«Задушаная голымі рукамі». У Мінску пікетавалі супраць хатняга гвалту Фота Відэа
Актывісткі ініцыятыўнай групы «Маршыруй, дзетка!» упершыню правялі пікет за прыняцце закону супраць хатняга гвалту, паведамляе belsat.eu. Акцыя адбылася ў мінскім парку Дружбы народаў. Удзельнікі зачытвалі гісторыі ахвяраў хатняга гвалту і ставілі подпісы за падтрымку закону, які мог бы абараніць тых, хто пакутуе ад збіцця і гвалту дома.
«Ударыў малатком па галаве не менш за 8 разоў, паклаў ейнае цела ў валізу і вывез у лес»
28 снежня ў парку Дружбы народаў зʼявіўся памаранчавы абутак з біркамі, на якіх былі пазначаныя розныя прычыны смерці – «задушаная дротам ладавальнай прылады» або «забітая сякерай пасля пераследу», стаялі фігуры, якія паказвалі сцэны гвалту над чальцамі сямʼі, а побач з месцам правядзення пікету была машына хуткай дапамогі. На гэткім фоне ўдзельнікі пікету чыталі гісторыі людзей – ахвяраў гвалту, якіх з намі ўжо няма.
Усяго гісторыяў было 55: столькі чалавек загінула ад хатняга гвалту толькі за першае паўгоддзе 2019 года ў розных раёнах Беларусі. Штогод статыстыка канстатуе толькі рост колькасці ахвяраў.
«Гэта рэальныя гісторыі людзей, якія загінулі праз гвалт. Гэтых смерцяў можна было пазбегнуць, калі б працаваў закон супрацьдзеяння хатняму гвалту», – кажа актывістка Святлана Гатальская.
Людзі актыўна падпісвалі петыцыю за прыняцце закону супраць хатняга гвалту. Адметна, што подпісы ставілі як удзельнікі пікету, гэтак і звычайныя мінакі.
«Я лічу, што гвалт у сямʼі потым такім мультыплікацыйным эфектам ідзе далей і далей. І гэтае заганнае кола трэба раней ці пазней скончыць», – кажа Лявон, які паставіў подпіс на падтрыманне закону.
Некаторыя з тых, хто пакінуў подпіс, скептычна ставяцца да тэмы псіхалагічнага, эканамічнага ды іншых відаў гвалту. Частка людзей выказвала думку, што ў нас у дзяржаве яшчэ не навучыліся змагацца з фізічным гвалтам, а пра іншыя віды пакуль нельга нават і размаўляць.
«Я асабіста, з фізічным гвалтам не сутыкалася, толькі за вушы ў дзяцінстве цягалі. А да гэтых пытанняў – псіхалагічны, эканамічны гвалт – нашыя людзі няхутка дойдуць», – кажа ўдзельніца акцыі Наталля.
«Мы супраць любых відаў гвалту»
Пра актуальнасць праблемы сведчыць тое, што за апошнія паўтара года актывісткі падалі 38 (!) заяваў на правядзенне маршу, флэш-мобаў, пікетаў. І на ўсё атрымлівалі адмовы. Толькі цяпер упершыню ім дазволілі пікет.
Актывістка Святлана Гатальская, адна з арганізатарак акцыі, не ведае, чаму ім не дазвалялі праводзіць акцыяў раней. Іх чамусьці лічаць апазіцыйным рухам, але арганізатары заяўляюць, што гэта не так.
«Мы не хочам ісці ўразрэз з дзяржаваю. Мы хочам, каб нас слухалі і чулі афіцыйна. Бо гэтая тэма не палітычная», – цвердзіць Гатальская.
На пікеце прысутнічалі прыблізна 50 чалавек. Наступная акцыя пройдзе 29 снежня а 12:00 у Кіеўскім скверы Менску.