведзены ў паведамляльным парадку, у адным з пастаянных месцаў, вызначаных адпаведным рашэннем Мінгарвыканкама. Арганізатары /-кі абавязаны аплаціць паслугі па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваны сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-іц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якім назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; для правільных паводзінаў). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-іц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

10 траўня ў сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя аб правядзенні мітынгу за дэкрыміналізацыю і рэформу артыкула 328 Крымінальнага кодэкса актывістамі/-камі кампаніі "Legalize Belarus" і "Руху маці 328". На правядзенне мірнага сходу 18 траўня ў Кіеўскім скверы было пададзена паведамленне ў Мінгарвыканкам. 13 траўня заяўнікі/-цы атрымалі забарону на правядзенне масавага мерапрыемства ў сувязі з тым, што паведамленне было пададзена з парушэннямі: некарэктна пазначаны месца правядзення і дата масавага мерапрыемства. Неабходна адзначыць, што дапушчаныя недакладнасці не з’яўляюцца прынцыповымі і маглі быць ліквідаваны арганізатарамі.

Было пададзена новае паведамленне на правядзенне мітынгу 30 траўня, забаронаў ад Мінгарвыканкам не паступала. Арганізатары/-кі абавязаны заключыць дагаворы і аплаціць паслугі па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі.

Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль 3 назіральніцы, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Падчас мірнага сходу былі адзначаны наступныя факты:

  • Пачатак мітынгу на пляцоўцы каля фантана ў Кіеўскім скверы быў анансаваны ў 14:00, завяршэнне ў 16:00. Назіральніцы прысутнічалі на месцы правядзення з 13:30 да 16:15.
  • Удзельнікі і ўдзельніцы пачалі збірацца каля 13.40, яны раскладвалі плакаты, вялі гутарку паміж сабой. У 14.00 на месцы правядзення прысутнічала не менш за 38 чалавек. Некаторыя з прысутных былі пазначаныя бэйджамі з прозвішчамі і імёнамі. У 14.27 арганізатары з выкарыстаннем мікрафона абвясцілі пачатак мітынгу. Выступоўцы размяшчаліся каля агароджы фантана, астатнія ўдзельнікі/-цы паўколам. Максімальная колькасць удзельнікаў і ўдзельніц склала 70 чалавек у 14:45.

  • Каля 14.50 адзін з прахожых пачаў спрачацца з выступоўцам, іншыя ўдзельнікі ўмяшаліся ў спрэчку. Супрацоўнікі/-ніцы праваахоўных органаў не рэагавалі на сітуацыю. Прахожы праз некаторы час, пагутарыўшы з удзельнікамі/-ніцамі, пакінуў месца правядзення мітынгу.
  • На месцы правядзення мірнага сходу адзначаны: супрацоўнікі праваахоўных органаў у форме з надпісам "Міліцыя" - 4 чалавекі, з надпісам "АМАП" - 1 чалавек, супрацоўнікі ДАІ - 2 чалавекі, супрацоўнікі / -цы праваахоўных органаў у грамадзянскай форме адзеньня - не менш за 14 чалавек. Два супрацоўнікі здымалі тое, што адбываецца на ручныя відэакамеры, адзін супрацоўнік у грамадзянскай форме адзення меў пры сабе відэарэгістратар. Супрацоўнікі ДАІ пацвердзілі назіральніцам, што ажыццяўляюць ахову грамадскага парадку на масавым мерапрыемстве, аднак яны не прысутнічалі на месцы правядзення ўвесь час мітынга. Супрацоўнікі ў грамадзянскай форме адзення адмаўляліся камунікаваць і пацвярджаць выкананне службовых абавязкаў на мірным сходзе, прапаноўвалі звяртацца да супрацоўнікаў у форме з усімі пытаннямі.

  • Машына хуткай дапамогі знаходзілася каля кінатэатру "Кіеў" з 13.45 да 16.05. Супрацоўніца хуткай дапамогі пацвердзіла, што яны абслугоўваюць масавае мерапрыемства.
  • Выкарыстаныя лозунгі: “Освободите наших детей”, “Они не заслужили такого наказания”, “Ура!”.
  • На месцы правядзення выкарыстоўвалася шматлікая сімволіка і плакаты:

расцяжкі  “Движение матерей 328” і “Матчын рух 328”; постэры: “Злая ирония. Іронія. Я супраць наркотыкаў. Я за тое, каб спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў каралі нашмат больш жорстка за забойцаў і гвалтаўнікоў. Я супраць таго, каб хворыя людзі атрымоўвалі лекі. Я за тое, каб міліцыя падхштурхоўвала дзяцей набываць у іх канфіскаваныя наркотыкі.  Я супраць дабрабыту і эканамічнага росту. Я за тое каб наркадылеры прадавалі ўсё больш няякасныя і шкодныя рэчывы. Бо я супраць наркотыкаў.”; “Authoritarianism, repressions, fear. 8 years in prision for a single joint. Do you want to live this way? Come to Belarus”, “End the drug war. Students for liberty”; плакаты “SOS”, “Фейковый парламент разогнать”, “Детей на свободу. Наркодилеров за решетку”, “У нас один срок на двоих”, “Шуневича в отставку”, “SOS Спасите детей Спасите будущее”, “Кто крыша наркотрафика?”, “Народ!!! Помогите матерям!!! Мы медленно умираем…..”, “Амнистия ст. 328 каждому по полсрока”, “Требуем встречи с президентом”, “Я жду тебя сынок!”, “Не вынуждайте нас голодать”, “Нет ч.4 ст. 328. Да пересмотру + справедливые суды”, “Лукашенко не считает матерей своим народом”, “Пашковский Игорь Сергеевич (г. Жлобин) осужден по ст. 328 ч.3 на 9 лет за умысел сбыта без цели наживы в количестве 0,0001 гр. Н/В ИК №15 г. Могилев. Прошу пересмотреть дело моего сына, который находился на метадоновой программе.”, “Пересмотр уголовных дел”, “Остановите рабский труд в колониях!”, “Проявите гуманность к молодежи”, “Амнистия ст. 328”;  лісты паперы зялёнага колеру з надпісамі: “Тот, кто выносит приговор, сам заносит меч. Эддард Старк” і “...Мир никогда не удавалось ни исправить, ни устрашить наказанием. К.Маркс”. Некаторыя людзі былі апранутыя ў футболкі і кепкі з сімволікай “Движения матерей 328”, у зялёныя футболкі з надпісам “End the drug war. Students for liberty”.

На месцы правядзення мітынгу быў усталяваны стэнд з фотаздымкамі асуджаных па артыкуле 328 КК РБ, іх прозвішчы і імёны, а таксама тэрміны зняволення. Удзельнікі/-цы змясцілі некалькі пар абутку на агароджу фантана і абраз.

  • На мерапрыемстве актыўна працавалі прадстаўнікі/-цы СМІ: размаўлялі з удзельнікамі/-цамі акцыі, здымалі тое, што адбываецца на фота- і відэа камеры, бралі інтэрв'ю. Удзельнікі/-цы акцыі камунікавалі са СМІ.
  • У 15:50 арганізатары абвясцілі аб заканчэнні акцыі, зрабілі агульную фатаграфію (сфатаграфаваліся не менш за 55 чалавек), пачалі складваць плакаты і разыходзіцца з месца правядзення. У 16:10 на пляцоўцы знаходзілася каля 30 чалавек, у 16:15 назіранне было скончана.

Рэкамендацыі:

арганізатарам/-кам:

  • па магчымасці, пры планаванні сходаў выбіраць для іх правядзення бяспечныя пляцоўкі, якія адпавядаюць прынцыпу інклюзіўнасці.

супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прадастаўляць запытаную інфармацыю. Прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі мірнага сходу;
  • не спаганяць аплату за паслугі аховы правапарадку пры рэалізацыі людзьмі права на мірны сход і права на выказванне меркавання;

суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў нацыянальнае заканадаўства для прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў.

органам выканаўчай улады:

  • садзейнічаць рэалізацыі свабоды сходаў у Беларусі, не ўстанаўліваць празмерных адміністрацыйных працэдур, устрымацца ад адвольных абмежаванняў месцаў правядзення мірных сходаў, не патрабаваць аплаты за паслугі па ахове правапарадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборцы тэрыторыі пры правядзенні мірных сходаў.

камунальным і медыцынскім службам:

  • не спаганяць аплату за свае паслугі пры рэалізацыі людзьмі права на мірны сход і права на выказванне меркавання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства