viasna on patreon

Суд, буслы і рулетка

2019 2019-06-27T12:23:33+0300 2019-06-27T12:25:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tarasenka-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марыя Тарасенка

Марыя Тарасенка

Некалькі дзён таму суд Брагінскага раёна адхіліў скаргу гомельскай актывісткі Марыі Тарасенка аб забароне ў раённым цэнтры вулічнага шэсця супраць сумнавядомага дэкрэта №3 аб дармаедах.

Па інфармацыі “Гомельскай Вясны”, чыноўнікі мясцовага райвыканкама ў суд з'явіліся з рулеткай і пачалося дзеянне па вымярэнні адлегласці ад будынка суду да пешаходнай частцы вуліцы.

Справа ў тым, што пратэстную акцыю ў выглядзе вулічнага шэсця з удзелам да 10 чалавек Марыя Тарасенка заявіла на цэнтральнай вуліцы райцэнтра, а тут як раз-такі знаходзіцца будынак суда і пракуратуры.

Старшыня суда Аляксей Яшчанка ініцыятыву па вымярэнні шырыні вуліцы падтрымаў, але вымяраць чамусь пачаў сваёй рулеткай. Яму ў гэтым дапамагала сакратар суда Наталля Гардзейчык, каштоўныя ўказанні служыцелям Феміды давалі ідэолаг райвыканкама Сяргей Даўгулявец і дама з неабсяжным бюстам, як потым высветлілася - юрыст мясцовай вертыкалі Таццяна Краўчанка.

Паколькі шырыня вуліцы апынулася не на карысць гамяльчанкі, чыноўнікі тут жа яе абвінавацілі, што, «выбіраючы вуліцу Савецкую, яна не ўлічыла размяшчэнне тут вельмі важных устаноў, адлегласць да якіх ад процілеглага боку дарогі аказалася менш за 50 м., што мы ёй і прадэманстравалі».

«А так Брагінскі райвыканкам толькі рады і зусім не супраць вулічнага шэсця з нагоды прэзідэнцкага дэкрэта №3. Але абраная заяўніцай вуліца Савецкая ня падыходзіць для падобных шэсцяў. Вось калі б яна выбрала іншую вуліцу, тады б усе адбылася ў лепшым выглядзе», - даводзілі суду мясцовыя вертыкальшчыкі.

Каментуючы для сайта «Гомельская Вясна» судовае рашэнне Марыя Тарасенка заявіла, што «ў Брагіне, у адрозненне ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, чыноўнікі вельмі добрыя і душэўныя, таму іх любяць нават буслы, якія пасяліліся на даху суда».

64659018_401398953799079_129148008303847
Будынак суду Брагінскага раёну. Фотаздымак: Марыя Тарасенка

 Нагадаем, вядомая сваёй барацьбой з дармаедскім дэкрэтам №3 гамяльчанка Марыя Тарасенка заявіла пратэстныя акцыі ва ўсіх 24 раёнах гомельскага рэгіёну і ўсюды атрымала забарону. На тыдні, акрамя Брагіна суды адбыліся ў Рагачове, Акцябрскім і Мазыры.

Служкі Феміды ўсюды становяцца на бок чыноўнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства