viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 16 лістапада ў Мінску

2019 2019-11-17T17:20:17+0300 2019-12-05T17:02:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sustr_sv_ludzej_15_list_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар ​​(калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспекі, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асоб.
  2. Падчас мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, так як яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў.
  3. Перашкодаў у працы назіральніц не зафіксавана.
  4. Адзначаны выпадкі канфіскацыі супрацоўнікамі праваахоўных органаў фаераў і спробы канфіскацыі плаката і гукавой калонкі падчас шэсця калоны.
  5. Мірны сход праводзілася ў рамках агітацыйнага перадвыбарчага пікету кандыдаткі ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
  6. Затрыманняў арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц не зафіксавана.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цамі і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

15 лістапада ў час мірнага сходу "Сустрэча свабодных людзей" прагучалі заклікі сабрацца на наступны дзень (16 лістапада) на плошчы Свабоды ў рамках агітацыйнага перадвыбарчага пікету кандыдаткі ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Талстой.

17 лістапада ў Беларусі праходзяць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 7 склікання. З 18-га кастрычніка па 16-ае лістапада праходзіць этап агітацыі, у тым ліку ў форме мірных сходаў кандыдатаў/-ак у дэпутаты. Падобныя агітацыйныя мерапрыемствы (пікеты, мітынгі і інш.) праводзяцца кандыдатам/-кай у дэпутаты або іх даверанымі асобамі; патрабуюць падачы паведамлення ў мясцовы выканаўчы орган; не маюць строгіх абмежаванняў па месцы правядзення; да арганізатараў не прад'яўляюць патрабаванні аб заключэння дагавораў і аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні, і ўборцы тэрыторыі.

Недалёка ад заяўленага месца пікету, на вуліцы Зыбіцкай, планавалася правядзенне таксама агітацыйнага пікету групы кандыдатаў і кандыдатак у дэпутаты ад кааліцыі "Маладзевы блок". Паводле папярэдняй інфармацыі пасля пікету на вул. Зыбіцкай яны планавалі далучыцца да пікету на пл. Свабоды.

Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна (з 17:54 да 20:03) ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль 3 назіральніцы, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Падчас мірнага сходу былі адзначаны наступныя факты:

1. У 18:00 на месцы правядзення (плошча Свабоды, каля будынку гарадской Ратушы) знаходзіліся не менш за 85 удзельнікаў і ўдзельніц, 2 супрацоўніка ДАІ, 2 супрацоўніка міліцыі ў форме і не менш за 35 супрацоўнікаў/-ніц ў грамадзянскай форме адзення. Па перыметры плошчы Свабоды стаялі 2 мікрааўтобусы і машына ДАІ на праезнай частцы. Таксама недалёка ад плошчы Свабоды знаходзілася машына пажарнай службы і адзін мікрааўтобус. На месцы пікету знаходзіліся агітацыйныя стэнды і намёт сіняга колеру. Выступоўцы выкарыстоўвалі гучнагаварыцелі і мікрафон, гучала музыка. Усіх жадаючых заклікалі выказацца ў мікрафон. У 19:05 прысутнічала не менш як 132 чалавек і не менш за 40 супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў у грамадзянскай форме адзення (апазнаць іх можна па наяўнасці рацый, навушнікаў, відэарэгістратараў і ручных відэакамер). На працягу ўсяго сходу супрацоўнікі/-цы назіралі за тым, што адбываецца, чацвёра з іх праводзілі відэаздымку на ручныя відэакамеры. Машына хуткай дапамогі адсутнічала.

2. На мірным сходзе прысутнічалі не менш за 13 прадстаўнікоў/-ніц СМІ. Яны камунікавалі з ўдзельнікамі, бралі інтэрв'ю, праводзілі прамыя эфіры з схода.

3. Выкарыстаная сімволіка: 7 бел-чырвона-белых сцягоў; 6 чырвоных сцягоў з выявай "Пагоні"; 6 сцягоў Грамады; 5 сцягоў "Еўрапейскай Беларусі".

4. Выкарыстаныя плакаты і банеры: “Землю арабам! Парламент шл**ам”, “Беларусь - не товар, она не продается. Народная грамада”, “Пока ты спал, Лука родину продал”, “Беларусь без Лукашенко как рыба без велосипеда. Народная грамада”, “Саюз з Расеяй - вайна і галеча!”, “Калгаснай дыктатуры баста! Астравецкай аэс баста!”, “Лукашенко должен уйти!”, “Вон. Народная грамада”, “свабоду народу”, “референдум по 8-й статье Конституции!”,  “#мыпротив абортов, смертная казнь только для преступников”.

5. Выкарыстаныя лозунгі:  “Жыве Беларусь!”, “Верым, можам, пераможам!”, “Отправим Сашу в Рашу”, “Фальшивым выбарам БАСТА, Астравецкай АЭС БАСТА, Лукашэнка БАСТА, Ярмошына БАСТА, Акупацыя БАСТА, Калгасная дыктатура БАСТА”, “Разам з нами”, “Уходи”, “Саша, сыходзь”, “Жыве Еўрапейская Беларусь”, “Саша сцыкло”, “Свабоду народу”.

6. У 19:12 арганізатары заклікалі ўсіх прайсці шэсцем да будынка ЦВК і там спаліць пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты і давераных асоб. Людзі сталі ў калону, першы шэраг трымаў банер "А КОРОЛЬ ТО ГОЛЫЙ", запалілі 2 фаера і калона рушыла да праспекта Незалежнасці і далей па праспекце ў бок плошчы Незалежнасці. У калоне ішло не менш за 80 чалавек.

7. У 19:31 і 19:33 супрацоўнікі праваахоўных органаў у грамадзянскім адзенні вырвалі з рук ўдзельнікаў фаеры і загасілі іх аб асфальт. У 19:35 падчас пераходу дарогі на святлафоры супрацоўнікі ў грамадзянскай форме адзення спрабавалі вырваць банэр і гукавую калонку, пачалася цісканіна пасярод праезнай часткі, адна з удзельніц ўпала. Была пашкоджана тэхніка журналістаў "Радыё Свабода".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства