viasna on patreon

"Навагоднія суткі". Падтрымай паштоўкай тых, хто выходзіў за незалежнасць Фота Дапоўнена

2019 2019-12-31T14:19:00+0300 2019-12-31T14:25:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pashtouku_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па ўсёй Беларусі працягваюцца снежаньскія акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Паралельна судзяць актывістаў і актывістак, якія ўдзельнічаюць у гэтых акцыях, тым самым публічна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю і рэалізуюць права на мірны сход. За гэтыя акцыі асудзілі ўжо больш за трыццаць чалавек. Некаторыя сустрэнуць Новы год «на сутках», некаторыя будуць вымушаныя выплаціць буйныя штрафы.

akcyj_78.jpg
Акцыя 7 снежня. Фота: "Радыё Свабода"

Па стану на 29 снежня, пакараныя адміністрацыйным арыштам па артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) адзінаццаць чалавек. Гэтыя людзі рэалізоўвалі свае канстытуцыйныя правы. Усе, акрамя гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага і аршанскага блогера Дзмітрыя Казлова, адбываюць пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Прапаноўваем падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі.

АДРАС ДЛЯ ПАШТОВАК:

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў

г. Мінск, 220089,
завулак 1-й Акрэсціна, 36

ХТО ТРАПІЎ ПАД РЭПРЭСІІ? 

1) Палітык, пісьменнік, сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Ён быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу каля ўласнага дома. Асуджаны судом Савецкага раёна г. Мінска 18 снежня да 15 сутак арышту, але адправілі ў ЦІП адбываць пакаранне толькі 26 снежня.

Выйдзе на волю 10 студзеня.


2) Кіраўнік "Маладога Фронту" Дзяніс Урбановіч.

Вядома, што яго асудзілі 18 снежня да 15 сутак арышта. Як і пры якіх умовах адбылося затрыманне — невядома. Пра тое, што адсутнічае сувязь з маладафронтаўцам паведаміў Севярынец.

Выйдзе на волю ў другі дзень 2020 года — 2 студзеня.


3) Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі.

Яго затрымалі 18 снежня. Пра гэта ён ледзь паспеў паведаміць журналістам "Радыё Свабода". Завезлі ў РУУС, склалі пратакол і ў той жа дзень асудзілі да 15 сутак арышту. 

Выйдзе на волю, як і Урбановіч, 2 студзеня 2020 года.


4) Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Яўген Афнагель.

Пры невядомых умовах быў затрыманы і асуджаны за пратэстныя акцыі і Яўген. Яго, як і папярэдніх актывістаў, пакаралі 15-суткавым арыштам.

Выйдзе на волю 2 студзеня.


5) Актывіст Legalize Belarus і "Моладзевага блоку" Стас Шашок.

Стас быў затрыманы ўвечары 26 снежня ў пад'ездзе ўласнага дома. Пасля ночы ў ЦІП, суд Маскоўскага раёна г. Мінска асудзіў яго за ўдзел у акцыі 7 снежня на 15 сутак арышту.

Выйдзе на волю 10 студзеня.


6) Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў.

За некалькі гадзін 27 снежня суд Першамайскага раёна г. Мінска паспеў асудзіць Леаніда ажно за тры акцыі пратэсту: 7, 8, 20 снежня. Публічнае выказванне свайго меркавання супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй каштавала яму 10 сутак і 100 базавых штрафу (прыкладна 1200 даляраў).

Выйдзе на волю 6 студзеня.


7) Блогер, аўтар уoutube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі.

Яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ 27 снежня на ўскрайку Жлобіна, калі блогер ехаў на здымкі ў Мінск. Ён вёў стрым свайго затрымання. Праз некалькі гадзін суд Савецкага раёна г. Гомеля вырашыў пакараць Сяргея па артыкулу 23.34 КаАП на 15 сутак арышту. Адбывае пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання Гомельскага аблвыканкама: 246027, г. Гомель, вул. Міжгародняя, 26.

Выйдзе на волю 11 студзеня.


8) Сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Вядома, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго ўвечары 26 снежня.

Пасля ночы ў ІЧУ, суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакараў яго 15-суткавым арыштам.

Выйдзе на волю 10 студзеня.


9) Актывіст "Маладога Фронту" Максім Урбановіч.

Ён быў затрыманы 27 снежня. Пра гэта таксама дазналіся не адразу. У той жа дзень яго асудзілі паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) да 15 сутак арышту.

Выйдзе на волю 11 студзеня.


kazlou_zmicer.png

10) Блогер "Шэры кот" Дзмітрый Казлоў.

Быў затрыманы 26 снежня і асуджаны да арышту за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. Праваабаронцы даведаліся пра яго арышт толькі 30 снежня, калі над Дзмітрыем Казловым павінен быў адбыцца суд у Мінску. Дасылаць віншавальныя паштоўкі ў ізалятар часовага ўтрымання можна па адрэсе: вуліца Энгельса 19-25, Орша, 211030

Cтала вядома, што суд Аршанскага раёна асудзіў яго на 15 сутак.

Выйдзе на волю 9 студзеня.


Суткамі арышту пакараная таксама актывістка Алена Талстая. Суддзя Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Мотыль, якая асудзіла да "сутак" і Стаса Шашка, прысудзіла Алене 5 сутак арышту і 50 базавых штрафу (1275 рублёў). Яе арыштавалі ў залі суда. Алена абвясціла галадоўку. 

Выйдзе на волю 31 снежня.


"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Мы падрыхтавалі інструкцыю, для тых, хто хоча напісаць зняволеным, але не ведае з чаго пачаць. Як пісаць лісты ў месцы зняволення, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі — у нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства