viasna on patreon

“Выбары як палітычная кампанія ў дзяржаўных медыя адсутнічалі” — вынікі маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў-2019

2019 2019-11-28T16:27:36+0300 2019-11-28T16:27:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/_dsc0929_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала выніковую справаздачу  маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года.

Кіраўнік групы маніторцаў спадар Алесь Анціпенка адзначыў, што выбары як палітычная кампанія ў дзяржаўных медыя адсутнічалі.

Галоўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу ў дзяржаўных медыя былі не людзі, а Цэнтральная выбарчая камісія, выбарчыя камісіі і выбарчыя ўчасткі.

“А электарат быў адным з маргінальных суб’ектаў, — заўважае спадар Анціпенка. — Калі ж пачалося датэрміновае галасаванне, дзяржаўныя медыя проста “выбухнулі” інфармацыяй пра выбары, але ўсё зводзілася да агітацыі датэрмінова галасаваць. Выбаршчыкаў жа прэзентавалі ананімна і калектыўна. Жывыя галасы гучалі дастаткова рэдка. Ананімная рэпрэзентацыя ўдзельнікаў выбарчага працэсу — адна з асаблівасцяў асвятлення выбарчага працэсу ў дзяржСМІ".

Што тычыцца недзяржаўных медыя, то маніторцы адзначаюць абсалютна іншы падыход: гэтыя медыя пазбягалі ананімных рэпрэзентацый, паказвалі і апазіцыйных, і праўладных кандыдатаў.

Анціпенка прывёў прыклад TUT.BY: калі ў пачатку маніторынгу на партале было зафіксавана сем згадак прозвішчаў кандыдатаў, то напрыканцы маніторцы зафіксавалі ўзгадванне 90 кандыдатаў.

“Я не хачу ідэалізаваць недзяржаўныя медыя, магу толькі сказаць, што яны былі стрыманымі ў асвятленні. А вось ў дзяржаўных СМІ беларускія незалежныя назіральнікі былі аб’ектамі інфармацыйных атак. І тыя ацэнкі, якія далі дзяржаўныя медыя назіральнікам, могуць паўплываць на больш жорсткае стаўленне ўладаў да іх падчас наступных выбарчых кампаній.

Я не выключаю, што беларускія незалежныя назіральнікі могуць сутыкнуцца з праблемамі ў будучым, бо яны псуюць карціну дэмакратычных выбараў, якую паказваюць назіральнікі ад праўладных структур, ад СНД", — гаворыць Алесь Анціпенка.

У гэтай парламенцкай кампаніі добра заўважнымі былі БРСМ, “Белая Русь”, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — ад гэтых структур былі і кандыдаты, і назіральнікі.

Задача маніторцаў палягала ў тым, каб звярнуць увагу журналістаў на неабходнасць поўна і аб’ектыўна інфармаваць выбаршчыкаў, быць незаангажаванымі, трымацца прынцыпаў міжнароднай прафесійнай этыкі і стандартаў.

Кіраўнік ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец нагадаў прысутным, што фонам у перыяд правядзення парламенцкіх выбараў разглядаліся ў судзе пазовы аб абароне гонару і годнасці старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча да інтэрнэт-рэсурсаў «Белорусский партизан», 21.by і «Вечерний Бобруйск». Працягваецца пераслед, маральны ціск на блогера з Акцябрскага Андрэя Павука.

Поўны тэкст маніторынгу і ілюстрацыі ТУТ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства