Дызлайк і… пратакол за распаўсюд нацысцкай сімволікі
Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складзены на дрыбінскага актывіста Руху “За Свабоду” Андрэя Юркова. Падставай для гэтага паслужыў дызлайк, які актывіст паставіў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад матэрыялам, дзе пазначана, што пад нацысцкім сцягам знішчана 35 мільёнаў савецкіх грамадзян.
“Юркоў А. знаходзячыся ў Дрыбіне, у перыяд часу з 26 верасня па 19 лістапада 2019 года, з’яўляючыся карыстальнікам сацыяльнай сеткі “Однокласснікі”…. размясціў у стужцы інфармацыйную прадуцыю, унесеную у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, што дазваляе… свабодна яе распаўсюджваць” – пазначана ў пратаколе правапарушэння.
Прадугледжаная адказнасць па частцы 2 арт. 17.11КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
“Во блін! Думаў, выбары скончыліся. А тут на табе, пратакол! Шыюць распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі. На “Аднакласніках” у стужцы паставіў дызлайк пад матэрыялам, дзе пазначана, што пад нацысцкім сцягам знішчана 35 мільёнаў савецкіх грамадзян”, - выказаўся Юркоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Нагадаем, такое правапарушэнне цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння або без канфіскацыі, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.