Блогер Шэры Кот пайшоў па позве ў Аршанскі РАУС і не вярнуўся Дакумент
Актывіст Дзмітрый Казлоў, вядомы як блогер Шэры Кот быў выкліканы позваю да старшага ўчастковага Оршанскага РАУСа Лілія Трушко 30 лістапада на 9 гадзін раніцы ў якасці “ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу”. Пазней стала вядома, што з аддзялення міліцыі ён патрапіў у ізалятар часовага ўтрымання, да суду.
Вядома, што за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве "Сустрэчы свабодных людзей" на плошчы Свабоды ў Мінску 16 лістапада на яго быў складзены пратакол правапарушэння па частцы 1 арт. 23.34 ч.1 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
На 6 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска прызначаны разгляд ягонай адміністрацыйнай справы. Які быў сэнс затрымліваць яго да суда ў Воршы пакуль незразумела.
Па звестках праваабаронцаў, напачатку снежня прызначана больш за 20 судоў над удзельнікамі акцый і мітынгаў. Яшчэ на некалькі чалавек складзены пратаколы правапарушэнняў.