viasna on patreon

Леанід Кулакоў адсудзіў 500 рублёў за пашкоджаную руку

2019 2019-07-30T15:25:37+0300 2019-07-30T15:31:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kulakou_sud_dzijana_seradzjuk__3__logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Кулакоў на судзе. Фота: "Новы час".

Леанід Кулакоў на судзе. Фота: "Новы час".

У судзе Першамайскага раёна 30 ліпеня завяршыўся разгляд справы па іску абаронцы Курапат  Леаніда Кулакова ў дачыненні да Златы Савоставай, якая 27 чэрвеня 2018 года здзейсніла на яго наезд на аўтамабілі каля рэстарана "Поедем поедим".

У выніку ў Леаніда Кулакова засталася пашкоджанай рука. Ён правёў у гіпсе амаль два месяцы і таму патрабуе кампенсацыі маральных і фізічных пакут.

Судовая вытворчасць была адноўлена, каб высветліць, ці была зламаная рука ў выніку аварыі. Першая экспертыза, якія праводзіліся раней, заключыла, што ў Леаніда не было пералому. Але Кулакоў сцвярджае, што ў яго была зламана прамянёвая костка. Таму была распачата новая экспертыза, на якую людзі дапамаглі збіраць грошы. Але і яна не прынесла вынікаў: там пастанавілі аб пераломе плечавой косткі, у той час як Леанід сцвярджае пра пералом іншай косткі.

На суд не з’явілася Злата Савосціна, а прыйшлі яе бабуля і маці. Бабуля удзельнічала ў судзе ў якасці адказчыка. Інтарэсы Леаніда Кулакова прадстаўляў адзін з лідэраў прафсаюза РЭП Генадзь Федыніч.

На просьбу суддзі Наталлі Петух распавесці пра свае адчуванні пасля аварыі Кулакоў адказаў, што доўгі час у яго балела рука і ён не мог спаць. Леанід настойваў на выкліку ў суд спецыялістаў, якія праводзілі экспертызу. Суддзя адмовіла.

Леанід Кулакоў падкрэсліў, што не можа працаўладкавацца з-за наступстваў пералому прамянёвай косткі. Ён спасылаецца на словы неўрапатолага, які знайшоў у яго ўшчамленне локцевага нерва, з-за якога нельга падымаць цяжкасці.

Бабуля Златы Савосцінай упэўнена, што аніякага пералому рукі ў Кулакова не было і ён займаецца вымаганнем грошай.

“Нават калі ён не можа паднімаць цяжкасці, то хай ідзе працуе вартаўніком”, — дадала бабуля.

Падчас судовых спрэчак Леанід падкрэсліў, што Злата Савосціна здзейсніла наўмысны наезд на яго. 

Бабуля Савоставай пачала сцвярджаць, што Кулакоў схіляецца да таго, каб атрымаць інваліднасць.

“Гэта яго род дзейнасці, — дадала бабуля. — Глупства, што зараз працу ён не можа знайсці. Але сядзець на ўтрыманні іншых людзей. Дзяўчынка [Злата Савостава — заўв.] добра выгадаваная і мае некалькі вышэйшых адукацый. Але яна не можа начамі спаць.  Хадзіць па судам — гэта ужо [для Кулакова — заўв.] прафесія”.

Такую думку суддзя Петух перарвала і заклікала выказвацца па справе.

Пасля перапынку суддзя вынесла рашэнне: спагнаць са Святланы Савоставай (маці Златы і ўладальніцы аўтамабіля, які наехаў на Кулакова) на карысць Леаніда Кулакова кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў, а таксама 34 рублі 93 капейкі за экспертызу і 76 рублёў 50 капеек дзяржпошліны. Суд не пагадзіўся са сцвярджэннямі Кулакова пра пералом прамянёвай косткі, але не адмаўляе ў тым, што яму былі нанесены фізічныя пашкоджанні.

Да рашэння суда Леанід Кулакоў ставіцца поўнасцю адмоўна. Ён жадае, каб вінаватыя былі пакараны не толькі фінансава, але і праз пазбаўленне правоў кіроўцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства