viasna on patreon

Берасце: праціўнікаў акумулятарнага завода будуць судзіць

2019 2019-11-29T14:10:05+0300 2019-11-29T14:29:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/001_femida_3_102.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна Брэста разгледзіць пратаколы, складзеныя ў дачыненні да двух праціўнікаў акумулятарнага завода.

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце падчас парламенцкай кампаніі. Перад судом паўстануць Андрэй Сліж (10 снежня) і Аляксандр Марачэўскі (12 снежня).

Як паведаміў БелаПАН  Сліж, 29 лістапада ў Ленінскім РАУС Брэста ім выпісалі позвы ў суд на падставе складзеных у дачыненні да іх 27 лістапада ў гэтым райаддзеле пратаколаў па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).

«Міліцыя палічыла несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам 25 кастрычніка ў Брэсце на вуліцы Савецкай перадвыбарчы агітацыйны пікет кандыдата ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах актывісткі« Еўрапейскай Беларусі» Паліны Шaрэнда-Панасюк, - сказаў Сліж. - Бо ў перадвыбарчай праграме Шaрэнда-Панасюк было патрабаванне зачыніць акумулятарны завод пад Брэстам, мы раздавалі на гэтым пікеце інфармацыйныя матэрыялы з лагатыпам «Стоп завод» аб шкодным уздзеянні свінцу на арганізм чалавека».

Сліж лічыць прыцягненне яго і Марачэўскага да адміністрацыйнай адказнасці чарговай спробай націснуць на актывістаў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода.

«24 кастрычніка Шарэнда-Панасюк была пазбаўленая рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты выбарчай камісіяй Брэсцкай-Заходняй акругі № 1. Гэта рашэнне Шарэнда-Панасюк абскардзіла і да разгляду скаргі заставалася ў статусе кандыдата ў дэпутаты, таму яе пікет 25 кастрычніка быў законным», - заявіў Сліж .

Ён нагадаў, што на выбары ў парламент вылучалі свае кандыдатуры чатыры праціўнікі завода, аднак толькі адзін быў зарэгістраваны - Уладзімір Мароз. Траім ў рэгістрацыі было адмоўлена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства