viasna on patreon

Суд пакінуў праваабаронцу Азімжану Аскараву пажыццёвае зняволенне

2019 2019-07-31T09:10:11+0300 2019-07-31T11:50:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/askarau_azimzhon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

Суд у Кіргізіі 30 ліпеня пакінуў без зменаў прысуд аб пажыццёвым зняволенні праваабаронцу Азімжану Аскараву. Пра гэта паведамляе Руская служба Радыё Свабода. Пакаранне актывісту было вынесена ў 2010 годзе. Яго справа была перагледжана ў сувязі з дэкрыміналізацыяй некаторых артыкулаў крымінальнага заканадаўства рэспублікі. Адвакаты Аскарава прасілі суд вызваліць яго, спасылаючыся таксама на сталы ўзрост падабароннага - яму цяпер 70 гадоў.

Прадстаўнік дзяржабвінавачання заявіў, што справы асуджаных на пажыццёвае зняволенне не падлягаюць перагляду.

 У красавіку 2016 года Камітэт ААН па правах чалавека заклікаў улады рэспублікі перагледзець справу праваабаронцы. Сваё рашэнне камітэт абгрунтаваў незаконным затрыманнем, ужываннем катаванняў і змяшчэннем Азімжана Аскарава ў цяжкіх умовах. У 2017 годзе Чуйскай абласны суд змяненне прысуду адхіліў.

Асуджаны праваабаронца

Азімжан Аскараў - этнічны узбек і праваабаронца з поўдня Кыргызстана, які стаў вядомы сваімі расследаваннямі катаванняў з боку міліцыі. На працягу 15 гадоў ён узначальваў праваабарончую арганізацыю «Паветра».

Яго затрымалі 15 чэрвеня 2010 года падчас міжэтнічнага канфлікту на поўдні Кыргызстана - праваабаронцу абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальванні міжнацыянальнай варожасці» і «саўдзеле ў забойстве».

Суд асудзіў Аскарава ў канцы 2010 года да пажыццёвага зняволення, але сам праваабаронца не прызнаў сваёй віны. Разам з ім былі асуджаныя яшчэ восем чалавек.

Абарона Аскарава неаднаразова заяўляла, што абвінавачванні ў адрас праваабаронцы - неабгрунтаваныя. Сведкі сцвярджалі, што Аскараў не прысутнічаў на месцы падзеяў. Яго адвакаты неаднаразова сцвярджалі, што ў дачыненні да праваабаронцы прымяняюцца катаванні, а расследаванне справы ідзе з грубымі працэсуальнымі парушэннямі.

Камітэт ААН па правах чалавека рэкамендаваў ў 2016 годзе перагледзець справу праваабаронцы і вызваліць яго з-за кратаў. Рэкамендацыя была часткова выкананая, але Чуйскі абласны суд пакінуў у сіле пажыццёвы тэрмін.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэй пасля гэтага заявіў, што пажыццёвы прысуд Чуйскага абласнога суда ў дачыненні да праваабаронцы Азімжана Аскарава «прама процілеглы рашэнню Камітэта ААН па правах чалавека».


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства