Вярхоўны суд разгледзіць скаргу на прысуд Дзмітрыя Паліенкі
Былы палітвязень Дзмітры Паліенка распавёў сайту palitviazni.info, што разгляд яго касацыйнай скаргі на рашэнне Мінскага гарадскога суда адбудзецца 14 лютага ў Вярхоўным судзе.
Пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, але затым гэты пратэст пракурор адклікаў. Дзмітры Паліенка таксама абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда.
“14 лютага Вярхоўны суд павінен разглядзець маю апеляцыйную скаргу, – кажа суразмоўца. – Мяркую, што цуда не здарыцца, а таму, калі вышэйшая інстанцыя пакіне рашэнне Мінскага гарадскога суда ў сіле, то з гэтага ж дня я пачну адбываць пакаранне. Маральна ўжо рыхтуюся да “хатняй хіміі”…”
Нагадаем, што Дзмітрыя Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
“Я не чакаю, што рашэнне адменяць, а значыцца тэрмін адбыцця пакарання на “хатняй хіміі” для мяне пачнецца з 14 лютага”, – кажа суразмоўца.
Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"